Аб'явы накшталт «пазычу грошы» сёння можна ўбачыць амаль на кожным слупе. Напэўна, такія прапановы: камусьці здаюцца прывабнымі не трэба ісці ў банк, шукаць паручыцеляў. Але не заўсёды такія паслугі аказваюць чыстыя на руку людзі. Пацвярджэннем таму стаў нядаўні факт, выяўлены супрацоўнікамі фінансавай міліцыі.
— Падчас праверкі на прадмет заняцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю стала вядома, што 58-гадовы жыхар Быхаўскага раёна разам са сваёй жонкай і маладой сужыцелькай з красавіка 2013-га да лютага 2017 года давалі грамадзянам грошы пад працэнты і гэтым заманьвалі іх у пастку. Яны прымушалі сваіх кліентаў пісаць распіску, а пасля вяртання доўгу яе не аддавалі і не знішчалі, а, наадварот, пускалі ў справу. Разам са сваімі памочніцамі мужчына звяртаўся ў суды, каб паўторна спагнаць з чалавека грошы, ды яшчэ з працэнтамі, — расказаў падрабязнасці крымінальнай гісторыі намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Магілёўскай вобласці Аляксандр ШАРОЙКІН.
Падчас следства высветлілася, што паслугамі ліхвяра скарысталіся 33 чалавекі. Прыбытак, які ён атрымаў падманным шляхам, склаў больш за
144 тысячы рублёў. Акрамя гэтага, падчас вобыску па месцы жыхарства арганізатара групы знойдзена халодная зброя часоў Вялікай Айчыннай вайны. Мужчына затрыманы. Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь у дачыненні да членаў злачыннай групы распачаты шэраг крымінальных спраў на падставе артыкулаў, звязаных з незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю і махлярствам.
Усіх, хто пацярпеў ад дзеянняў махляроў, просяць звяртацца па тэлефонах: (0222) 41-09-00 (кругласутачна), 41-16-08 (з 9.00 да 18.00).
У тэму
Гэта адна з рэзанансных спраў у сферы эканамічных злачынстваў, якую раскрылі супрацоўнікі УДФР КДК па Магілёўскай вобласці за мінулае паўгоддзе. Але іх нашмат болей.
Як паведаміў Аляксандр СКОРЫ, часова выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, за шэсць месяцаў гэтага года ўпраўленнем па выніках праведзеных праверак дадаткова налічана ў бюджэт 19,7 мільёна рублёў, выяўлена 76 злачынстваў, 37 з якіх аднесены да катэгорыі цяжкіх. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 44 правапарушальнікі, канфіскавана з нелегальнага абароту таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму 6,3 мільёна рублёў, праведзена 708 прафілактычных мерапрыемстваў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni