Раніцай у сераду страшнае ДТЗ адбылося на дарозе Брэст — Камянец — Белавежская пушча паблізу вёскі Радасць. Сутыкнуліся грузавік МАЗ і мікрааўтобус Renault, у якім ехала сям'я — муж, жонка і двое дзяцей.
Сіла ўдару была настолькі моцная, што кабіну мікрааўтобуса скамячыла, нібы яна была зроблена не з металу, а з пластыліну. На месцы здарэння загінулі жонка кіроўцы і іх сын, якому было ўсяго тры гады. Падчас аказання медыцынскай дапамогі памёр і другі сын, пяцігадовы. Кіроўцу Renault урачы паспелі даставіць у Камянецкую цэнтральную раённую бальніцу, але праз некаторы час не стала і яго.
— Па папярэдняй інфармацыі, вадзіцель грузавіка, выязджаючы з другаснай дарогі, не даў перавагу мікрааўтобусу, які ехаў па галоўнай дарозе, — паведамілі ў ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Па інфармацыі Следчага камітэта, адзін з малых знаходзіўся ў спецыяльным дзіцячым крэсле, а другі — на руках у маці, якая была прышпілена.
Заведзена крымінальная справа па пункце 3 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса — парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб.
Валяр'ян ШКЛЕННІК, Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/zdarenni
[5] https://zviazda.by/be/tags/dtz