Далёка не па ўсіх напрамках вылятаць з суседніх краін турыстам выгадней, чым з Беларусі. Такое меркаванне выказаў старшыня Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі (РСТ) Піліп Гулы падчас круглага стала «Што і чаму трэба мяняць у сферы турызму» ў прэс-цэнтры БелТА.
«Сённяшняя сітуацыя на рынку цэн абсалютна іншая, чым яшчэ некалькі гадоў таму. Ёсць шэраг напрамкаў, па якіх з Беларусі ляцець значна больш выгадна. Думаю, што з часам гэтая сітуацыя выраўняецца, — мяркуе эксперт. — Мы маем намер зрабіць падрабязны аналіз палётных праграм у Беларусі і ў суседніх краінах. Ён пакажа рэальную сітуацыю. Думаю, у кастрычніку мы зможам прадставіць гэтую аналітыку».
Міністэрства спорту і турызму гатова падключыцца да гэтай работы і падзяліцца данымі, якія для гэтага неабходныя. «Гэта будзе карысна ўсім», — лічыць намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Мінспорту Віталь Грыцэвіч.
Піліп Гулы падкрэсліў, што турысты, якія выбіраюць танныя палётныя праграмы замежных бюджэтных авіякампаній, не заўсёды разумеюць, што гэта звязана з пэўнымі рызыкамі. Яскравы прыклад — нядаўняя сітуацыя, калі беларускія турысты не маглі вылецець на адпачынак з Кіева з-за адмены рэйсаў авіякампаніямі BravoAіrways і AndaAіr.
«Трэба акумуляваць гэты рынак у сябе ў краіне. І ў нацыянальнай авіякампаніі, і ў нацыянальнага турбізнесу ёсць жаданне і магчымасці зрабіць так, каб ад нас было вылятаць выгадней і танней», — перакананы старшыня РСТ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/turyzm