Каб цудоўных эмоцый хапіла кожнаму, дзеячы культуры Салігорска вырашылі не абмяжоўвацца адной вялікай урачыстасцю, а распачаць цэлы шэраг мерапрыемстваў. Сёння ўстанова налічвае 23 творчыя калектывы, так што відовішчаў для гараджан павінна хапіць на цэлы год.
— Усе калектывы аб'яднаны творчымі праектамі. Кожная ўзнагарода нашых артыстаў метафарычна набліжае святочную дату. Мы спадзяёмся, што гэтым разам нашы гледачы змогуць «зазірнуць за кулісы» і па-іншаму ацаніць працу культурнага работніка, — прыадкрыла інтрыгу дырэктар Палаца культуры Аксана КУКЛІЦКАЯ.
Пра новае бачанне згадана не здарма. Ужо дзесяць гадоў, як у Палацы дзейнічае народны тэатр. Гэтым разам яго ўдзельнікі рыхтуюць асаблівы юбілейны спектакль. Малады і крэатыўны рэжысёр Аляксандр Бародка абяцае паказаць унутранае жыццё ўстановы культуры і запрасіць чытача ў творчую прастору артыстаў. У нечым падобныя і адначасова адрозныя рысы мае праект пад кіраўніцтвам Галіны Каракі, кіраўніка тэатра музыкі і паэзіі «Сугучча» і куратара аб'яднання творчых людзей «Лабірынт». Паэты, музыкі, выканаўцы песень прапанавалі правесці сярод ветэранаў і цяперашніх работнікаў культуры марафон «Асабіста датычны». На эмблеме мерапрыемства — працоўная кніжка з пячаткай Палаца культуры і паметкаю «Службовы ўваход». Яскравы намёк на шчырасць, якую, як вядома, не заўсёды атрымаеш на ўваходзе «парадным».
Студыя жывапісу для юнацтва і дарослых працуе пры ўстанове ўжо 49 гадоў. Яе нязменны кіраўнік Яўген Смунёў разам з іншымі ўдзельнікамі падрыхтавалі спецыяльную выстаўку, прысвечаную 60-годдзю роднага горада з назвай «Салігоршчына — куточак Беларусі». А вось заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца «Сузор'е» пад кіраўніцтвам Вадзіма Матанцава прывёз каштоўны падарунак да юбілею ажно з Балгарыі. На трэцім міжнародным фестывалі-конкурсе «Славянскі вянок» салігарчане ўзялі дзевяць першых месцаў! «Юбілейнай» дзясятай стала ўзнагарода самога кіраўніка Вадзіма Пятровіча — пісьмо падзякі «За гарманічнае ўвасабленне ідэй на сцэне. Найлепшаму рэжысёру-пастаноўшчыку».
Акрамя творчага напаўнення, салігорскі Палац культуры папрыгажэе і вонкава. У будынка адрамантуюць фасад, а на пляцоўцы побач з'явіліся каваныя лавачкі для адпачынку. Яшчэ адзін штрых — пад вялізнай елкай «прыпыніцца» скрыпач з кветкамі ў кішэнях. Вобраз будучай металічнай скульптуры таксама распрацоўвалі мясцовыя мастакі.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ragneda-yurgel
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/saligorsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultra
[5] https://zviazda.by/be/tags/palac-kultury-0