20 жніўня завяршыўся прыём дакументаў на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Але ў шэрагу прафесійна-тэхнічных устаноў сталіцы запоўніліся не ўсе бюджэтныя месцы, таму на іх абвешчаны дадатковы набор.
Як паведаміла загадчыца сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена ЧАРНЫХ , прыём дакументаў падоўжаны пераважна ва ўстановах будаўнічага профілю.
— У цяперашні час гэты напрамак досыць запатрабаваны сярод заказчыкаў кадраў. Заработная плата ў такіх работнікаў перавышае сярэднюю па горадзе. Будаўнікі запатрабаваныя і патрэбныя, і прадпрыемствы-заказчыкі кадраў гатовыя ісці насустрач — заключаць з патэнцыяльнымі навучэнцамі мэтавыя дагаворы. Аднак гэта накладае і пэўныя абавязацельствы: тэрмін адпрацоўкі пасля навучання па мэтавым дагаворы павялічваецца на адзін год, і гэта адпужвае абітурыентаў.
Так, у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў імя Каменскага засталіся незапоўненыя месцы на спецыяльнасцях “аддзелачныя будаўнічыя работы” (4), “вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ” (17), “сталяр-цясляр” (10). Прыём вядзецца на базе 11 класаў.
У Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі №12 будаўніцтва чакаюць выпускнікоў базавай школы на спецыяльнасцях “цясляр; сталяр; мантажнік каркасна-ашалёвачных канструкцый сухога будаўніцтва “ (10 месцаў). На ўзроўні 11 класаў у ліцэі гатовыя прыняць па 13 чалавек на спецыяльнасці “тынкоўшчык; маляр” і”тынкоўшчык; мантажнік каркасна-ашалёвачных канструкцый сухога будаўніцтва”.
У Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кедышкі маюцца вакантныя месцы на базе 9 класаў на наступных спецыяльнасцях: “муляр; мантажнік будаўнічых канструкцый; электразваршчык ручной зваркі” (18 ), “абліцоўшчык сінтэтычнымі матэрыяламі; тынкоўшчык; цясляр” (18 ). На базе 11 класаў — “тынкоўшчык; абліцоўшчык-плітачнік” (6 ), “электрагазазваршчык; каваль ручной зваркі” (12).
У Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі дадатковы набор вядзецца на базе 9 класаў на спецыяльнасцях “комплекснае абслугоўванне і рамонт будынкаў і збудаванняў” (20 месцаў), “аддзелачныя будаўнічыя работы” (13). На базе 11 класаў — “аддзелачныя будаўнічыя работы” (10); “санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” (20).
У Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 7 будаўніцтва незапоўненыя засталіся месцы на базе 9 класаў на спецыяльнасцях “аддзелачныя будаўнічыя работы ( 3 чалавекі) ; “аддзелачныя будаўнічыя работы; вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ” (13 чалавек), “аддзелачныя будаўнічыя работы. санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” (18 чалавек), “сталярныя, паркетныя і шкляныя работы; эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” (14 чалавек), “тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання машын і механізмаў; тэхналогія зварачных работ” (4 чалавекі). На базе 11 класаў: “садова-паркавае будаўніцтва” (15 чалавек), “тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання машын і механізмаў” (14 чалавек).
І 12 месцаў на розных спецыяльнасцях не запоўніліся ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 10 будаўніцтва.
Дадатковы набор навучэнцаў працягнецца па меры камплектавання груп, аднак скончыцца не пазней за 15 верасня.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya