Вёска Неглюбка на Веткаўшчыне — багатая і знакамітая сваімі ручнікамі, дыванамі і посцілкамі. Неглюбскі тканы дэкор на палатне — найвышэйшы «пілатаж» беларускага ткацтва. Не толькі ў плане тэхналогіі стварэння, але і адносна вобразнага мыслення аўтара тканага твора. Мець экзэмпляр неглюбскага ручніка — гонар для любога і калекцыянера, і музея. Многія рукадзельнікі мараць навучыцца ткаць па-неглюбску.
На базе неглюбскай школы ткацтва было вырашана правесці «пілотны» праект рамесніцка-творчага летніка, у якім былі б майстар-класы ад самабытных ткачых, агледзіны інтэр'ераў неглюбскіх хат і, нарэшце, знаёмства са славутым неглюбскім жаночым строем.
За справу летніка ўзяўся Гомельскі філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый на чале з яго крэатыўным дырэктарам і майстрам-ткачом Пятром Цалкам. Першымі ўдзельнікамі ткацкага пленэру былі толькі дванаццаць майстроў — дзесяць жанчын і два мужчыны. Яны прыехалі з Мінска, Гомеля, Брэста і Брэсцкай вобласці, гарпасёлка Акцябрскі. Спорная праца адбывалася ў цэнтры ткацтва, дзе працуе народны майстар Беларусі Людміла Кавалёва і яе творчая аднавяскоўка — вопытны спецыяліст Таццяна Суглоб. Майстрыхі вучылі пленэраўцаў азам старажытнага рамяства: снаваць аснову, рабіць навой, запраўляць і ткаць у ніты, накідваць у бёрды, вязаць і затыкаць вузлы, ткаць наборам, закладваць узоры «двойкамі» і «тройкамі»...
«Школьнікі» вучыліся таксама абрадавым песням Пасожжа і бытавым танцам Веткаўшчыны. Хадзілі па Неглюбцы ў святочных строях — гэта было ў вёсцы звычайнай справай яшчэ гадоў трыццаць-сорак таму.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-na-trynaccatuyu-0