Усе ведаюць, што такое Ноч музеяў і калі яна бывае, але ёсць, аказваецца, яшчэ і Доўгая ноч у музеі, якая ладзіцца ўжо 21 год у Берліне ў другой палове жніўня. Сёлета яна прыпадае на 25-е. Ад шостай вечара да другой ночы тут працуюць усе музеі. Вы якраз хацелі трапіць, скажам, у егіпецкі музей ці музей камп'ютарных гульняў, медыка-гістарычны ці так званы кабінет гравюр? Тады рамантыка ночы толькі ўзмоцніць вашы ўражанні. Значыць, трэба збірацца.
Будзеце ў канцы жніўня ці пачатку верасня ў Балгарыі — паспрабуйце перамясціцца там у Сазопаль, гэта на паўднёвым балгарскім Прычарнамор'і. Убачыце фестываль мастацтваў «Апалонія», які пачынаецца 31-га. Якіх мастацтваў? Ды ўсіх адразу і з усяго свету. Ён лічыцца самым прэстыжным святам культуры ў Балгарыі, таму ну як тут яго прапусціць?
Кірмаш Пранцішкуса — гэта тое, куды варта трапіць, апынуўшыся 7 верасня ў Вільнюсе. У гэты дзень Вільнюс ператвараецца ў старую добрую Вільню, у якой ладзяцца карнавал і гэты кірмаш. Кажуць, што найбольш цікава тым, хто любіць вырабы народных умельцаў і... піва.
8 верасня каля сцен Лідскага замка пройдзе Lіdbееr — фестываль хмелю і соладу. І хмельна там будзе, і соладка, бо нават разыграецца квэст. І нягледзячы на дарослую нагоду мерапрыемства, арганізатарамі абяцаецца шмат цікавага і карыснага для дзяцей. Ды нават калі б і не абяцалася, самі сцены Лідскага замка паспрыяюць і цікавасці, і карысці.
8 і 9 верасня на зялёнай зоне перакрыжавання праспектаў Пераможцаў і Машэрава — фестываль «Менск старажытны». Чарговы раз пабачыць турніры лучнікаў, бугурты і штурмы замкаў, паслухаць фолк і фолк-рок... А чаму б, уласна кажучы, і не?!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[4] https://zviazda.by/be/tags/afisha