Грамадска-палітычны штомесячнік «Беларусь» выходзіць трыма выпускамі — на розных мовах: беларускай і рускай, кітайскай і англійскай.
Традыцыяй стала рыхтаваць спецыяльныя выпускі выдання, прысвечаныя тым ці іншым краінам, развіццю адносін з якімі дадаецца пэўны прыярытэт. Жнівеньскі нумар «Беларусі» пабачыў свет з «узбекскім выпускам», які адкрываецца гутаркай з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь спадаром Насірджанам Юсупавым. Амбасадар расказвае пра тыя абсягі эканамічных і палітычных зносін, якія сёння характарызуюць памкненні нашых краін да суладных крокаў у развіцці партнёрства. «Паміж нашымі народамі, хоць геаграфічна яны далёкія, вельмі шмат агульнага. Беларусы — гэта такі самы добры, адкрыты, душэўны народ, як і ўзбекі», — выказвае такую думку Насірджан Юсупаў.
У жнівеньскай «Беларусі» — падрабязны расповед пра жыццё і творчасць народнага песняра Беларусі Якуба Коласа ў Ташкенце ў час Вялікай Айчыннай вайны. Між іншым, са сталіцай Узбекістана звязаны і лёсы іншых літаратараў Беларусі — Сцяпана Ліхадзіеўскага, Эдзі Агняцвет, Міхася Модэля, Аркадзя Мардвілкі, Віктара Галаўчынера. Пра беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі таксама вы зможаце прачытаць на старонках жнівеньскай «Беларусі». «Казбек і іншыя» — нарыс пра узбекістанцаў, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ёсць у часопісе і старонкі пра нашага земляка з Магілёўшчыны — Героя Савецкага Саюза Гемела Станкевіча, у гонар якога была названа адна з вуліц Ташкента. А яшчэ ў часопісе вы сустрэнецеся з народнай паэтэсай Узбекістана Зульфіёй, два паэтычныя зборнікі якой былі выдадзены ў Мінску на беларускай мове. Яшчэ ў 1960-я гады Зульфія прыязджала ў Мінск, гасцявала ў іншых гарадах Беларусі, а ў час вайны сустракалася ў Ташкенце з Якубам Коласам.
Сяргей Шычко
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/chasopis
[4] https://zviazda.by/be/tags/chasopis-belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarusy