Летась 9 жніўня «Звязда» адзначыла свой стагадовы юбілей. На працягу ўсяго года на старонках найстарэйшага штодзённага беларускамоўнага выдання мы згадвалі розныя гістарычныя перыяды жыцця як краіны, так і самой газеты. І вось «Звязда» адзначае ўжо 101-ю гадавіну з дня свайго заснавання. Як хутка бяжыць час... Сёння, нібыта завяршаючы гэтую стагадовую «эстафету», мы прапануем чытачам вярнуцца ў 1990-я, прыгадаць, якім тады было жыццё, што было на слыху... Як даўно гэта было... Зрэшты, калі ўдумацца, на фоне 101-й гадавіны «Звязды» тыя падзеі — не такія ўжо і далёкія... Хоць змянілася ўсё кардынальна, і ўявіць штосьці падобнае сёння даволі складана.
Пад такім загалоўкам 13 лістапада 1996 года ў «Звяздзе» выйшла мая заметка з прэс-канферэнцыі тагачаснага міністра гандлю Пятра Казлова ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Пачыналася яна так. «Тэма забеспячэння насельніцтва харчовымі таварамі стала ў апошні час цэнтральнай практычна для ўсіх сродкаў масавай інфармацыі, не гаворачы ўжо пра мясцовыя і нават вярхоўныя ўлады. Як вядома, заўчора Прэзідэнт краіны наведаў шэраг магазінаў, каб самому пераканацца ў тым, якім жа чынам задавальняюцца патрэбы насельніцтва ў плане забеспячэння харчовымі таварамі. Гэтай жа тэме была прысвечана і сустрэча міністра гандлю Пятра Казлова з журналістамі...»
Тэма дэфіцыту ў тыя часы была сапраўды надзвычай актуальная. Я з Міністэрства гандлю практычна не вылазіў, беручы бясконцыя каментарыі ў яго работнікаў, адпаведна, быў у іх вачах (гэта было відаць) асобай не вельмі жаданай. Пра што тады пісала «Звязда»? Мяркуйце па загалоўках. «Чорны» тыдзень у Мінску: «абвал» цэнаў» (18.07.1996), «У Беларусі зрушылі з месца цэны на нафту і нафтапрадукты» (13.09.1996), «Гарэлка «ўзяла» новую цану» (22.11.1996), «Мяккае» павелічэнне цэн: зноў падаражэла гарэлка» (04.12.1996), «У Беларусі павялічаны кошт нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі» (07.12.1996), «Гандаль харчаваннем: пакуты — круг другі?» (11.12.1996), «Услед за доларам у краіне знікае маргарын» (12.12.1996), «Куды знікаюць прадукты?» (17.12.1996), «Са смятанай будзем не раней студзеня» (18.12.1996)... Такія нярадасныя навіны з'яўляліся літаральна штодня на працягу доўгага часу, гэта прыклады за невялікі яго прамежак...
Паколькі каментарыі афіцыйныя асобы давалі не вельмі ахвотна, было шмат чутак. Я вёў у «Звяздзе» адпаведную рубрыку, якая так і называлася — «Ходзяць чуткі, што...». Яна таксама з'яўлялася на старонках газеты ці не штодня. Пра што хадзілі чуткі? Што падаражэе збожжа сёлетняга ўраджаю (19.07.1996), падаражэе белая гарэлка (18.07.1996), у краіне не хапае цыгарэт (07.08.1996), у магазінах не хапае хлеба (03.10.1996), Беларусь застанецца на зіму без мяса (15.08.1996), з-за недахопу масла яго размяркоўваюць па картках (01.11.1996)...
На апошняй тэме хачу спыніцца больш падрабязна. Адсутнасць масла ў продажы бачылі ўсе, пра што нам рэгулярна паведамлялі чытачы. І вось аднойчы намеснік міністра гандлю, відавочна даведзены да шаленства маімі запытамі, прапанаваў разам на яго «Волзе» пад'ехаць у любую краму сталіцы і праверыць наяўнасць гэтага прадукту на паліцах. Гандлёвы аб'ект для чысціні эксперымента (маўляў, каб не казаў потым, што масла туды спецыяльна для візіту завезлі) намеснік міністра гандлю прапанаваў выбраць мне. Я паказаў на буйную краму побач з месцам, дзе мы на той момант здымалі з жонкай кватэру. Селі ў «Волгу», паехалі... Дарэчы, дарогай я даведаўся ад суразмоўніка яшчэ адну прычыну адсутнасці ў гандлі гарэлкі. Аказваецца, усё было з-за таго, што белая — «такі ж харчовы прадукт, як і іншыя». Я так, памятаю, сабе адразу ўявіў карціну: прачынаецца ранкам чалавек, а масла на ранішні бутэрброд няма. І што рабіць? Дык можна ж паснедаць чаркай-другой! Жартую, вядома.
А масла ў той краме на момант нашага наведвання ў продажы было. Звяртаю ўвагу на гэты момант. Не таму, што падазраю некага ў спецыяльным завозе, не, проста канстатую. Зразумела, што гэты харчовы прадукт у прынцыпе не знік з прыроды. Але мы былі ўдзень у гандлёвым аб'екце, калі яго маглі купіць найперш пенсіянеры, а вось увечары, калі рабочы чалавек вяртаўся дадому, масла ўжо магло і не быць. У прынцыпе, пра гэта я і гаварыў намесніку міністра, тлумачачы скаргі ад чытачоў. Журналіст — люстэрка рэчаіснасці, ён падае тое, што бачыць на свае вочы. І калі па першым часе чыноўнік падазраваў ува мне нейкую перадузятасць, магчыма, жаданне знайсці «смажаныя» факты, дык потым крыху змяніў стаўленне. Калі мы вярнуліся ў яго кабінет, нават падарыў уласны тэлефонны даведнік па міністэрстве...
А праз некалькі дзён на маё імя прыйшло чарговае пасланне ад чытача. Нават не ліст, а зусім простая, нават без малюнка, паштоўка. Яна і зараз захоўваецца ў маім архіве. В. Фрыгін з Магілёва пісаў: «Сёння, як і некалькі вечароў запар, зайшоўшы ў шэраг магазінаў (у асноўным — Ленінскага раёна), не змог купіць масла. Адкрыўшы дома «Звязду», прачытаў, што, па словах намесніка міністра Еўтухоўскага, масла ў Магілёве ёсць. Але яго запэўніванні на хлеб не намажаш, таму прыйшлося браць маргарын Rama па 50 тысяч рублёў за кілаграм...»
...Праз нейкі час на сустрэчы ў рэдакцыі з ветэранамі газеты адна з былых нашых супрацоўніц пры ўсіх прысутных сказала: «Пакажыце мне гэтага Расольку! Ён увесь час піша пра цэны і прадукты. Няўжо такі галодны?!» Гэта быў жарт, а вось афіцыйныя асобы далёка не ўсе разумелі неабходнасць аператыўнага рэагавання праз каментарыі на чуткі. Як і таго, што гэта праца журналіста. Тым больш што ніякай Амерыкі мы не адкрывалі. Напрыклад, у тагачаснай Чэхіі, якая сутыкнулася з тымі ж праблемамі, што і наша краіна, пражскія газеты не саромеліся змяшчаць інфармацыю пра тое, дзе можна танней набыць у горадзе яйкі ці карпа да каляднага стала. Проста час быў такі...
У канцы 1996 года ў краіне адбыўся неардынарны выпадак. Напачатку ў Чэрвені была зафіксавана ўспышка брушнога тыфу, затым ён трапіў у Барысаў. Гаворка ідзе пра хваробу, аб якой многія з сучаснікаў нават і не чулі... «Звязда» адной з першых пачала падрабязна асвятляць ход падзей...
Першая публікацыя называлася «Брушны тыф у Чэрвені: мноства захварэўшых, факт самагубства, парушэнні ў гандлі», якая стала вынікам камандзіроўкі на месца падзей.
Усё пачалося на тэрыторыі дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых, дзе трактар разбурыў «аглядны калодзеж на выхадзе каналізацыйнага калектара ад ізалятара бактэрыяносьбітаў». На грунт трапілі сцёкавыя воды. А пацыенты інтэрната елі яблыкі, якія з дрэва трапілі ў гэтую ваду, мылі ў ёй абутак...
