IV Міжнародная летняя школа беларусістыкі стартуе 20 жніўня ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ (РІВШ). Яе слухачамі стануць прадстаўнікі Расіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Італіі, Латвіі, Венгрыі, ЗША і Кітая.
Навучанне пройдзе па трох праграмах “А”, “В” і “С”, разлічаных на розны ўзровень моўнай падрыхтоўкі і ведаў удзельнікаў. Акрамя таго, прадугледжаны асобныя групы для тых, хто вывучае беларускую мову “з нуля”, а таксама індывідуальныя заняткі па ўдасканаленні моўных навыкаў для слухачоў “прасунутага ўзроўню”.
На працягу двух тыдняў госці школы будуць аналізаваць гістарычную і культурную спадчыну Беларусі ў фармаце работы дыскусійных груп, майстар-класаў, экскурсій і інш. Таксама вучэбная праграма ўключае 16 лекцыйных і 40 практычных заняткаў па фанетыцы, граматыцы, развіццю вуснай і пісьмовай мовы. У якасці лектараў выступяць вядомыя беларускія даследчыкі, якія пазнаёмяць слухачоў з актуальнымі пытаннямі і праблемамі беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства.
Культурная праграма для замежных гасцей уключае наведванне музеяў-запаведнікаў "Заслаўе", "Нясвіж", Нацыянальнага гістарычнага музея, музея НАН Беларусі і іншых.
Урачыстае закрыццё Міжнароднай летняй школы беларусістыкі пройдзе ў апошні дзень лета. На цырымоніі адбудзецца ўручэнне слухачам імянных сертыфікатаў аб паспяховым заканчэнні навучання.
Арганізатарам мерапрыемства выступае кафедра маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-mova