Міхаіл Пташук — трыумфатар беларускага кіно. Выстаўка «Летапіс вайны ў фільмах Міхаіла Пташука» прысвечана юбілею беларускага рэжысёра. У гэтым годзе Міхаілу Мікалаевічу магло б споўніцца 75 гадоў. Экспазіцыя працягвае цыкл «Літаратура ў мастацтве» Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, на гэты раз выстаўка адлюстроўвае гісторыю стварэння выдатных фільмаў «Час выбраў нас» (1978), «Вазьму твой боль» (1980), «Знак бяды» (1986), «У жніўні 44-га...» (2000).
Нарадзіўся Міхаіл Мікалаевіч Пташук у 1943 годзе ў вёсцы Федзюкі, што ў Ляхавіцкім раёне. У гэты час родная вёска рэжысёра была акупаваная немцамі. Яго асяроддзе заўсёды казала, што будучы вялікі рэжысёр прыйшоў у свет «пад знакам бяды». Асабліва папулярным гэты выраз стаў пасля таго, як Міхаіл Мікалаевіч зняў фільм па аднайменным творы Васіля Быкава.
Да прафесіі рэжысёра Міхаіл Пташук цягнуўся з ранняга ўзросту. 26 ліпеня 1963 года ён напісаў у сваім дзённіку чырвоным алоўкам, быццам крывёю: «Ужо 20 гадоў. Зрабіў мала. Імкнуся. Буду рэжысёрам прафесійнага тэатра, паеду вучыцца да Сяргея Герасімава. Гэта маё слова». Гэтае слова ён стрымаў, але часткова. Будучы рэжысёр паехаў не да Герасімава, а ў Вахтангаўскае вучылішча, пасля чаго паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР і пачаў свой шлях у кінарэжысуры.
Тэма вайны ў фільмах Міхаіла Пташука
Ваенная тэматыка — адна з галоўных у творчасці Міхаіла Пташука. Пра гэта на адкрыцці выстаўкі распавёў Вячаслаў Нікіфараў, беларускі кінарэжысёр, памочнік генеральнага дырэктара па творчых пытаннях Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»:
— Тэма вайны ў традыцыйным увасабленні вычарпала сябе. І такія фільмы, як «Знак бяды» ці «У жніўні 44-га...», паставілі на ёй кропку. Аднак такія канфлікты, як «чалавек і вайна», «вайна і свет», будуць у драматургічным сэнсе існаваць столькі, пакуль чалавецтва не навучыцца вырашаць усе канфлікты без зброі. Гэтая тэма невычэрпная. І не толькі таму, што нацыя, якая не памятае свайго мінулага, не мае будучыні. І не толькі таму, што яшчэ жывыя ветэраны, а ветэранамі вайны трэба лічыць і людзей, чыё нараджэнне і дзяцінства прыпала на гэтыя гады. Таму што ўсе гэтыя трагічныя рытмы ішлі праз дзіцячыя сэрцы, праз лона маці, якія выношвалі іх у час вайны. Менавіта да такога пакалення належыць Міхаіл Мікалаевіч. Пакуль жывая народная памяць, гэты канфлікт для нас, для Беларусі будзе мець вызначальнае значэнне.
У традыцыйным увасабленні тэма вайны сапраўды закрыта, таму што так, як яе раскрываў Клімаў, а ўслед за ім і Пташук, кажучы проста, немагчыма зрабіць лепш і мацней. Там залімітавая гарачыня, якая проста абавязвае і дазваляе шукаць нейкія новыя падыходы, сродкі выяўлення. Абавязвае кінематаграфістаў задавацца пытаннем: дзеля чаго цяпер гаварыць пра вайну? У геніяльных фільмах Пташука ёсць і запал, і эмоцыі, і пачуцці, і перажыванні. Ёсць чалавечая драма. Таму што ў яго фільмах заўсёды ў цэнтры чалавек.
Кажуць, твор мастацтва не можа быць разумнейшы і багацейшы за яго стваральніка. Гэта справядліва. Але, каб даведацца пра асобу Міхаіла Пташука, варта паглядзець яго фільмы. Там і ўбачыце пачуцці, запал і мудрасць. Фільмы жывуць даўжэй за іх стваральнікаў, і ў гэтым ёсць нейкі глыбокі сэнс. Чалавек цэніцца па справах. Менавіта таму мы ўсе лічым Міхаіла Мікалаевіча адным са светачаў беларускай культуры ў кіно.
«У фільмах Пташука няма фальшу»
— Безумоўна, у гісторыі мастацтва кожнага народа існуюць такія знакавыя фігуры, без якіх немагчыма належным чынам асэнсаваць, зразумець тую ці іншую культурную з’яву ці эпоху. Пташук увасабляе дух эпохі, у якой і якой жыў. Яго фільмы — безумоўнае сведчанне той яркай мастацкай суб’ектнасці, беларускай суб’ектнасці , якой ён служыў усё жыццё. Кантэкст яго творчасці арыентаваны на фундаментальныя, універсальныя рэчы, — адзначае Ігар Марзалюк, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, гісторык і археолаг.
Фільмы, абраныя для гэтай выстаўкі, распавядаюць пра людзей, якія знаходзяцца перад выбарам, на мяжы жыцця і смерці. У чалавека заўсёды ёсць толькі два выбары: на карысць дабра альбо, магчыма, утульнасці, сытасці, ды подласці.
Пташук імкнуўся мастацкімі сродкамі дасягаць таго, што ў Арыстоцеля называецца катарсісам. Таго, без чаго мастацтва не мае сэнсу. Бо мастацтва, не арыентаванае на чалавека, бессэнсоўнае. Мастацтва, якое не шукае сэнсаў, якое не хоча праз чалавека паказаць самае важнае, што ў ім ёсць, нікому не патрэбна. У Пташука заўсёды былі пошук, творчасць і вялізарная павага да свайго і сваіх — а значыць, да ўсіх людзей. Той, хто не любіць сваё, не можа любіць і іншага. У гэтых фільмах няма фальшу. І гэтыя фільмы — сведчанне тых высокіх планак, якія ў свой час браў «Беларусьфільм».
Супрацоўнічаць з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» Міхаіл Пташук пачаў у 1974 годзе. Галоўным саратнікам рэжысёра заўсёды была яго жонка Лілія, якая ўслед за мужам пайшла на кінастудыю працаваць рэдактарам. Яна ж была і галоўным крытыкам рэжысёра. Пасля трагічнай смерці Міхаіла Мікалаевіча жанчына рупліва захоўвала памяць пра яго: выдавала кнігі, «прабівала» назву вуліцы ў імя мужа.
Як здымалі «Знак бяды»
Але галоўная памяць пра выдатнага беларускага рэжысёра застаецца, безумоўна, дзякуючы яго фільмам. Пра тое, як здымалася асаблівая для Міхаіла Пташука карціна «Знак бяды» па аднайменнай аповесці беларускага пісьменніка Васіля Быкава, распавяла Таццяна Логінава, якая на здымачнай пляцоўцы працавала галоўным аператарам:
— Фільм выйшаў на экраны ў 1986 годзе. Міхаіл Пташук і здымачная група хацелі, каб у фільме абавязкова здымаліся беларускія акцёры, таму што карціна запускалася як нацыянальны праект. І на галоўную жаночую ролю — Сцепаніды — спрабаваліся некалькі беларускіх актрыс, у тым ліку і вядомая беларуская артыстка Таццяна Мархель. У павільёне мы рабілі пяць пробаў — доўга, улічваючы, што на кожную пробу ідзе два-тры гадзіны. За гэты час мы зразумелі, што патрэбна іншая артыстка.
Тады асістэнт па акцёрах запрасіў з Масквы Ніну Русланаву. І адбыўся нейкі цуд. Яна зайшла ў грымёрную, сама сабе зрабіла грым, сама абрала вопратку, хустку на галаву завязала. Калі яна ўвайшла ў павільён, уся група зразумела, што ўвайшла менавіта Сцепаніда. Потым яе пробы паглядзеў сам Васіль Быкаў і сказаў, што Русланава падыходзіць на ролю ідэальна. Яна цудоўна ў яе ўжылася. Актрыса насіла вопратку сваёй гераіні, ела ў ёй, спала. Яна яе ўсю абжывала, каб нават пах застаўся. Пад пазногці спецыяльна заганяла бруд. Драпіны малявала, перабінтоўвалася. У той час яна яшчэ была маладой жанчынай з лёгкай паходкай, а тут ад яе патрабавалася зусім іншае, таму яна пачала перавальвацца як качка. Ніна Русланова — гарманічная актрыса, якая адразу ўжылася ў вобраз.
Самай складанай для здымак стала сцэна пажару. Здымка была адказная, таму задзейнічалі тры камеры. Логінава працавала як галоўны аператар, таму яе камера была асноўнай. Для другой камеры запрасілі аператара Дзмітрыя Зайцава: ён здымаў на спецыяльным пад’ёмніку — верхняй кропцы для кадраў з дымам. Каля трэцяй камеры стаяў сам Пташук. Для здымкі гэтай сцэны нам трэба было спаліць цэлую дэкарацыю. Гэта была сапраўдная хата, мастак сам прыбудоўваў да яе хлеў, калодзеж, нейкія дробныя пабудовы. Усе разумелі: калі здымаць, то адразу, таму што потым гэтыя дэкарацыі зноўку не пабудуеш. І вось падпалілі дом, пачалі здымаць, а асноўная камера не ўключылася. Механік спрабаваў нешта зрабіць, але сам вельмі хваляваўся, адчувалася нервовае напружанне. Так і знялі — без асноўнай камеры. Самыя цікавыя кадры, на думку Таццяны Логінавай, атрымаліся ў Зайцава: у яго бок дзьмуў вецер, ішлі клубы дыму, гарэў агонь — вельмі эфектна. А сам ён на гэтай здымцы ледзь не згарэў, таму што на пад’ёмніку была высокая тэмпература. Астатнія кадры зняла камера Пташука. — Калі рэжысёр даведаўся, што асноўная камера не здымала эпізод, — узгадвае Таццяна Дзмітрыеўна, — ну і наслухаліся ж мы з механікам розных слоў пра сябе!
Усё дзеля прафесіі
Такім ён і быў — апантаным сваёй прафесіяй рэжысёрам, які аднолькава справядліва ставіўся як да вядомых кіназорак, так і да маладых акцёраў-пачаткоўцаў.
— Тата казаў, што ў гэтай прафесіі трэба быць альбо апантаным і служыць ёй ад пачатку да канца, альбо сыходзіць. На здымачнай пляцоўцы ён быў вельмі патрабавальны. Усё, што датычылася прафесіі, для яго было святым. Ён прысвяціў гэтаму цэлае жыццё. Бацька працаваў з выдатнымі артыстамі, з нашымі зоркамі: Міхаілам Ульянавым, Нінай Русланавай, Аляксеем Пятрэнкам, Генадзем Гарбукам, Марыяй Захарэвіч. Але з ім не ўсе маглі супрацоўнічаць. Ён быў строгі. Для яго не існавала ні рангаў, ні чыноў. Заўсёды радаваўся за сваіх калег. Ніколі нікому не зайздросціў. Для мяне гэта паказчык таленавітага чалавека. Ён рабіў усё дзеля прафесіі, — адзначыла Анжаліка Пташук, дачка Міхаіла Мікалаевіча.
Рэжысёр трагічна загінуў у момант, калі атрымаў сусветнае прызнанне. У красавіку 2002 года ён трапіў у аўтамабільную катастрофу. За дзень да трагедыі Міхаіл Пташук прыляцеў з Галівуду ў Маскву на ўручэнне кінематаграфічнай прэміі «Ніка». У рэжысёра засталося шмат нерэалізаваных планаў. Ён хацеў зрабіць тэлевізійны серыял, з’ездзіць у Мексіку на кінафестываль і, вядома, зняць фільм для Галівуду, які толькі пачаў.
Ксенія ВЯДЗМЕДЗЬ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kseniya-vyadzmedz
[2] https://zviazda.by/be/tags/kino