Бадай, кожны пісьменнік свядома ці неўсвядомлена імкнецца чымсьці прывабіць, заінтрыгаваць чытачоў, прыцягнуць увагу да свайго мастацкага твора. І такімі прыцягальнымі момантамі альбо, лепш сказаць, своеасаблівымі кручкамі, на якія творцы могуць «падчапіць» зацікаўленага чытача, могуць быць і востры сюжэт з нечаканымі паваротамі, і запамінальныя персанажы, і незвычайныя метафары, і яркія карціны, і трапныя дыялогі/маналогі, і арыгінальныя думкі...
Дык за якія ж кручкі мне давялося «зачапіцца» падчас чытання новай празаічнай кнігі «На парозе раю» (Мінск: Чатыры чвэрці, 2018) Зінаіды Дудзюк? Адказ просты — найперш за прывабныя вобразы многіх галоўных і другасных персанажаў, якія зведваюць на сваім пакручастым жыццёвым шляху нямала пакут і выпрабаванняў. Прычым выпісаны гэтыя персанажы найчасцей настолькі пераканаўча, што пры чытанні амаль адразу пачынаеш ім суперажываць, хвалявацца за іх далейшы лёс, унутрана падтрымліваючы іх на пранізлівых вятрах гісторыі і на халодных хвалях штодзённага побыту.
У кнізе сем твораў: дзве аповесці («Рэванш» і «Вольны палёт»), дзве кінааповесці («На парозе раю» і «Жорсткая ініцыяцыя») і тры апавяданні («Жалезная логіка», «Ворагі народа», «Чапля»). Назвы твораў падказваюць нам, што аўтар закранае даволі вострыя асабістыя і сацыяльныя калізіі, неардынарныя жыццёвыя гісторыі. І сапраўды, перад нашымі вачыма паўстаюць няпростыя лёсы герояў на шырокім фоне моцных грамадска-палітычных узрушэнняў розных часоў — найперш пераломных падзей першай паловы ХХ ст. (вайна, палітычныя рэпрэсіі) і канца 1980-х—1990-х гг.
На маю думку, вызначальная тэма кнігі З. Дудзюк — пераадоленне. Героі пераадольваюць ці, прынамсі, імкнуцца пераадолець як неспрыяльныя знешнія акалічнасці (выпрабаванні ў ваенны і пасляваенны час, наданне кляйма «ворага народа», вымушанае беспрацоўе і безграшоўе, беспрытульнасць), так і сямейныя ды індывідуальныя крызісы (развод, здрада, адчужанасць, нешчаслівае каханне). Адметна, што большасць герояў кнігі — жанчыны, маладыя і сталага веку, і нават зусім юныя дзяўчаты. Воляй нелітасцівых лёсаў яны (часам разам са сваімі мужамі і сябрамі) вымушаны зведаць мноства выпрабаванняў і больш-менш годна прайсці праз іх. У такіх умовах натуральным чынам адбываецца своеасаблівая загартоўка драматычнымі (і трагічнымі!) падзеямі, побытавым бязладдзем, што ў выніку дае персанажам дадатковы штуршок да далейшага існавання, да адшуквання новага сэнсу жыцця.
Разнастайныя жыццёвыя перыпетыі гераінь яскрава пацвярджаюць, што лёгка можна трапіць у пастку сваіх уласных заган і нягод, але ж цяжка адтуль выбрацца і знайсці затым сваё месца пад сонцам. Менавіта надзвычай складаныя лёсы гэтых жанчын, якія нярэдка церпяць здзекі і больш-менш паспяхова праходзяць праз балючыя выпрабаванні, знаходзяцца ў эпіцэнтры кнігі.
Так, гераіня аповесці «Вольны палёт», якая разам з мужам займалася арганізацыяй канцэртаў замежных эстрадных зорак, у выніку аднаго яго подлага ўчынку (муж забраў практычна ўсе грошы і назаўсёды з’ехаў у іншы горад) апусцілася на самае дно жыцця — стала «бамжыхай» на сметніку. І калі ўжо, здавалася, няма ніякага выйсця з гэтага, па словах пісьменніцы, «вольнага палёту ў цемру і невядомасць», дзякуючы шчасліваму выпадку і дапамозе добрага пажылога чалавека, яна здолела выбрацца з жыццёвай ямы і ўрэшце стаць патрэбнай людзям. З цяжкасцю адолеўшы звычку да п’янства, яна вырашыла падзяліцца сваім вопытам з іншымі людзьмі і стала кіраўніком клуба ананімных алкаголікаў.
Кінааповесць «На парозе раю», якая і дала назву ўсёй кнізе, расказвае гісторыю звычайнай беларускі Аляўціны, жанчыны сярэдняга веку, якая паехала ў Германію на заробкі, каб дапамагчы адзінаму сыну разлічыцца з пазыкаю (нявестка пасля разводу «павесіла» на сына вялікія даўгі). Там ёй давялося прайсці праз шэраг розных выпрабаванняў, сярод якіх і неўладкаванае жыццё ў лагеры для бежанцаў, і немагчымасць знайсці пастаянную працу, і безнадзейнае каханне, і настойлівыя заляцанні мужчын, і нават спроба згвалтавання. У выніку шматмесячных вандраванняў яна канчаткова зразумела, што «нямецкі рай існуе толькі для грамадзян гэтай краіны, а такія, як я, скрозь лішнія». І перад тым, як вярнуцца назад, ёй прыйшла, відаць, адзіная магчымая ў тых неспрыяльных варунках думка: «Я павінна вярнуцца на радзіму. Родная зямля, як маці, прымае нас, знявераных і здрадлівых».
А вось дзеючыя асобы кінааповесці «Жорсткая ініцыяцыя» — маладыя беларускія хлопцы і дзяўчаты (Юрка, Вера, Дзіна, Жэнік, Косця) — мужна трымаюцца ў жахлівых умовах гітлераўскай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны. Яны і ў такіх экстрэмальных умовах працягваюць сябраваць і ўсяляк падтрымліваць адно аднаго, а таксама, часам рызыкуючы ўласным жыццём, дапамагаюць ваеннапалонным, іншым абяздоленым і пакрыўджаным. Героям твора і іх суайчыннікам даводзіцца прайсці праз голад і холад, арышты, допыты, збіццё, здрады, лагеры смерці, масавыя расстрэлы карнікамі мясцовых жыхароў і г.д. З улікам вышэйсказанага, вельмі слушную параду, актуальную для ўсіх складаных гістарычных перыядаў, даў падчас размовы свайму сыну, скрыпачу Юрку, яго бацька: «Нас б’юць, знішчаюць, а мы павінны жыць! Выжываць! Гэта наша галоўная мэта».
Многія героі твораў часта блукаюць па сцяжынах сваёй памяці, прыгадваючы пры гэтым як добрыя, прыемныя, так і сумныя, кепскія падзеі свайго дзяцінства, юнацтва і бурнай маладосці. У нейкім сэнсе можна нават сказаць, што і сама Памяць з’яўляецца яшчэ адным своеасаблівым персанажам твораў, паколькі менавіта яна адыгрывае вельмі важную (а часам і вызначальную) ролю ў паводзінах, мроях і светаўспрыманні некаторых герояў. Так, персанажы апавядання «Жалезная логіка» — сямейная пара пенсіянераў, якія вырашылі зрабіць для сябе своеасаблівы «дзень адведкаў маладосці» і паехаць у Брэст, дзе калісьці вучыліся ў адным інстытуце, а пазней працавалі настаўнікамі ў адной школе. І там муж гераіні, дзякуючы выпадковай сустрэчы, згадаў былую таемную закаханасць у маладую выкладчыцу Ларысу і тое, як з-за таго непадзеленага кахання ён з атручэннем транквілізатарамі трапіў у рэанімацыю, а праз нейкі час нават у псіхіятрычную лячэбніцу. У гэтай гісторыі паказальным з’яўляецца тое, што галоўны герой і цяпер, пасля сарака гадоў, пражытых разам з жонкай, не можа вызваліцца ад тых даўніх успамінаў і, нягледзячы ні на што, па-ранейшаму спадзяецца на сустрэчу з прыгажуняй Ларысай. Калі не ў гэтым жыцці, то, прынамсі, на тым свеце.
Пра вялікую ўладу мінулага над жыццём чалавека расказвае і аповесць «Рэванш». Гераіня твора — пажылая жанчына Клаўдзія Міхайлаўна. Яна падрабязна распавядае маладой журналістцы пра сваё доўгае і насычанае разнастайнымі падзеямі няпростае жыццёбыццё. З іх давяральных размоў высвятляецца, што яе, смелую падпольшчыцу і партызанскую сувязную, па надуманым і цалкам недарэчным даносе аднаго нкусаўца абвясцілі «ворагам народа», схільным да «шпіёнскай дзейнасці», за што спачатку адправілі ў турму, а затым на доўгія гады выслалі ў далёкую Сібір. Дык вось гэтая бабуля, пра светлыя і цёмныя старонкі біяграфіі якой змагла даведацца журналістка, аднойчы сказала вельмі слушныя і трапныя словы: «Мінулае нікуды не знікае, яно заўсёды з намі».
Новы зборнік празаічных твораў Зінаіды Дудзюк пакідае пазітыўнае ўражанне дзякуючы лёгкаму чытэльнаму стылю, добраму веданню жыцця розных сацыяльных катэгорый насельніцтва, а таксама відавочнаму ўменню пісьменніцы будаваць востры сюжэт, выстройваць змястоўныя і трапныя дыялогі. Праўда, усё-такі нельга абмінуць і той факт, што ў кнізе, на жаль, нярэдка сустракаюцца прыкрыя памылкі (дакладней, памылкі друку і элементарныя «ляпы»), якія звычайна бываюць пры недастаткова ўважлівай працы адпаведных рэдактараў і карэктараў. Лічу, што часткова такая сітуацыя можа быць патлумачана яшчэ і тым, што кніга, як пазначана ў самым канцы выдання, «публікуецца ў аўтарскай рэдакцыі». Але ж у цэлым гэта не змяншае заўважнай каштоўнасці праведзенай аўтарам тытанічнай работы, што выявілася ў прыкладанні вялікіх фізічных, інтэлектуальных і духоўных высілкаў у працэсе стварэння запамінальных вобразаў і ўражлівых карцін, яркіх і жывых характараў.
Эдуард ДУБЯНЕЦКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka