Рэальнасць сённяшняга дня паказвае: у супрацьстаянні камп’ютар — кніга далёка не заўжды перамагае апошняя. Сучаснае пакаленне не разумее, чаму трэба чытаць класікаў. Якуб Колас, Экзюперы, Пушкін, Гогаль, Чэхаў не з’яўляюцца для школьнікаў бясспрэчнымі аўтарытэтамі.
Таму прэм’ера, якая адбылася ў Тэатры юнага гледача, — «S.O.S. Ратуйце нашы душы», — вельмі актуальная. Спектакль стварыў Аляксандр Баркар па кнізе Яўгеніі Пастарнак і Андрэя Жвалеўскага «Смерць мёртвым душам». У інсцэніроўцы маладога рэжысёра ўнікальнае бачанне твора і разуменне праблем і духоўных запытаў падлеткавай аўдыторыі. Што можа адбыцца, калі кнігі перастануць чытаць і імёны класікаў забудуцца?
Падзеі разгортваюцца ва ўстанове, дзе, здавалася б, нічога цікавага адбыцца не можа, бо на паліцах — адно нікому ўжо не патрэбныя кнігі пад векавым пластом пылу, — у бібліятэцы! Ды не абы-якія падзеі, а самы сапраўдны трылер!.. Кнігі размаўляюць галасамі сваіх аўтараў. Для старэнькай бібліятэкаркі і яе ўнучкі (а тут іх другі дом) яны сапраўдныя сябры і дарадчыкі (праўда, выпадковых наведвальнікаў могуць напалохаць). Нечакана на першы план выходзяць іншыя кнігі, якія змагаюцца за ўвагу чытача... У яркіх стракатых вокладках, з кідкімі вабнымі малюнкамі. Здаецца, яны маюць немалыя шансы на перамогу. Але ўсе кнігі без вынятку апынаюцца перад рэальнай жудаснай пагрозай назаўжды кануць у Лету. Падчас спірытычнага сеанса (тое было задумай гульні, каб прынадзіць у бібліятэку падлеткаў, аматараў усяго таямнічага і незвычайнага) вылазіць з труны і пачынае дзейнічаць... дух другога тома «Мёртвых душаў» (менавіта другі том рамана Гогаль спаліў у вогнішчы). І вось тут пачынаюцца сапраўдныя прыгоды, як у вострасюжэтным дэтэктыве з элементамі «хорар»! Бялінскі яго ведае, хто пераможа, правілаў не існуе, надзея толькі на розум...
Гледачы могуць часам забыцца, што дзея — на сцэне, усё выглядае па-сапраўднаму. Рэплікі з дыялогаў настолькі трапныя і вобразныя, што маюць стаць крылатымі выразамі: «Смерць мёртвым душам!», «Хопіць табе ўжо выюзвацца замежнымі словамі!», «Дабром не скончыцца гэта ваша Dolce Vita!», «Моладзь выбірае прушняк і экшн!». Выкарыстанне падлеткавага слэнгу цалкам апраўданае: школьнік мусіць паверыць, што героі дзеі такія ж, як ён, жывуць у адной з ім прасторы.
Падлеткам разам з бацькамі проста неабходна паглядзець новую пастаноўку! Гэта яркая тэатральная работа з дасканалай сцэнаграфіяй, жывапіснымі змястоўнымі дэкарацыямі, маляўнічымі сучаснымі касцюмамі і тыповымі арганічнымі каларытнымі вобразамі. Тонкі псіхалагізм ва ўзаемаадносінах герояў сведчыць пра тое, што рэжысёр не чужы ў аўдыторыі падлеткаў — ведае, што ім цікава, чым яны жывуць, захапляюцца, пра што мараць. Музычныя кампазіцыі, якія гучалі на працягу спектакля, — гэта тое, што сёння найчасцей слухаюць падлеткі: творчасць гуртоў «My chemical romance», «Muse», «Imagine dragons», «Arctic monkeys», «Panic at the disco».
Спектакль не адпускае гледача на працягу ўсёй дзеі. Эмацыянальнае напружанне знікае праз смешныя рэплікі і жарты, цытаты з твораў, зразумелыя і блізкія кожнаму, а потым ізноў узмацняецца...
Задума твора рэалізаваная вельмі ўдала: жывыя класікі выходзяць з-пад запыленых вокладак кніг. Яны, рэальныя, дасціпныя, размаўляюць з гледачамі на роўных, па-сяброўску, зусім не звысоку і без мудрагелістага філасофствавання. Менавіта такія іх вобразы могуць прывабіць падлетка, запаліць жаданне даведацца пра іх больш — бо гэта звычайныя людзі, якія таксама калісьці кахалі, марылі, сутыкаліся з неразуменнем альбо здрадай.
Каб перанесці сюжэт кнігі на тэатральную сцэну, аўтары твора перапісвалі яго разам з рэжысёрам. Перастварыла тэкст па-беларуску і дапамагла размеркаваць ролі мастацкі рэдактар Жана Лашкевіч. Тэма твора зачаравала і акцёраў — яны працавалі зладжана, у адзіным рытме. І хоць спектакль адрасаваны падлеткам, з не меншым задавальненнем і захапленнем яго будуць глядзець і дарослыя: бацькі, старэйшае пакаленне, настаўнікі — ён можа стацца для іх падказкай, як лепш знайсці агульную мову з іх дзецьмі, унукамі, вучнямі.
Яна БУДОВІЧ
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yana-budovich
[2] https://zviazda.by/be/tags/teatr