Станцыя «Драгічын» стала лідарам у Брэсцкім аддзяленні Беларускай чыгункі па выніках працы за паўгоддзе. Карэспандэнт «Драгічынскага весніка» запытаў начальніка станцыі Паўла Савіцкага, як атрымалася дасягнуць такога ўзроўню.
Асноўным «лакаматывам» росту стала павелічэнне аб'ёмаў пагрузкі і выгрузкі на 5 %. «Мы жыва цікавімся планамі і дарожнікаў, і будаўнікоў, радуемся, калі даведваемся аб рамонце ці будаўніцтве дарог, жылых дамоў, іншых буйных аб'ектаў. Значыць, і чыгуначная станцыя будзе забяспечана працай! Па чыгунцы дастаўляецца цукар на прадпрыемства «Экзон», шыфер, цэмент і іншыя буйнагабарытныя будаўнічыя матэрыялы філіяла «Гасторг» раённага спажывецкага таварыства. Мы з задавальненнем супрацоўнічаем з усімі, хто да нас звяртаецца», — каментуе Павел Савіцкі.
Упершыню ў Ваўкавыску прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па мотакросе «Mасес сuр». Па драйв і энергію на пляцоўку адправіўся карэспандэнт раённай газеты «Наш час».
За першае месца змагаліся спартсмены з Беларусі, Расіі і Украіны. Да апошняга моманту незразумелы быў лёс гэтых спаборніцтваў: пройдуць яны ці не. І ўсяго за некалькі дзён была падрыхтавана траса мотакросу, у чым вялікая заслуга ў першую чаргу кіраўніцтва і навучэнцаў Ваўкавыскай школы ДТСААФ, а таксама работнікаў камунальнай гаспадаркі. Старшыня Беларускай федэрацыі матацыклетнага спорту Аляксандр Драгун адзначыў высокую арганізацыю спартыўных мерапрыемстваў, падзякаваў райвыканкаму за падтрымку і дапамогу ў іх правядзенні і паабяцаў у наступным сезоне правесці яшчэ адно еўрапейскае першынство ў Ваўкавыску. Спаборніцтвы дзяліліся па пяці класах матацыклаў. Ва ўсіх відах перамаглі беларусы, прычым у трох — ваўкавычане.
Калі сястра Веры Бурлаковай збіралася купляць рэчы для свайго будучага немаўляці, яна перагледзела немагчыма вялікую колькасць сайтаў з такімі ж немагчыма высокімі коштамі. І тут Вера зразумела, што магла б рабіць такія ж прыгожыя рэчы танней і радаваць будучых матуль. Так у яе з'явіўся свой бізнес, пра які расказвае газета «Пухавіцкія навіны».
Усе эксперыментальныя мадэлі разышліся па знаёмых і сябрах у якасці падарункаў. Калі набіла руку, Вера зарэгістравалася ў якасці рамесніка. Папоўніла свой «машынны парк» сучаснымі швейнымі машынкамі. Зараз у асартыменце пледы, падушачкі і цацкі. Выбірала такі занятак для сябе ў тым ліку для таго, каб працаваць і ўдзяляць шмат часу сям'і. Дарэчы, у яе двое дзетак. Шыць і вышываць вучылася ў дзяцінстве з матуляй і бабуляй, таксама дапамаглі і школьныя ўрокі працы. Лічыць, што гэта карысныя навыкі. Вось яны і спатрэбіліся.
Надзея АНІСОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/daydzhest