У гэтыя дні ў майстэрні-музеі народнага мастака Беларусі Івана Міско пабываў касманаўт Алег Навіцкі. Яны абмеркавалі мадэль барэльефа, які ўпрыгожыць будучы абеліск на мінскай вуліцы Касманаўтаў. Адкрыццё шасціметровай стэлы плануюць правесці ў верасні падчас работы Міжнароднага касмічнага кангрэса.
— Фотаздымак з газеты «Звязда» пабываў на арбіце Зямлі ў кабіне касмічнага карабля, — згадаў касманаўт Алег Навіцкі ў майстэрні народнага мастака Беларусі скульптара Івана Міско. Размова адбывалася за сталом, на якім стаялі кубачкі з гарачай гарбатай (па рэцэпце маэстра скульптуры) і ляжалі духмяныя яблыкі (касманаўт прывёз пачастунак з саду маці).
Размаўлялі галоўным чынам пра будучую стэлу. У гэтыя дні Іван Міско завяршае работу над унікальным манументальным партрэтам траіх беларускіх касманаўтаў — на рэльефе кожнага будуць відаць уласныя подпісы саміх герояў. Каб нанесці такі подпіс на яшчэ мяккі матэрыял мадэлі абеліска, Алег Навіцкі быў запрошаны ў майстэрню вядомага скульптара.
Я памятаю, як выглядала гэта майстэрня больш за сорак гадоў таму. У той час малады мінскі скульптар Іван Міско, захоплены тэмай пакарэння космасу, працаваў над партрэтам Юрыя Гагарына. Аднойчы ён запрасіў мяне прыйсці да яго з цікавай нагоды: у госці прыедзе маці першага касманаўта Зямлі. Памятаю, як уважліва ўглядалася Ганна Цімафееўна ў абрысы гіпсавага партрэта, доўга гутарыла са скульптарам пра свайго сына.
Менавіта ў той момант іх сустрэчы я зрабіў гэты здымак. Лёс фота аказаўся ўдалым: пасля шматлікіх публікацый за многія гады ён «даляцеў» да касмічнай арбіты ў складзе невялічкага фотаархіва самых памятных для касманаўтаў фотадакументаў. Потым мой рэпарцёрскі архіў неаднойчы папаўняўся чарговымі фотасюжэтамі — іх герой Іван Міско быў і застаецца верным сваёй галоўнай тэме: стварае ўнікальную калекцыю партрэтаў касманаўтаў. Вось і гэты фотасюжэт расказвае чытачам «Звязды» пра некаторыя падзеі, якія бачыла на сваім вяку старая майстэрня, пра яе гаспадара — сусветна вядомага скульптара і яго славутых гасцей.
З тых далёкіх часоў да непазнавальнасці змяніўся ўнутраны і знешні выгляд майстэрні. Яе «засялілі» партрэты герояў новай эры чалавецтва (дарэчы, не толькі зорных пілотаў). На фасадзе з'явілася выява чалавека ў скафандры, перад уваходам падняліся тры бярозкі, пасаджаныя касманаўтамі-беларусамі.
Дарэчы, з газетай «Звязда» Іван Міско цесна супрацоўнічаў яшчэ ў пачатку сямідзясятых. Будучы «касмічны скульптар» ахвотна рабіў для нашага выдання графічныя партрэты славутых беларускіх працаўнікоў. Гэтыя партрэты разам з заметкамі, якія пісалі звяздоўцы, друкаваліся пад рубрыкай «Зоркі рэспублікі».
Як бачыце, творчы дыяпазон майстра за дзесяцігоддзі прасцёрся ад зорак зямных да касмічных.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-na-trynaccatuyu-0