Выданне для супляменнікаў за мяжой, якое выходзіць з 1955 года, цяпер стала сваім у вялікай звяздоўскай сям’і. З ліпеня 2018-га вядомая многім раней газета (наклад, бывала, перавышаў 20 тысяч экзэмпляраў) – у складзе Рэдакцыйна-выдавецкай установа «Выдавецкі дом “Звязда”».
Чарговы, 25-ы сёлета і 3577-ы ад часу заснавання, нумар газеты “Голас Радзімы” пабачыў свет 19 ліпеня. Раней, нагадаем, выданне было ў складзе медыяхолдынга “СБ. Беларусь сегодня”, на ягоным партале пакуль застаецца й вялікая частка электроннага архіву выдання. А новы нумар можна пабачыць і ў інтэрнэце [1]. Падаецца, як і раней, газета ў ПДФ-фармаце [2], што зручна для чытачоў з замежжа.
Сталыя чытачы газеты, якіх нямала і ў Беларусі, і за межамі Бацькаўшчыны, заўважылі: цяпер у газеты “Голас Радзімы” 8 старонак. Удакладнім, што раней штотыднёвік, маючы толькі 4 старонкі, некаторы час “хаваўся” ўнутры англамоўнага 12-старонкавага выдання “The Minsk Times”. Цяпер кожны нумар газеты для суайчыннікаў пабольшаў удвая, выходзіць будзе два разы на месяц. Мяркуем, новы фармат выдання прыйдзецца даспадобы чытачам. Вялікую зацікаўленасць у тым, каб газета “Голас Радзімы” развівалася, пашырала чытацкую аўдыторыю, маюць яе даўні няштатны аўтар, а цяпер Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч, а таксама дырэктар – галоўны рэдактар Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом “Звязда”» Павел Сухарукаў”. Мы напісалі ўжо ў новафарматным нумары, што атрымліваем ад Паўла Якаўлевіча з калегамі ўсебаковую падтрымку нашай дзейнасці.
Рэдакцыя наша застаецца ў Доме прэсы, па адрасе: 220013, Мінск, вуліца Багдана Хмяльніцкага, 10-а. Пакой 907. Выходныя звесткі, тэлефоны друкуюцца на апошняй старонцы ў кожным нумары газеты.
Варта нагадаць, што газета наша мае слаўныя традыцыі, з ёй супрацоўнічалі, у ліку іншых, класікі беларускай літаратуры, вядомыя дзеячы культуры. У прыватнасці, зберагаецца ў рэдакцыі падшыўка за 1960 год, а якраз тады, са студзеня, выданне “За вяртанне на Радзіму” стала называцца: “Голас Радзімы”. У тых нумарах знаходзім вершы Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Пысіна, Ніла Гілевіча, Пімена Панчанкі, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Дубоўкі (верш “Сталіца міру” напісаны з Масквы спецыяльна для газеты ў першамайскі нумар!), Канстанцыі Буйлы (таксама дасланыя ў рэдакцыю з Масквы), допісы Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Рыгора Шырмы… Зрэшты, і ў новых умовах аўтарскі калектыў рэдакцыі працуе плённа: у 2016-м, напрыклад, быў ушанаваны як лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Мы па-ранейшаму шмат увагі надаем досведу працы беларускіх суполак у замежжы, іх кантактам з гістарычнай Бацькаўшчынай, расказваем пра адметных беларусаў замежжа, пашыраем кола няштатных аўтараў. Будзем адладжваць супрацоўніцтва й з калегамі са “звяздоўскіх” выданняў, бо ў “Голасе Радзімы” заўсёды ёсць месца для цікавых публікацый пра гісторыю, сучаснае жыццё Беларусі.
Звяртаем увагу чытачоў, што падпіска на газету “Голас Радзімы” будзе адкрыта ў Беларусі на 2019 год. Пакуль жа – чытайце нас у інтэрнэце. Актывісты шэрагу беларускіх суполак замежжа цяпер атрымліваюць газету па пошце – ёсць спецыяльная рассылка. У рассылачны спіс уносяцца найчасцей тыя, хто шмат робіць для пашырэння беларускай культуры ў замежжы, актыўна супрацоўнічае з рэдакцыяй.
Іван Ждановіч, галоўны рэдактар газеты “Голас Радзімы”
Ранейшыя нумары выдання можна пабачыць тут [3].
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/edition/golas-radzimy
[2] http://zviazda.by/sites/default/files/gr-25-2018_print.pdf
[3] https://www.sb.by/golas/