Школа прыгажосці і здароўя «7 крокаў да амаладжэння» адкрылася ў Пружанах. Цяпер мужчыны і жанчыны могуць займацца на трэнажорах, наведваць інтэрактыўныя прэзентацыі па прыгажосці і здаровым ладзе жыцця, майстар-класы па макіяжы, цырульніцкай справе, доглядзе за скурай. Усё гэта ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Пружанскага ТЦСАН, піша газета «Раённыя будні».
Школа з'явілася ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. На такое паляпшэнне якасці жыцця пажылых жыхароў Пружанскага раёна са сродкаў Еўрасаюза было выдзелена каля 11 500 еўра. Трэнажорную залу абсталявалі з улікам узроставых асаблівасцяў спартсменаў, якія тут будуць займацца. Як падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, паміж арганізатарамі праекта і кіраўніцтвам раёна склаліся добрыя партнёрскія адносіны: на Пружаншчыне ўжо рэалізавана дзесяць ініцыятыў, фінансуемых ЕС.
Аляксандр Амяльчук ужо другі год запар удзельнічае ў гонках з перашкодамі Zone Race. Яго першы забег адбыўся летась, калі ён заняў другое месца, саступіўшы толькі саперніку са Светлагорска. Карэспандэнт «Калінкавіцкіх навін» сустрэўся са спартсменам.
У другіх Zone Race Аляксандр удзельнічаў у камандзе, дзе яны занялі трэцяе месца. Затым былі Bіson Race у Лагойску, іншыя старты. І вось нарэшце на чацвёртай Zone Race ў Калінкавічах яго чакаў трыумф — першае месца ў катэгорыі «профі», куды зарэгістраваліся 30 наймацнейшых спартсменаў з розных гарадоў Беларусі, а таксама з Кіева, Масквы і Санкт-Пецярбурга. Аляксандр Амяльчук прайшоў дыстанцыю ў сем кіламетраў з 25 перашкодамі за 42 хвіліны 53 секунды і апярэдзіў найбліжэйшага саперніка на восем хвілін.
Але спорт — гэта толькі хобі. Па прафесіі пераможца — чыгуначнік-пуцявік. Пасля вучылішча размеркаваўся ў сталіцу, але з лютага перавёўся ў Калінкавіцкую дыстанцыю пуці, у цэх дэфектаскапіі, дзе забяспечвае бяспеку руху цягнікоў. У вольны час Аляксандр бегае, займаецца на турніках і адпрацоўвае перашкоды. Стаўшы пераможцам, ён атрымаў кваліфікацыю на еўрапейскія гонкі, якія пройдуць у наступным годзе ў Польшчы. А ў найбліжэйшы час спартсмена можна будзе зноў убачыць на спаборніцтвах у беларускіх гарадах.
Героямі ўрачыстасці сталі найлепшыя камбайнеры Шчучынскага раёна, якія намалацілі больш за тысячу тон збожжа. У гэтай элітнай хлебаробскай камандзе 21 чалавек, піша раённая газета «Дзянніца».
Ушанавалі лідараў жніва старшыня райвыканкама Сяргей Ложачнік, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Аксана Дзесятнічэнка ды іншыя.
Пасля ўсіх добрых слоў на адрас аграрыяў, што прагучалі падчас ушанавання, усім камбайнерам-тысячнікам уручылі падарунак — пуцёўку-тур па малой радзіме.
Дарэчы, спецыяльны маршрут выхаднога дня для камбайнераў падрыхтаваў прафсаюзны тураператар, а скарыстацца ім можна будзе тады, калі аграрыі завершаць сельгасработы.
У Год малой радзімы было вырашана паказаць механізатарам брэндавыя беларускія славутасці, унесеныя ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, — Мірскі і Нясвіжскі палацы.
Жніўныя здабыткі аграрыяў Шчучыншчыны сёлета — гэта больш за 72 тысячы тон збожжа. Што яны беражліва сабраны і апынуліся ў засеках, заслуга вялікай арміі хлебаробаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/daydzhest