«Таямніцы Бургундскага двара»
«МІР», 26 жніўня
Высакародны рыцар граф дэ Нэвіль закаханы ў Жанну дэ Бавэ, хрэсніцу караля Людовіка ХІ. Але манарх з палітычных меркаванняў жадае выдаць дзяўчыну замуж за герцага Бургундскага. Той выкрадае Жанну, але дэ Нэвіль пад выглядам вадроўнага музыкі прабіраецца ў замак і вызваляе яе. І толькі тут даведваецца, што змагацца давядзецца не толькі за асабістае шчасце, але і за захаванне каралеўскага трона, з якога Людовіка плануе скінуць каварны герцаг...
«Прыправы і страсці»
«Беларусь 2», 25 жніўня
Індыйскія эмігранты прыехалі ў правінцыйны французскі гарадок і вырашылі адкрыць кафэ з усходняй кухняй. Але насупраць — французскі рэстаран, гаспадыня якога мадам Малары ганарыцца нацыянальнымі кулінарнымі традыцыямі і тым, што мае зорку «Мішлен». Барацьба кухняў за кліентуру пагражае перарасці ў адкрытую вайну, калі высвятляецца, што кухар-эмігрант Хасан мае бездакорны густ і лёгка спраўляецца з самымі вытанчанымі французскімі рэцэптамі...
«Джунглі клічуць! У пошуках Марсупіламі»
«Кінакамедыя», 20—25 жніўня
Кар'ера вядомага ў мінулым тэлевядучага Дэна Джэральда ляціць пад адхон, і выратаваць яе можа хіба сенсацыя. У пошуках такой журналіст адпраўляецца ў выдуманую краіну Паломбію, дзе жыве надзвычай рэдкая і загадкавая істота — рыжы даўгахвосты сумчаты Марсупіламі, нейкім чынам звязаны з сакрэтам вечнай маладосці. Магчыма, таму на жывёлку палююць вучоныя, вайскоўцы, браканьеры і шмат хто яшчэ, і вось пытанне — хто дабярэцца да Марсупіламі першым?
«Марс»
АНТ, 26 жніўня
Кожнаму хоць аднойчы хочацца кінуць усё і збегчы на ўсе чатыры бакі. Вось і вядомы баксёр Барыс, які не прайграў ніводнага бою, аднойчы настолькі расчараваўся ў жыцці, што сеў у цягнік і паехаў у невядомым напрамку. Вярнуўся ў прытомнасць герой на станцыі «Мар...с» — у правінцыйным гарадку, дзе жыве дзяўчына з самай доўгай касой у Расіі, усе гараджане працуюць на фабрыцы мяккіх цацак, а жыццё настолькі нагадвае сон, што міжволі адчуеш сябе на іншай планеце.
«Людзі на балоце. Палеская хроніка»
«Беларусь 3», 21 жніўня
20-я гады мінулага стагоддзя, савецкая ўлада дайшла ўжо і да палескіх балот. Заможныя сяляне з вёскі Курані не хочуць аддаваць свае надзелы галоце, аднак сялянскі сход вырашае, што трэба змяняць становішча да лепшага: рабіць грэблю, каб звязаць Курані з вялікім светам, і перамяраць зямлю. Ды толькі не для ўсіх новае жыццё аказалася шчасным: сялянка Ганна Чарнушка, пакрыўджаная сваім каханым, мясцовым хлопцам Васілём, насуперак уласным пачуццям выйшла замуж за Яўхіма, сына куранёўскага кулака...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/shto-paglyadzec