Пяцігадовая дзяўчынка ў Гомелі, якая была адна дома, выйшла на балкон дзявятага паверха і стала ў адкрытым акне. Нераўнадушныя мінакі выклікалі ратавальнікаў.
Выпадак адбыўся на вуліцы Кожара ўвечары ў аўторак. Адзін ратавальнік падняўся на дзявяты паверх і ўбачыў, што ўваходныя дзверы ў кватэру зачынены. Тады ён пачаў наладжваць кантакт з дзяўчынкай праз дзверы. У нейкі момант яна адышла ад расчыненага акна. Тут жа ў кватэру па аўталесвіцы праз акно трапіў другі ратавальнік.
Аб тым, што здарылася, супрацоўнікі МНС тут жа паведамілі маці. Аказалася, што яна, выходзячы з дома, папрасіла паглядзець за дзяўчынкай і дзевяцігадовым хлопчыкам сваю старэйшую сястру. Але яна таксама некуды пайшла. А пасля гуляць пайшоў хлопчык. "Ланцужок" адказных скончыўся — і так малая засталася дома адна.
Ратавальнікі дачакаліся прыходу маці.
— Кожны выпадак, калі дзеці застаюцца без нагляду дарослых, мы расцэньваем як надзвычайную сітуацыю, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік ведамства Віталь Навіцкі.
Нагадаем, што 10 ліпеня трагедыя па аналагічным сцэнарыі ледзь не разыгралася [4] ў Мінску: пяцігадовы хлопчык, які таксама быў адзін дома, вываліўся з акна сёмага паверха. Малога паспелі злавіць у коўдру, ад падзення ён атрымаў траўмы.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] http://zviazda.by/be/news/20180710/1531200507-u-minsku-pyacigadovy-hlopchyk-zvaliusya-z-syomaga-paverha-yago-zlavili
[5] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[8] https://zviazda.by/be/tags/mns