На мяжы рэальнасці
У серыі «Пункт адліку» ў 2017 годзе выйшла дэбютная кніга Зараславы Камінскай «Русалкі клічуць». У 2018 годзе кніга атрымала прэмію «Дэбют». Прэмія, мабыць, і завышае ўзровень аўтарскага дэбюту, праз што можна пачуць, што аўтарка «не дацягвае». Але тут ёсць і тое, што паказвае: Зараслава Камінская можа зрабіць нешта значнае ў літаратуры.
«Русалкі клічуць» — пра русалак, што пазначана ў назве, і пра мастачку Алену Кіш, пра якую часцей за ўсё кажуць, калі ўспамінаюць гэтую кнігу. Але, разам з тым, гэта прывабная гульня, прыгожа выбудаваная гісторыя, у якой няма лішняга. Аўтарка бярэ беларускі караткевічаўскі рамантызм, якім дагэтуль так захапляюцца, і стварае на яго аснове сучаснасць. Ці не спроба гэта вырвацца з шэрагу настальгічнай літаратуры?
Часта аўтары спрабуюць ўкладаць у свае творы думку «Любіце нашу культурную спадчыну». І гэтая «спадчына» застаецца абагульненай неакрэсленай ідэяй, хаця і ўзнёслай, але эфемернай. Палюбіць ідэю — складана. Чытач можа палюбіць нешта ачалавечанае, прыземленае і матэрыяльнае. А што можа быць больш матэрыяльным і прыземленым, чым людзі? Эмоцыі выклікаюць не ідэі, а людзі. І не палюбіць Алену Кіш вельмі цяжка.
Зараслава Камінская напісала містычна–дэтэктыўную кнігу на аснове міфалогіі і гісторыі. Выдатна, што аўтарка змагла адлюстраваць мадэль народнага мыслення, у якім хрысціянства натуральна спалучаецца з язычніцтвам, а ўяўленне пра русалак — з нацельным крыжыкам, што ратуе ад погані. Так з гэтага русалкі перастаюць быць вобразам фальклору і становяцца часткай аб’ектыўнай рэальнасці мастацкага твора.
Нягледзячы на містычныя элементы, вызначальны напрамак твора — рэалістычны. У аўтаркі атрымалася стварыць гэты рэалізм праз бытавыя дэталі. Але часта не хапае канкрэтнасці і прывязак да месцаў, не хапае дэталей для стварэння канкрэтнай вёскі ў канкрэтным месцы Беларусі.
Дзеянне кнігі разгортваецца ў двух хранатапічных пластах: у гарадской сучаснасці і ў пасляваеннай вёсцы. Сувязь між імі рэалізавана ў дэтэктыўным сюжэце. Гэтыя складнікі хранатопу запаралеленыя і раскрываюцца адзін праз аднаго. Чым бліжэй да канца твора, тым ярчэйшым становіцца пласт мінулага, побач з ім зусім ужо блякне сучаснасць, якая спачатку была хоць і не радаснай, але жывой. І гэта можна трактаваць як адлюстраванне ў тэксце дэпрэсіўнага стану гераіні: пражыванне мінулага лепш, чым пражыванне сучаснасці. Тое ж можна сказаць у дачыненні да твораў многіх іншых беларускіх аўтараў. Але Камінская паглыбляецца ў мінулае настолькі, што страчвае кантроль над падзеямі сучаснасці, праз што мы атрымліваем слабаваты фінал.
Форма твора заслугоўвае асобнай увагі. Так, у наяўнасці «кліпавая» падача інфармацыі (з уключэннем асабістых паведамленняў), праз гэтую форму добра рэалізуецца сюжэт. Кніга завяршаецца лістом галоўнай гераіні, якая, у той жа час, аказваецца ўмоўным аўтарам аповесці. Апошні фрагмент выварочвае тканіну твора, задаючы новы кантэкст.
Шмат якія дэбютныя тэксты маюць адну і тую ж праблему: недапрацаваны псіхалагізм. Героі ў такіх творах паводзяць сябе не так, як вынікае з іх характараў, вобразаў і бэкграўнду, а так, як неабходна аўтару, каб рухаць сюжэт. Часцей за ўсё менавіта па гэтай прыкмеце «маладая» проза адрозніваецца ад «сталай». Мы не можам не задаваць пытанні: чаму галоўная гераіня кідаецца кудысьці ехаць з малазнаёмым хлопцам? Чаму мы толькі чытаем пра дэпрэсію, але не бачым яе, чаму не адбіваецца душэўны стан на паводзінах гераіні? Можна згадаць і не самыя моцныя дыялогі, у якіх удзельнічае Алесь. Тым не менш, ідэя рэалізаваная.
Дарэчы, у тэксце Камінскай можна ўбачыць штосьці амаль стральцоўскае ў стылістычным падыходзе. Яшчэ, праўда, празмерна шматслоўнае ў вобразным рашэнні, вучнёўскае, але з абяцаннем на будучыню. Аўтарка здольная ствараць яркія, рэчыўныя, пазнавальныя вобразы: пакеты, якія падобныя да пельменяў, партрэт кватэрнай гаспадыні, старая, пакрытая тлушчам, пліта. Апеляцыя да рэчаў, якія знаёмыя ўсім, — ход тыпова масавай літаратуры, але тут можна ўбачыць большае: назіральнасць аўтаркі. З гэтай прычыны сустракаецца ў тэксце мноства метафар і параўнанняў — ёмістых і разгорнутых. На гэтым і трымаецца стылістыка Зараславы Камінскай, простая, але ў той жа час не пазбаўленая вытанчанасці, са спробаю падагнаць класічныя прыёмы пад сучаснасць. Парадавала ўключэнне ў тэкст сучаснага слэнгу і жартаў: «гадзіннічкі цікаюць» — можна не паспець пагуляць з імі.
Праца Зараславы Камінскай з тэкстам выклікае калі не захапленне, то добразычлівае стаўленне да яе таленту. Можна чапляцца да некаторых нюансаў персанажнай, сюжэтнай логікі — ёсць да чаго. Але прыдзірацца залішне я не хачу: усё–такі гэта збольшага тыя шурпатасці, якія і ўласцівыя дэбютным работам і ад якіх вельмі часта нікуды не дзенешся.
Святлана КУРГАНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-kurganava
[3] https://zviazda.by/be/tags/zaraslava-kaminskaya