З першага дня пляцоўка стала папулярнай у гродзенцаў і гасцей горада. Многія падняліся на вышыню, каб палюбавацца цэнтральнай часткай старога Гродна, зрабіць фотасесію ці пасядзець у летнім кафэ.
Пляцоўка знаходзіцца на даху былога ўнівермага, а цяпер гандлёвага дома «Нёман», што ў цэнтры Гродна. Усе ахвотныя могуць падняцца на вышыню 25 метраў на панарамным ліфце альбо па лесвіцы.
У гандлёвым доме расказалі, што плошча новага аб'екта складае 800 квадратных метраў. Гэта самая вялікая назіральная пляцоўка ў Беларусі. Яна падзелена на зону адпачынку — лаўнж-кафэ на 100 месцаў — і тэрыторыю для праменаду. Трэба сказаць, што Гродна адзіны абласны цэнтр, дзе адкрыта кафэ на даху, такой установай можа пахваліцца толькі Мінск. А вось сталы сапраўды эксклюзіўныя. Стальніцы зроблены са старога паркету яшчэ савецкіх часоў. Як высветлілася, ён захоўваўся доўгі час у кабінетах універмага. Новае жыццё старому матэрыялу далі майстры з Санкт-Пецярбурга.
Пляцоўка ў цэнтры Гродна атрымала назву «Дахі старога горада» і будзе адкрыта для ўсіх наведвальнікаў кожны дзень да позняга вечара.
Убачыць стары горад зверху можна будзе не толькі летам, але і ў любую пару года. У халоднае надвор'е наведвальнікам прапануюць цёплыя пледы, а вось кафэ зімой працаваць не будзе. Назіраць за жыццём горада можна, седзячы на зручных лаўках, да якіх прыладжаны невялічкія столікі. Таксама можна ўтульна размясціцца ў плеценых крэслах. Аб'ект мае ўсе падставы, каб стаць новай візітоўкай горада.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/grodna