«Прачытаў, што дзве маладзіцы паміж сабою — швагеркі, і адразу палез у тлумачальны слоўнік. Там напісана, што швагерка — жончына сястра. Атрымліваецца, што паміж сабой жанчыны могуць быць ятроўкамі, калі замужам за братамі? Калі ж адна з іх замужам за братам другой, тады першая для другой братавая, а другая для першай залвіца. Так ці не?» — пытае спадар Старых з Гомеля.
Спадарыня Вікторыя з Асіповічаў цікавіцца, як па-беларуску «поспорить» (у сэнсе на нешта) і ці ёсць у нашай мове слова «прадастаўляць».
На моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.
1. У нашай мове ёсць шмат слоў, якія абазначаюць жанчын паводле адносін да іншых людзей у сям'і, родзе. Аднак тут мы нагадаем значэнні толькі некаторых, магчыма, менш ужывальных:
Усе гэтыя словы былі патрэбнымі і карыснымі нашым продкам на працягу стагоддзяў. А значыць, могуць паслужыць і нам, зразумела ж, калі выкарыстоўваць іх у адпаведнасці са значэннямі.
2. У рускай мове ёсць выразы «держать пари», «идти на пари».
У нашай мове іх сэнс перадаецца адпаведнымі ўстойлівымі спалучэннямі са словам «заклад»: мы гаворым пайсці ў заклад (пабіцца аб заклад), выйграць заклад. А зварот спорим, что (нехта нешта зробіць або не зробіць) можна перадаць як гатовы пабіцца аб заклад, што або іду ў заклад, што.
3. Слова прадастаўляць у беларускай літаратурнай мове няма, хоць пад уплывам рускай яго, здараецца, і ўжываюць. Аднак рабіць гэтага зусім не варта, бо для перадачы значэння рускага слова «предоставлять» у нас ёсць свае сродкі. Гэта і даваць (магчымасць), і аддаваць (нешта ў нечае распараджэнне), і надаваць (права), і пакідаць (каго-небудзь на самога сябе), і выдзяляць (сродкі), і прапаноўваць (новы план работы начальству) і іншыя. А таму, спадарства, шукайма словы ў роднай мове, не пазычаючы іх там, дзе без гэтага можна абысціся.
У абарону слоў
Ёсць у нашай мове слова брамнік (вартаўнік пры браме). Яно пазначаецца ў слоўніках як устарэлае. І яно патрэбнае перш за ўсё для аўтараў гістарычнай прозы. Напрыклад: Брамнік з грукатам адчыніў перад возам браму (У. Караткевіч).
А вось футбольнага гульца, які стаіць на варотах, лепш называць варатаром. Гэтае слова ўжываецца ў такім значэнні не першае дзесяцігоддзе. Яно пададзена яшчэ ў «Руска-беларускім слоўніку» (1953 год), ёсць у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (1977—1984 гады). Ды і нядаўні спецыялізаваны «Руска-беларускі слоўнік па фізічнай культуры і спорце» (2013 год) перакладае рускі тэрмін «вратарь» менавіта як «варатар», «запасной вратарь» — «запасны варатар» і гэтак далей.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/mouny-praktykum