9 жніўня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі у межах Года малой радзімы адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы «Родны край». Экспазіцыя складаецца з выпускных работ вучняў Слуцкай дзіцячай мастацкай школы, на якіх адлюстраваны архітэктурныя помнікі Беларусі: сядзібы, палацы, цэрквы і інш. Крыніцай натхнення для маладых мастакоў сталі фотаматэрыялы аўтарскага праекта беларускага мастака і дызайнера Уладзіміра Цвіркі.
- Адкрываць для сябе новыя месцы неабсяжнай Радзімы для мастака-дызайнера і рэстаўратара Уладзіміра Цвіркі – адно з любімых заняткаў. Ён аб'ездзіў практычна ўсю сінявокую, сфатаграфаваў амаль усе гістарычныя помнікі і зразумеў, што іх абавязкова павінны ўбачыць не толькі беларусы, але і замежныя госці. Да прыкладу, вёска Смаляны на Віцебшчыне, што ўяўляе з сябе «музей» маляўнічых руін Смалянскага замка, касцёла Панны Марыі, царквы Святога Алексія, - расказалі ў музеі.
Кожны з вучняў Слуцкай дзіцячай мастацкай школы абраў для сябе асобны гістарычны аб'ект і “адрадзіў” яго на палатне. У выніку атрымалася багатая калекцыя цікавых твораў, дзе кожны аўтар праявіў сваё індывідуальнае бачанне, творчы падыход і тэхнічнае майстэрства.
Дар'я СПЕВАК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-gistarychny-muzey