«Прабач, што ледзь не вылечыў у сабе невылечнага рамантыка,» — гаворыць галоўны герой аднаго вядомага галівудскага фільма. Сапраўды, людзі часам так нагружаюць сябе паўсядзённымі справамі, клопатамі, вырашэннем пэўных праблем, што робяцца зусім неадчувальнымі... да жыцця.
Не так даўно выдаўся ў мяне вольны час — пасля некалькіх таксама добрых паездак, і я з прыемнасцю вырашыла правесці яго ў вёсцы ў бабулі. Цёплы летні дзень удалечыні ад гарадскога шуму — што можа быць лепш? Увечары я маю звычку сесці там на ровар і праехацца па навакольных дарогах. Так зрабіла і гэтым разам, да таго ж час выбрала вельмі ўдала. Вечарэла, адна палова неба была афарбаваная ў прыгожыя ружова-барвовыя маляўнічыя колеры. А з другога боку, удалечыні, над верхавінамі елак ды іншых дрэў на блакітным, злёгку пацямнелым небе ззяла бліскучая срэбная поўня. Я бачыла яе даволі блізка, да таго ж была не абцяжарана вырашэннем пэўных праблем. Але ўнутрана, па інерцыі, я быццам працягвала некуды бегчы. Злавіла сябе на думцы, што не магу расслабіцца. Не атрымлівалася напоўніцу адчуць навакольную прыгажосць.
Падазраю, што многія людзі ў працэсе свайго сталення, няўмольнага абрастання абавязкамі губляюць чуллівасць душы. І нават лічаць гэты працэс заканамерным. Але я цвёрда вырашыла, што сваёй паэтычнай душы пастараюся не даць зачарсцвець. І ў думках звярнулася да Бога, каб ён дапамог мне адчуваць так гарманічна створаную прыгажосць.
Прайшоў і наступны дзень. Увечары я зноў рушыла знаёмым маршрутам па той жа пясчанай дарозе. І, на жаль, ніякіх змен у сабе не заўважыла. Затое ў наваколлі яны былі — гэтым разам заход сонца быў падфарбаваны памаранчавымі адценнямі. Я проста канстатавала для сябе такі факт. Можна ж бачыць — ды не заўважаць.
Трэці дзень, на маю радасць, паказаў, што ўсё-такі час — добры лекар і дарадца ў многіх пытаннях. Трэба проста даць сабе крыху адпачыць. Пачакаць. Выдыхнуць і яшчэ раз набраць поўныя грудзі паветра, каб зноў разам з перапрацаваным кіслародам выйшлі лішнія думкі.
Гэтыя дні ў вёсцы я даволі шмат працавала ў гародзе. Пастаянна піла гарбату на зёлках, седзячы на драўлянай лаўцы пасярод кветнікаў. Зрывала спелыя яблыкі, седзячы на даху, там жа ела іх і глядзела на залітыя сонцам палі. Гэты смак першых летніх яблыкаў для мяне быццам прычасце — і прабачэнне, і прыняцце чагосьці светлага, чыстага, такога сапраўднага. Што хаваць, я шмат спала, нікуды не спяшалася і ні пра што асабліва не думала. Чыстае вясковае паветра, самі ведаеце, надзвычай спрыяе глыбокаму сну. А на раніцу толькі галасісты певень асмельваўся парушыць царства спакою.
І на трэці дзень адбыўся цуд. Пасля абеду, схаваўшыся ад дзённай спёкі ў хаце, я глядзела праз акно на вуліцу. І стары сад нібы пачаў да мяне прамаўляць. Я быццам адчула смак яго яблыкаў, хоць і пакуль што няспелых, раздзяліла прыемны цяжар яго будучага, ужо хуткага ўраджаю, удыхнула салодкі водар саду, бачыла, як ён ружавее і як зелянее. Мяне нарэшце «адпусціла». І ў спрадвечным коле прыроды я стала на сваё месца. Зрабілася добра і хораша. Нікуды не хацелася з'язджаць. Але нават едучы ў горад, я ведала, што забіраю смакі і водары з сабой, што срэбны месяц дзесьці там, ва ўжо паралельным свеце, па-ранейшаму ззяе для мяне і для ўсіх, хто пабачыў таемнасць гэтай цішыні.
Калі гэтым летам у вас яшчэ не было свайго саду, калі не здарылася ніводнай вандроўкі ці дарогі, якая прынесла б палёгку стомленай душы, проста дайце сабе час. Дзесьці там, над гарызонтам, залітым апошнімі праменямі сонца, ужо пачынае ззяць яскравая зорачка. Яна разбудзіць вашага заснулага рамантыка.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt