Тонкія блінцы з кабачкоў
Спатрэбіцца: 800 г кабачкоў; 2 яйкі; шклянка малака; 1-1,5 шклянкі мукі; пучок кропу або пятрушкі; 2 ст. л. алею; соль на смак.
Кабачкі надзярыце на самай дробнай тарцы. Дробна нарэжце зяленіва. Гэта можа быць кроп або пятрушка, каму што больш падабаецца. Узбіце яйка з соллю. Дадайце малако і змяшайце. У тую ж ёмістасць усыпце прасеяную муку і ўзбіце цеста да аднастайнага стану. Дадайце надзёртыя кабачкі, здробненую пятрушку і дзве лыжкі алею. Змяшайце ўсё да аднастайнасці, дайце цесту пастаяць хвілін дзесяць і выпякайце блінцы. Блінцы з кабачкоў асабліва смачна есці са смятанна-часночным соусам. Для яго прыгатавання змяшайце 250 мл густой смятаны са здробненым часнаком і кропам. Можна крыху падсаліць.
Хуткая пікантная закуска — марынаваныя кабачкі
Спатрэбіцца: маладыя кабачкі — 500 г; соль — 0,5 ч. л. Для марынаду: яблычны воцат 6 % — 3 ст. л.; мёд — 2 ст. л.; 3 зубчыкі часнаку; алей — 2 ст. л.; кроп — некалькі галінак; перац чорны на смак.
Кабачкі тонка нарэзаць з дапамогай агародніначысткі. Пасыпаць соллю і пакінуць на 30 хвілін, каб сышла лішняя вільгаць. Вадкі мёд змяшаць з воцатам, здробненым часнаком, алеем, дробна нарэзаным кропам і чорным перцам. Адкінуць кабачкі на друшляк і даць сцячы лішняй вадкасці. Перакласці ў міску, паліць марынадам, змяшаць і паставіць у халадзільнік на 3-4 гадзіны. Гатовую закуску можна захоўваць у халадзільніку 3-5 дзён.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[3] https://zviazda.by/be/tags/hatnyaya-encyklapedyya