У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь прайшло пасяджэнне беларускай часткі каардынацыйнай групы па рэалізацыі «Праекта перакладу і публікацыі класічных літаратурных твораў Кітая і Беларусі».
Нагодай для шырокай размовы стала падрыхтоўка да ўдзелу беларускай дэлегацыі ў Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Bеіjіng Іntеrnаtіоnаl Bооk Fаіr (BІBF 2018), якая пройдзе ў жніўні ў Пекіне. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што ў апошнія некалькі гадоў у Беларусі дастаткова актыўна наладжаны адносіны перакладчыкаў мастацкай літаратуры Кітая на беларускую мову з пісьменнікамі і выдаўцамі Кітая. Як вынік — плённая дзейнасць выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Выдавецкага дома «Звязда». У адной толькі серыі кніг «Светлыя знакі: паэты Кітая» пабачылі свет дванаццаць паэтычных зборнікаў, палова з якіх — адразу на дзвюх мовах: беларускай і кітайскай. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» пайшло далей за іншыя выдавецкія структуры, наладзіўшы партнёрскія адносіны з кітайскім бокам як фундатарам цэлага шэрагу кніжных праектаў. У верасні 2019 года мяркуецца адкрыццё адмысловых «кітайскіх паліц» у адной з мінскіх кнігарань «Белкнігі». З пэўнымі ідэямі да ўдзелу ў міжнароднай выстаўцы ў Пекін выпраўляецца і рэдакцыя часопіса «Вясёлка». Пра гэтыя і іншыя планы ішла размова на пасяджэнні беларускай часткі каардынацыйнай групы па рэалізацыі «Праекта перакладу і публікацыі класічных літаратурных твораў Кітая і Беларусі».
У час паездкі ў Кітай ад імя Міністэрства інфармацыі Цэнтру культуры Беларусі ў Другім Пекінскім універсітэце замежных моў будзе перададзена бібліятэка сучаснай беларускай літаратуры.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/kitay