Кніжная серыя выдавецтва «Мастацкая літаратура» «100 вершаў» папоўнілася новым зборнікам.
«І кожны дзень — гарачы вырай // Здзіўленняў, радасці, клапот. // Так я іду на голас ліры, // Дзе ўсё — фантазія, палёт. // Які зайздросны свет паэта — // З нябачных промняў вобраз ткаць, // І — заміраць на схіле лета, // І ў вольным слове ўваскрасаць!».
Сёлета паэтэсе Яўгеніі Янішчыц споўнілася б 70 гадоў. Усяго толькі семдзесят!.. А яна пайшла з жыцця, пакінуўшы шчырыя, шчодрыя на краскі вершы, аж у 1988 годзе. Пайшла, лічы, зусім маладой. І паспела за адведзены ёй час прывязаць да ўласных адкрыццяў чытача. Была адзначана калегамі, уладамі, атрымала Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь, прэмію Ленінскага камсамола Беларусі, была і застаецца найвялікшай зоркай беларускай нацыянальнай паэзіі.
Жыццё, дакладней — сыход з жыцця фізічнага, Яўгеніі Янішчыц абрамляюць розныя легенды. І ўсе яны нічога не вартыя, калі гартаеш кнігу вершаў і трапляеш у палон вынайдзеных, заўважаных паэтэсай слоў. Калі яе сардэчныя рытмы кранаюць і твае душу і сэрца. «Ты пакліч мяне. Пазаві. // Там заблудзімся ў хмельных травах. // Пачынаецца ўсё з любві, // Нават самая простая ява. // І тады душой не крыві // На дарозе жыцця шырокай. // Пачынаецца ўсё з любві...»
Кнігу «Кахання сад і ластаўка вясны» ўклаў паэт і галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп. Ілюстрацыямі да зборніка служаць рэпрадукцыі карцін мастака Мікалая Казакевіча. Рыгор Бярозкін у рэцэнзіі на першую кнігу паэтэсы напісаў: «Першая кніга — кніжка ясная, свежая, росная, быццам тая раніца, з якое яна, Жэня Янішчыц, і выбегла (іменна выбегла) у літаратуру...» Відаць, у лістападзе 2018 года пройдуць самыя розныя святочныя мерапрыемствы ў знак 70-годдзя Яўгеніі Янішчыц. Будзем спадзявацца, што з'явяцца яшчэ і новыя кнігі таленавітай паэтэсы. А ў тым, што яе паэзія застанецца ў лёсе беларускага народа на стагоддзі, сумнявацца не даводзіцца.
Мікола Берлеж
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/vydavectva-mastackaya-litaratura
[5] https://zviazda.by/be/tags/kniga