На пятай пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў абмяркоўвалі пытанні фінансавання.
У цэлым даходы абласнога бюджэту павялічваюцца на 16,2 мільёна рублёў. А ўласныя даходы — на 3,2 мільёна рублёў. Гэта стала магчыма ў выніку перавыканання плана па паступленні падатку на прыбытак, таму можна вылучыць дадатковыя фінансавыя сродкі.
Расходы бюджэту павялічыліся на 61,3 мільёна рублёў — у асноўным за кошт атрымання крэдыту з рэспубліканскага бюджэту.
Апроч іншага 21,6 мільёна рублёў пералічаць Камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні, каб сельскагаспадарчыя прадпрыемствы пагасілі запазычанасць перад вытворцамі «МАЗ» і «МТЗ».
На паскораную замену ліфтаў у Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку накіруюць 19,8 мільёна рублёў. Размова пра тэхніку, якая па графіку да 2021 года адпрацуе свой нарматыўны тэрмін службы. 100 тысяч рублёў — на бягучы рамонт ліфтавага абсталявання.
Для Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага дэпутаты вырашылі вылучыць 117,5 тысячы рублёў. У тым ліку і для набыцця раяля.
13 мільёнаў рублёў накіруюць на рэканструкцыю Лядовага палаца ў Наваполацку.
На прыродаахоўныя мерапрыемствы будзе вылучана 350 тысяч рублёў. У тым ліку — для будаўніцтва другой чаргі палігона цвёрдых бытавых адходаў у Віцебску — 200 тысяч рублёў.
Аршанскаму райвыканкаму пералічаць 250 тысяч рублёў — для рамонту глядзельнай залы Дома культуры ў пасёлку Балбасава.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc