Убачыць унікальныя архіўныя фотаздымкі Мінска, зробленыя амаль паўстагоддзя таму, і адноўленыя на іх аснове лакацыі сусветна вядомай анлайн-гульні «World of Tanks» і трапіць з дапамогай першых і другіх у беларускую сталіцу 60—70-х змогуць усе наведвальнікі незвычайнай перасоўнай выстаўкі «Мінск рэальны і віртуальны».
Экспазіцыя — своеасаблівы падарунак Мінску ад Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і кампаніі Wargamіng. Усе ахвотныя могуць параўнаць рэальныя фотаздымкі, зробленыя з 1956 да 1984 года, і скрыншоты з гульні і ацаніць маштаб і глыбіню працы каманды з больш як 45 мастакоў і тэхнічных спецыялістаў, якія цягам 10 месяцаў у шчыльным кантакце з гісторыкамі «ажыўлялі» ў віртуальнасці ўчастак Мінска, ключавымі кропкамі якога сталі плошча Перамогі, Белдзяржцырк, Дом-музей І з'езда РСДРП, Оперны тэатр і парк імя Горкага. «Плошча ўчастка прыкладна кіламетр на кіламетр, — заўважае прадукт-менеджар Мінскага цэнтра распрацоўкі WoT Ілья Фукалаў, — і нашай задачай было зрабіць карту не толькі прыгожай, але і максімальна рэалістычнай».
— Прыемна тое, як адказна і беражліва распрацоўшчыкі гульні падышлі да рэалізацыі праекта — паказаць як мага большай колькасці людзей Мінск 60—70-х гадоў, калі горад яшчэ працягваў аднаўляцца пасля вайны. Магчыма, у перспектыве гэты момант «выстраліць» у турыстычным і культурным плане, калі гульцы з розных краін свету захочуць на ўласныя вочы ўбачыць, як выглядае Мінск сёння, — адзначае дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька.
Выстаўка будзе праходзіць у Нацыянальным гістарычным музеі да 24 жніўня, потым пераедзе ў гандлёва-забаўляльны цэнтр «Gallerіa Mіnsk», а фінішуе 9 верасня ў парку Перамогі.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-gistarychny-muzey
[4] https://zviazda.by/be/tags/wargaming-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/vystauka