Мяркую, пабываць на “Славянскім базары ў Віцебску” мараць многія беларусы замежжа. Ну а калі ёсць мары, то варта й спрыяць таму, каб яны ўвасабляліся ў жыццё. Такімі развагамі кіраваліся мы, калі пачыналі ўласны самафінансуемы (звяртаю ўвагу на гэтае важнае слова!) праект “Пазнай сваю Беларусь”. Так што цяпер спектр дзейнасці Нарвскага беларускага таварыства “Сябры” прыгожа пашырыўся: мы пачалі вазіць экскурсійныя групы на сваю гістарычную Бацькаўшчыну. Што паказваем сябрам з Эстоніі? На маршрутных картах значацца горадгерой Мінск, а таксама Барысаў — гэта горадпабрацім Нарвы. Яшчэ наведваем Дудуткі, Мір, Нясвіж, Хатынь, Брэсцкую крэпасцьгерой, Белавежскую пушчу ды тамтэйшы Маёнтак беларускага Дзеда Мароза. Дадаем і Гродна, Аўгустоўскі канал... Гэта няпоўны пералік выдатных месцаў Бацькаўшчыны, якія наведалі ўжо беларусы ды іншыя жыхары Нарвы — разам з актывістамі нарвскай суполкі “Сябры”.
Раней так складвалася, што не быў яшчэ ўключаны ў падарожны пералік горад Віцебск — і мы тое сёлета ўлічылі. Па шматлікіх просьбах нарвскіх жыхароў зладзілі з 12 па 16 ліпеня паездку групы з 45 чалавек як у гэты абласны цэнтр, так і ў старажытны Полацк. Паездку спецыяльна прымеркавалі да часу правядзення “Славянскага базару ў Віцебску”: каб не проста наведаць Летні амфітэатр, але й акунуцца ў жывую плынь свята, пабачыць канцэрт з удзелам вядомых беларускіх артыстаў. І, вядома ж, вельмі хацелся паказаць сябрам летнюю, святочную прыгажосць гарадоў Віцебска й Полацка. Дарэчы, для нас вельмі прыемна, што разам з намі былі й чацвёра сяброў з утворанага летась Тартускага беларускага таварыства “Спадкі”. (Спадзяемся, ужо ёсць што расказаць пра ягоную дзейнасць, актывістаў суполкі й чытачам “Голасу Радзімы”? Калі ласка, сябры з Нарвы ды Тарту, дасылайце тэкст і якасныя здымкі — падрыхтуем публікацыю. — Рэд.)
“Славянскі базар” у многіх яшчэ асацыюецца з канцэртамі, хоць сама назва яго падказвае: гэта значна больш! Канцэрты, безумоўна, праходзяць у вялікай колькасці. Прычым для выступленняў разнастайных калектываў, артыстаў задзейнічаны многія пляцоўкі горада — не толькі сам Летні амфітэатр. Акрамя ж канцэртаў ёсць у Віцебску шмат іншых забавак. Гасцей ды ўдзельнікаў фэсту мы сустракалі ў Музеі Шагала, у шматлікіх сувенірных крамах “Горада майстроў” — гэтае месца ўпадабалі многія. Нарвскія вандроўнікі таксама прайшліся па бясконцых гандлёвых радах, дзе прадстаўляюць вынікі працы сваіх залатых рук майстры з Віцебшчыны ды іншых рэгіёнаў Беларусі. Наведалі мы й знакамітую пяціўзроўневую (!) выставачную залу “Духаўскі круглік”, дзе акунуліся ў гісторыю горада, а таксама “Славянскага базару ў Віцебску”.
У паўгадзіне язды ад Віцебска знаходзіцца адноўленая сядзіба “Здраўнёва”: там калісьці жыў, тварыў знакаміты мастак Ілья Рэпін. Шмат цікавага даведаліся госці з Эстоніі пра ягонае жыццё, творчасць. Задаволілі мы й вялікае жаданне нарвіцян: пабываць хоць на адным з канцэртаў фестывалю ў Летнім амфітэатры: гэтае грандыёзнае збудаванне, нагадаю, змяшчае 6247 гледачоў. Нам удалося трапіць на знакавы, юбілейны вечар кампазітара Аляксандра Марозава. Цяжка нават апісаць тыя пачуцці, якія перажылі мы на тым канцэрце: вельмі ўжо душэўным, кранальным, незабыўным ён атрымаўся.
Затым шлях наш ляжаў у Полацк. Як вядома, галоўная славутасць найстаражытнага горада Беларусі — гэта Сафійскі сабор, што нібыта белым лебедзем узвышаецца над рэчкаю Дзвіной. Ёсць і шэраг іншых цікавых мясцін. У Полацкім дзяржуніверсітэце, напрыклад, нарвскія госці пагутарылі з... механічнай галавой Сакрата. Хмурачы бровы й закочваючы вочы, мудрэц вельмі лаканічна даваў нам адказы на любыя зададзеныя пытанні. Пабывалі мы і ў геаграфічным цэнтры Еўропы, які знаходзіцца ў Полацку, прычым тое пацверджана адпаведным сертыфікатам, які атрымаў кожны з нас. Экскурсія ў знакаміты СпасаЕўфрасіннеўскі манастыр завяршыла наша знаёмства з Полацкам.
Дарога дадому, пад час якой мы дзяліліся уражаннямі ад наведвання Беларусі, не падалася доўгай. Самай высокай ацэнкай паездкі былі словы ўдзячнасці нарвскіх жыхароў у адрас “Сяброў”: за тое, што паказалі прыгажосць Беларусі, яе людзей, за атрыманае задавальненне. Некаторыя нават прызнаваліся, што пасля паездкі змянілі сваё ранейшае меркаванне пра яе — сталі сябрамі Беларусі. Вось гэта вельмі радуе! Бо, урэшце, дзеля таго ж і дзейнічае наша суполка, каб дапамагаць раскрывацца талентам землякоў, пашыраць у Эстоніі беларускую культуры, ствараць у замежжы станоўчы імідж роднай Бацькаўшчыны.
Віктар Байкачоў, Нарвскае беларускае таварыства “Сябры”
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[2] https://zviazda.by/be/tags/estoniya
[3] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy