Перш чым пагаварыць на тэму СЭЗ, Прэзідэнт чарговы раз узняў найбольш актуальнае пытанне ўборкі ўраджаю. «Надвор'е, як я ўжо казаў, сёлета трошкі пераблытала поры года, але тым не менш дрэннага надвор'я не бывае, — адзначыў беларускі лідар. — Натуральна, што таго ўраджаю, на які мы разлічвалі і закладвалі пад яго неабходны падмурак, мы не атрымаем, але яшчэ раз падкрэсліваю: недабор збажыны мы павінны папоўніць за кошт ураджаю кукурузы».
Не могуць — аддайце тым, хто зробіць
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што збожжа нам неабходна, паколькі птушкагадоўля, свінагадоўля і іншыя галіны аграпрамысловасці, якія залежаць выключна ад камбікармоў і збожжа, у нас высокаразвітыя і іх неабходна забяспечыць адпаведнымі кармамі.
«Не хачу сказаць, што мяне насцярожваюць тэмпы ўборкі ўраджаю, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Такі ўраджай збожжавых мы, вядома ж, збяром. Гэта не праблема. Каля сямі мільёнаў тон — гэта не той узровень, які мы можам дасягнуць або рэалізаваць на ўборцы ўраджаю, паколькі тэхнічна аснашчаны як ніколі. Мы і дзесяць мільёнаў тон можам за месяц папросту ўбраць».
Беларускі лідар дадаў, што трэба хутчэй убіраць збожжавыя, трэба падрыхтавацца да азімай сяўбы, а самае галоўнае — выходзіць у поле на сяўбу тэхналагічна не гатовымі нельга.
«Хопіць ужо глупствам займацца і падманваць саміх сябе. У пустую, як сяляне кажуць, у зямлю зерне класці злачынна. Падрыхтуйце як трэба глебу і пасейце ў агратэхнічныя аптымальныя тэрміны з поўным захаваннем агратэхнікі, — запатрабаваў Прэзідэнт. — Не паспяваеце — не рабіце».
Ён таксама звярнуўся да губернатараў: калі патрабаванне не выконваецца, то лепш аддаць гэтыя землі тым гаспадаркам і прадпрыемствам, якія маюць патрэбу ў збожжы. Аднак зрабіць гэта трэба зараз, каб была магчымасць своечасова падрыхтаваць глебу і пасеяць азімыя.
На пульсе падзей
На нарадзе беларускі лідар закрануў тэму дзейнасці мясной і малочнай прамысловасці.
«Малако нас выратавала, — нагадаў ён. — Тое, пра што балбаталі нашы апазіцыянеры так званыя, тэхнолагі і палітыкі, аказалася проста глупствам. Мы, у свой час схапіўшыся за мадэрнізацыю нашых састарэлых фермаў, малочнатаварных комплексаў, адносна выратавалі сельскую гаспадарку, паколькі малако сёння прыбытковае».
Задача — будаўніцтва комплексаў і мадэрнізацыя старых фермаў, вызначаная яшчэ пяць гадоў таму, — застаецца актуальнай у частцы недабудаваных малочнатаварных комплексаў.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў нашай краіне ведаюць, як працаваць па птушкагадоўлі і свінагадоўлі. Ён таксама дадаў, што значнасць мяса і малака будзе ўзрастаць — перш за ўсё, на расійскім рынку. «Трэба быць гатовымі да гандлю на нашых асноўных рынках, але не забываць аб сваім унутраным рынку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар зноў звярнуў увагу: кан'юнктура рынку нядрэнная, але для таго, каб яе захаваць і быць там паспяховымі, трэба нарыхтаваць добрыя кармы.
«Сёння — я падкрэсліваю — уборка збажыны, але наперадзе ў нас яшчэ больш сур'ёзныя выпрабаванні. Чаму трэба сёння хутка скончыць — для таго, каб падрыхтаваць камбайны — тыя, якія будуць працаваць на ўборцы кукурузы — і сялян, механізатараў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што кукурузу страціць нельга.
Сітуацыю вывучаць на месцах
Таксама кіраўнік дзяржавы нагадаў, што даручаў Ураду і асабіста намесніку прэм'ер-міністра Міхаілу Русаму вывучыць сітуацыю ў Гомельскай вобласці. «Што там за перакосы, што яна — па меншай меры, на час маёй камандзіроўкі на Віцебшчыну, на поўнач — адставала ва ўборцы ўраджаю збажыны, такога ніколі не было», — дадаў ён.
Аднак гэта асобная тэма, па якой хутка будзе даложана ў Гомелі, анансаваў свой візіт беларускі лідар.
Яшчэ адно анансаванае мерапрыемства — гэта, па словах Прэзідэнта, «лакмусавая паперка ў рабоце ўрада» — наведванне Оршы. Ён падкрэсліў: там павінны быць выкананы ўсе яго даручэнні. На думку беларускага лідара, гэта своеасаблівы маячок для такіх гарадоў, як Барысаў, Маладзечна, Бабруйск, Ліда і іншых — яны павінны быць выведзеныя на высокі ўзровень развіцця.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанне заключаецца ў правільным размяшчэнні прадукцыйных сіл. Калі скарачаць будаўніцтва жылля, а значыць, і прыток працоўнай сілы ў Мінск, то яна павінна быць раўнамерна размешчана па Беларусі, але не толькі ў абласных цэнтрах. Перш за ўсё — у буйных гарадах, якія будуць развівацца як аграпрамысловыя цэнтры, дадаў ён. Візіт Прэзідэнта ахопіць мноства самых розных сфер горада — ад культуры, спорту і вонкавага выгляду да вытворчасці і сацыяльнай прывабнасці.
Пралічыць эфект
Далей Прэзідэнт перайшоў да тэмы свабодных эканамічных зон і адзначыў, што сёння для Беларусі як ніколі актуальныя пытанні стварэння новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў, умацавання інтэлектуальнага, прамысловага і экспартнага патэнцыялу.
«Рашэнне гэтых задач непарыўна звязана з прыцягненнем інвестыцый у эканоміку нашай дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама нагадаў, што яшчэ ў 1998 годзе быў прыняты Закон «Аб свабодных эканамічных зонах» як адзін з інструментаў стварэння новых сучасных вытворчасцяў. І ў цяперашні час у краіне функцыянуюць шэсць свабодных эканамічных зон, у якіх зарэгістравана 409 рэзідэнтаў з колькасцю працуючых больш за 122 тысячы чалавек.
Ён дадаў, што ўсе вобласці захацелі мець свае СЭЗ, хоць першапачаткова планавалі стварыць адну або дзве на ўсю краіну.
«Мне дакладваюць ва ўрадзе, што свабодныя эканамічныя зоны ўносяць істотны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў і краіны ў цэлым, фарміруючы аж 4 % ВУП, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Там сканцэнтравана амаль 13 % прамысловай вытворчасці, каля 16 % экспарту і каля 7 % прамых замежных інвестыцый».
«Напэўна, гэта важкі ўклад, але ці сувымерны ён з тымі льготамі, якія дадзены рэзідэнтам свабодных эканамічных зон?» — з такім пытаннем беларускі лідар звярнуўся да прысутных на нарадзе.
Прэзідэнт нагадаў, што раней ён даручаў вывучыць, ці патрэбныя краіне СЭЗ у тым выглядзе, у якім яны задумваліся, бо тады (у 1996—2002 гадах), паводле яго слоў, у людзей не было работы і даводзілася хапацца за любую саломінку, каб не патануць. Але сёння пытанне аб тым, каб проста заняць людзей у СЭЗ, даўшы там ільготны рэжым прадпрыемствам, не стаіць. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: мы спраўляемся з занятасцю людзей, нам патрэбныя высокатэхналагічныя вытворчасці, якія дадуць сінергетычны эфект на ўсю эканоміку.
Паводле яго слоў, у снежні 2016 года ўжо разглядаліся пытанні неабходнасці ўдасканалення прававога рэжыму работы СЭЗ у сувязі са зменай мытнага заканадаўства ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.
Акрамя таго, дадаў кіраўнік дзяржавы, тады гучалі запэўніванні аб тым, што прапанаваныя меры дазволяць вырашыць праблемныя пытанні іх дзейнасці. Па выніках абмеркавання падыходы Савета Міністраў былі адобраны і падпісаны адпаведны ўказ.
