Гэтыя красоўкі — апошні піск моды ў Амстэрдаме. Стыльныя, зручныя, устойлівыя. Наўрад ці можна падумаць, што іх падэшва зроблена з мяккай жавальнай гумкі, якую адмыслова аддзіралі з галандскіх вуліц. Па незвычайны абутак у мясцовых крамах збіраюцца чэргі.
Прымяніць жуйку ў гаспадарцы вырашылі вытворцы абутку. Тым больш што на вуліцах Амстэрдама, які за год наведваюць 17 мільёнаў турыстаў, гэтай сыравіны зашмат. Па статыстыцы, з маставых горада збіраюць каля 1,5 млн кг жавальнай гумкі штогод, гэтая праблема стаіць на другім месцы пасля праблемы цыгарэтных акуркаў. Паводле справаздачы эколагаў, жуйка раскладаецца даволі доўгі час — у сярэднім 20—25 гадоў. Паводле слоў Гарэзі Септара, вытворцы красовак з гумкі, падэшва з яе каштуе на 20 % даражэй. На адну пару сыходзіць да шасцісот грамаў жавальнай гумкі, таксама патрэбныя іншыя матэрыялы, каб яна была зручнай і не распаўзалася. Яе саскрабаюць з вуліц, разаграваюць і ўвальваюць у цвёрды матэрыял, з якога потым выплаўляюць падэшву з фірмовым «адбіткам». Як расказвае Шакіль Гантэр, дызайнер красовак з жуйкі, на ім — карта Амстэрдама, менавіта ў гэтым горадзе «наскрэблі» матэрыялу. Але што самае пацешнае — красоўкі сапраўды пахнуць жавальнай гумкай.
Адна такая пара каштуе 200 долараў — сярэдняя цана абутку ў Еўропе, але сабекошт красовак вышэйшы, адзначаюць вытворцы. Розніцу дапамаглі кампенсаваць мясцовыя ўлады.
Жыхарка Аўстраліі згадзілася пайсці на першае спатканне з хлопцам у горы, трапіла адразу ў некалькі нявыкрутак і ахрысціла сустрэчу «самым жудасным у свеце спатканнем», паведамляе Thе Mіrrоr.
23-гадовая Сара Уайлі з аўстралійскага штата Квінсленд адправілася са спадарожнікам на гару Цібрагарган. Паводле яе слоў, яна забалбаталася з маладым чалавекам, паслізнулася і схапілася за галіну дрэва. Па гэтай жа сцежцы гулялі трое пажарных, якія вызваліся дапамагчы дзяўчыне. Тая так моцна пашкодзіла руку, што ёй неабходна было накласці некалькі швоў. У працэсе адзін з ратавальнікаў паслізнуўся і вывіхнуў плячо, а затым высветлілася, што яны не былі добра дасведчаныя ў накладванні швоў на адкрытую рану і рабілі гэта інтуітыўна.
У гэты час спадарожнік вырашыў пакінуць дзяўчыну, паколькі, як ён сцвярджаў, «спазняўся на працу». У выніку і Уайлі, і пажарны з вывіхнутым плячом спусціліся з гары. Дзяўчыну адправілі ў бальніцу. Адзін з пажарных расказаў, што яна паводзіла сябе даволі спакойна. Дзяўчына прызналася, што была на першым спатканні. Нягледзячы на тое, што малады чалавек пакінуў яе пасярод горнай мясцовасці, яна не стала абрываць з ім сувязь і ўсё яшчэ мае з ім зносіны.
У Нацыянальны аўтаномны ўніверсітэт Мексікі на першы курс залічаны 12-гадовы хлопчык.
Карлас Сантамарыя Дыяс будзе навучацца на бакалаўрыяце па спецыяльнасці «біямедыцынская фізіка». Хлопчык здаў уступны экзамен і ўжо выканаў падрыхтоўчую работу па хіміі ў цэнтры вывучэння генетыкі пры ўніверсітэце. Мясцовыя СМІ пішуць пра тое, што Карлас у першыя ж гады навучання ў звычайнай школе пачаў самастойна вывучаць фізіку і матэматыку. Ва ўзросце дзевяці гадоў ён ужо ўдзельнічаў ва ўніверсітэцкіх праграмах па хіміі, біяхіміі і біялогіі. Паводле слоў хлопчыка, яго мэта ў жыцці — пошук лекаў ад рэдкіх захворванняў. Адказваючы на пытанне журналістаў пра тое, ці лічыць ён сябе геніем, Карлас адказаў, што «не любіць гэтае слова». Ва ўніверсітэце заявілі, што да 12-гадовага студэнта будуць ставіцца гэтак жа, як да астатніх, і асаблівых ільгот або прывілеяў ён не атрымае.
Іван КУПАРВАС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-zamezhzha