Ва Усерасійскім цэнтры “Арляня” распачалася ваенна-патрыятычная змена “Айчыны годныя сыны”, якая сабрала навучэнцаў сувораўскіх ваенных (нахімаўскага ваенна-марскога) і кадэцкіх вучылішчаў Беларусі і Расіі.
Яе ўрачыстае адкрыццё адбудзецца 11 жніўня. Удзельнікі змены пройдуць урачыстым маршам і падымуць над лагерам дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, прымуць удзел у конкурсе строю і песні, спартыўных і забаўляльных мерапрыемствах.
Плануецца, што цырымонію адкрыцця ваенна-патрыятычнай змены наведае старшыня камісіі Парламенцкага Сходу па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю, намеснік старшыні пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Гайдукевіч. Ён выступіць з прывітальным словам ад саюзных дэпутатаў.
17 жніўня ў рамках змены пройдзе Дзень Саюзнай дзяржавы. Праграма свята прадугледжвае арганізацыю кадэтамі і сувораўцамі выставы-прэзентацыі сваіх вучылішчаў, удзел у ваенна-тэхнічнай гульні “Нашчадкі перамогі”, правядзенне тэматычнага вечара “Расія і Беларусь у Саюзнай дзяржаве”.
У гэтым годзе ў мерапрыемстве Саюзнай дзяржавы прымае ўдзел 381 выхаванец сувораўскіх ваенных і кадэцкіх вучылішчаў з розных абласцей і рэгіёнаў Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў.
28 жніўня адбудзецца ўрачыстая цырымонія закрыцця змены. Госцем мерапрыемства стане член Камісіі Парламенцкага Сходу па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Атрошчанка. На цырымоніі закрыцця будуць падведзены вынікі змены і ўзнагароджаны пераможцы мерапрыемстваў. Святочны дзень завершыцца ўрачыстай лінейкай пасвячэння ў “Арляняты”.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/suvoraucy
[2] https://zviazda.by/be/tags/kadety