«Сёння ўрад уносіць чарговыя прапановы, якія нібыта павінны стымуляваць развіццё нашых свабодных эканамічных зон», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў ад удзельнікаў нарады адказаў на наступныя пытанні. Ці патрэбныя на сучасным этапе свабодныя эканамічныя зоны ў тым выглядзе, у якім яны існуюць? Наколькі эфектыўнымі аказаліся прынятыя ў канцы 2016 года меры і які вынік яны прынеслі эканоміцы Беларусі?
Апошняе пытанне ад кіраўніка дзяржавы прагучала так: ці дастаткова прапанаваных рашэнняў для развіцця СЭЗ і росту прамых замежных інвестыцый, або па заканчэнні некаторага часу будзе чарговы праект указа?
СЭЗ нам патрэбныя
Як адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі, стварэнне свабодных эканамічных зон у Беларусі было накіравана на рашэнне актуальных задач развіцця: прыцягненне інвестыцый, стварэнне працоўных месцаў, нарошчванне экспартнага патэнцыялу.
«Вынікі дваццацігадовага перыяду функцыянавання СЭЗ сведчаць аб мэтазгоднасці іх стварэння і рэалізацыі тых задач, якія мы перад сабой ставілі», — падкрэсліў ён.
Па словах Васіля Мацюшэўскага, рэзідэнты СЭЗ уносяць істотны ўклад у асноўныя агульнарэспубліканскія макраэканамічныя паказчыкі. Займаючы нязначную частку краіны — 0,14 % плошчы — яны маюць долю ў 13 % вытворчасці прамысловай прадукцыі (у 2010 годзе было 5,8 %), 15 % экспарту па стане на канец 2017 года (6,9 % — у 2010 годзе), да 16 % прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (3,2 % у 2010-м).
«Адзначаецца больш высокі ўзровень эфектыўнасці работы рэзідэнтаў СЭЗ у параўнанні з сярэднімі паказчыкамі па рэспубліцы, што пацвярджаецца больш высокімі паказчыкамі аб'ёмаў прамысловай вытворчасці і экспарту на аднаго занятага — па выніках 2017 года ў 3 і 3,7 раза адпаведна, — падкрэсліў першы намеснік прэм'ер-міністра. — Свабодныя эканамічныя зоны аказваюць істотны ўплыў і на рэгіянальныя паказчыкі. Напрыклад, за першы квартал 2018 года рэзідэнтамі СЭЗ «Магілёў» забяспечана 85 % усяго паступлення прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове Магілёўскага рэгіёна. СЭЗ «Брэст» — 64 % абласных паказчыкаў. Каля паловы экспарту тавараў адпаведнага рэгіёна забяспечана СЭЗ «Магілёў» і СЭЗ «Гроднаінвест».
Па выніках нарады Васіль Мацюшэўскі пагутарыў з журналістамі і падзяліўся прапанаванымі дапаўненнямі ўказа.
«Гаворка ішла не аб дадатковых прэферэнцыях, а ў першую чаргу па двух пытаннях — гэта дадатковыя крыніцы для стварэння інфраструктуры на новых участках СЭЗ, што звязана з газа- і электразабеспячэннем. І другое — пашырэнне шэрагу свабодных эканамічных зон па заяўках аблвыканкамаў і Адміністрацыі. Гэта новыя праекты, якія інвестары гатовыя былі б рэалізаваць на тэрыторыі СЭЗ, — адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра. — Дастаткова глыбокая і грунтоўная размова [атрымалася. — «Зв.»], кіраўнік дзяржавы ў цэлым падтрымаў усё».
Васіль Мацюшэўскі падкрэсліў: інвестары гатовы ўкласці 850 млн долараў у стварэнне новых прадпрыемстваў на тэрыторыі свабодных эканамічных зон. «Гэта новыя заяўленыя праекты, пад якія мы разам з кіраўніцтвам абласцей прасілі аб магчымасці пашырыць свабодныя эканамічныя зоны», — дадаў ён.
Чакаецца, што дакумент у найбліжэйшы час будзе дапрацаваны і адпраўлены на подпіс Аляксандру Лукашэнку.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhnivo-2018
[5] https://zviazda.by/be/tags/svabodnaya-ekanamichnaya-zona