Пры ўспышцы тыфу была забаронена рэалізацыя прыватнага малака, у якое магла трапіць інфекцыя, і крэмавых вырабаў, бо яны — найлепшае асяроддзе для ўзбуджальніка хваробы. Аднак журналіст «Звязды» зафіксаваў парушэнне і першай, і другой забароны. Прыватнікі прадавалі свежае малако, а ў кулінарыі побач з рынкам у вітрыне красаваліся свежыя тарты, у цэху на стале ляжалі конусы з крэмам. Давялося потым вяртацца да парушальнікаў ужо з супрацоўнікамі міліцыі.
...Пасля наведвання дома-інтэрната ўрач параіў добра памыць рукі, бо пры тыфе гігіена павінна быць на першым месцы. Па стане на раніцу 11 лістапада ў інфекцыйным аддзяленні гарадской бальніцы знаходзіліся ўжо 39 чалавек — хворых з дакладным дыягназам і падазрэннем на тыф, а ў самім доме-інтэрнаце — 54 чалавекі. Медсястра, якая знаходзілася ў ліку падазраваных, самавольна пакінула бальніцу. Жанчыну знайшлі праз некалькі дзён за горадам — у пятлі...
Наступны матэрыял называўся «З Чэрвеня брушны тыф трапіў у Барысаў». Справа ў тым, што аднаго з пацыентаў маці забрала з дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых дадому: у 30-гадовага мужчыны быў дзень нараджэння. Ноччу яму стала дрэнна, ён страчваў прытомнасць. Дыягназ «тыф» паставілі не адразу. Хворы трапіў у асобны бокс Барысаўскай інфекцыйнай бальніцы. Маці знаходзілася побач з сынам...
Праз два тыдні гісторыя атрымала працяг — «Брушны тыф у Барысаве: новая ахвяра». Падазрэнні ўзніклі ўжо ў дачыненні да жанчыны — маці пацыента з Чэрвеньскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых. На той момант там гаворка ўжо ішла пра магчымых (канчаткова кропкі над «і» ставіць было яшчэ рана) 74 хворых на брушны тыф, з якіх 10 чалавек былі бактэрыяносьбітамі.
У пачатку снежня неафіцыйныя і афіцыйныя звесткі з двух гарадоў зноў паклікалі ў камандзіроўкі ў Чэрвень і Барысаў — «Гісторыя з брушным тыфам: канкрэтных вінаватых пакуль няма, а колькасць захварэўшых вымяраецца дзясяткамі». На той момант у інфекцыйным аддзяленні бальніцы ў Чэрвені знаходзілася 33 чалавекі, у ізалятары дома-інтэрната — 79 (з падазрэннем на тыф ці ўжо з дыягназам). За лістапад — кастрычнік у справаздачу была пададзена лічба 78 чалавек: менавіта столькі за гэты час было пастаўлена дакладных дыягназаў «брушны тыф». У іх ліку было сем чалавек медперсаналу, астатнія — пацыенты дома-інтэрната. У снежні новых выпадкаў захворванняў устаноўлена не было. Сын медсястры, якая скончыла жыццё самагубствам, звяртаецца ў пракуратуру са скаргай, у якой сцвярджае, што яго маці давялі да такога кроку...
Еду ў Барысаў. Маці пацыента з Чэрвеньскага дома-інтэрната дыягназ не пацвердзілі. Але яна па-ранейшаму знаходзіцца побач з сынам у адным боксе, даглядае яго. Пасля размовы з медперсаналам бальніцы вырашаю яе наведаць.
«Асобны бокс з падвойнымі дзвярыма. У невялікім пакоі на ложку сядзіць жанчына, каля сцяны пад коўдрай спіць яе сын. У вачах — стома. Вядома, такое вытрымаць...
— Як вы сябе адчуваеце?
— Ужо лепш, ды і сын пачаў уставаць з ложка, а то месяц ляжаў...»
У канцы размовы жанчына дзякуе, кажа, што пасля публікацыі ў газеце на верталёце прылятаў прафесар. На вачах у яе наварочваюцца слёзы...
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-1