Напярэдадні новага навучальнага года вядучыя выдавецтвы краіны прадэманстравалі вынікі працы над кнігамі для школ і выказалі гатоўнасць да далейшага плённага выпуску. Пра тое, якімі выдавецтвы бачаць падручнікі і дапаможнікі для дзяцей і настаўнікаў, як мяняецца тыраж, што новага ў кнігавыданні вучэбнай літаратуры, ішла гутарка на прэс-канферэнцыі «Выдавецтвы рэспублікі — беларускім школам» у Доме прэсы.
Сярод удзельнікаў канферэнцыі — начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Валянціна Гінчук, кіраўнікі выдавецтваў, якія спецыялізуюцца на выпуску вучэбнай літаратуры: «Народная асвета» — Вікторыя Калістратава, «Вышэйшая школа» — Аляксандр Нячай, «Пачатковая школа» — Вольга Ваніна і іншыя.
Як адзначыла Алена Паўлава, вучэбнае кнігавыданне займае значнае месца, а аб’ёмы працягваюць расці.
— Падручнікі распрацоўваюцца на конкурснай аснове. Сёння падведзены вынікі конкурсу па 100 вучэбных дапаможніках. Сярод пераможцаў кожны чацвёрты — настаўнік-практык, — заўважыла Валянціна Гінчук. Новыя вучэбныя дапаможнікі маюць свае асаблівасці: практыкаарыентаванасць, даступнасць, розныя формы прадастаўлення інфармацыі, з’яўленне большай колькасці практыкаванняў і заданняў з беларускім кантэкстам, выкарыстанне тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.
Удзялілі на канферэнцыі ўвагу і кнігам для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а менавіта з праблемамі зроку. Выдавецтва «Народная асвета» выпускае шэраг дапаможнікаў для спецыяльнай школы. Як адзначыла Вікторыя Калістратава, гэтыя падручнікі цалкам паўтараюць дапаможнікі для агульнаадукацыйнай школы. Сумесна з Міністэрствам інфармацыі рыхтуецца некалькі кніг шрыфтам Брайля для школьнай бібліятэкі. Гэта творы Івана Навуменкі, Васіля Быкава, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Андрэя Платонава, Раісы Баравіковай, Пімена Панчанкі...
Важнай часткай адукацыі з’яўляецца вывучэнне мастацкай літаратуры. Напрыклад, выдавецтва «Беларусь» перавыдала паэму Якуба Коласа «Новая зямля» па заказе Міністэрства інфармацыі з фінансавай падтрымкай тыражом 38,5 тысячы экзэмпляраў. Разнастайнасць выданняў і тыражы павялічваюцца, а кіраўнікі выдавецтваў зацікаўлены ў далейшым развіцці гэтага напрамку.
Яўгенія ШЫЦЬКА