Летнія канікулы ў вёсцы — ва ўсіх сэнсах цёплы і сонечны час. Бязмежная свабода: гульні, сябры, прыгоды, галоўнае — няма ніякіх урокаў. Сапраўды, ніякіх? Галоўная гераіня аповесці «Дары Бога» Ганны Чыж-Літаш Алёна Сінічкіна — дзяўчынка з прозвішчам быццам з «Ералаша», расце ў шчаслівай сям’і і чарговы раз прыязджае на ўсё лета да бабулі ў вёску. Дзяўчынка прывезла цэлую торбу цацак, але па сюжэце зазірне ў яе толькі пару разоў, бо ў яе тут шмат сяброў. Яе чакаюць звычайныя дзіцячыя справы — веласіпед, шалаш, марожанае, гульні ў мяч, сваркі паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі. І тут закрадаецца ўсемагутнае «але», з якога і вырастае любы аповед.
Сюжэт, у якім чысты сэрцам чалавек сутыкаецца з несправядлівасцю, жорсткасцю і цяжкасцямі, можна лічыць хрэстаматыйным. Умовы, у якія трапляе галоўная гераіня аповесці, на першы погляд здаюцца стэрыльнымі: рамантычнае апісанне вясковай мясцовасці, добрая і клапатлівая бабуля, сябры і цэлае лета наперадзе... Калі табе дзесяць гадоў, большага шчасця і не трэба.
Аднак у светапоглядзе гераіні адбываецца пералом. З аднаго боку, прычына адразу заяўлена ў анатацыі: у суседнім доме пасялілася дзяўчынка Жэня Клюквіна, якая не можа хадзіць, і знаёмства з ёй мяняе стаўленне да жыцця. Паколькі Жэня не можа ўдзельнічаць у гульнях на вуліцы, Алёна становіцца для яе ледзь не адзіным сродкам сувязі з сусветам.
Дзесяцігадовая дзяўчынка раптам усведамляе, што людзі, і ў прыватнасці дзеці, бываюць жорсткімі. Калі ва ўласнай сям’і пануе любоў і павага, калі прывыкаеш так ставіцца да ўсіх, вельмі няёмка становіцца ад таго, што нехта проста так, дзеля саперніцтва альбо ў якасці помсты за нейкую дробязную крыўду, можа пабіць, распускаць зняважлівыя плёткі ад недахопу ўвагі. Але такія паводзіны не заўсёды цалкам характарызуюць чалавека. «Ацэньвай учынкі, а не чалавека», — быццам кажа аўтар юным чытачам. Уся кніга прасякнута такога роду дыдактыкай: «рабі дабро», «будзь смелым і абараняй родных», «сям’я і сябры — галоўнае ў жыцці». Кавалачкі агульнай маралі зусім не прыхаваныя вобразамі, яны проста прагаворваюцца персанажамі. Гэта дазваляе меркаваць, што аповесць разлічана на ўзроставую катэгорыю галоўных герояў і бярэ на сябе выхаваўчую функцыю. Разам з падрабязным і рамантычным апісаннем прыроды і побыту, акрэсленасцю месца і часу аповесць дае ледзь не эталонны прыклад дзіцячай літаратуры.
Назва твора і тое, што замест прадмовы ў пачатку надрукавана малітва, выклікае пэўныя чаканні і асацыяцыі, напрыклад, са зборнікамі мілых дзіцячых апавяданняў Барыса Ганага, у якіх малітва або паход у царкву абавязкова дапамагае справіцца з цяжкасцямі жыцця. Але ў гэтым творы, на дзіва, рэлігіі адведзена вельмі мала месца. Адзін раз галоўная гераіня моліцца перад сном, пару разоў гэтая тэма гучыць у размовах, але вера ў Бога не падаецца як асноўны матыў добрых учынкаў. Мэта аповесці — выхаваць адказных і сумленных людзей.
І ўсё-такі нельга сказаць, што кніга разлічана выключна на дзяцей: вельмі многа згадак пра тое, што менавіта дарослыя робяць дзяцей няшчаснымі. Спосабы ў іх вельмі розныя: проста не звяртаць увагі, абражаць словамі або публічным пакараннем. Усе гэтыя праявы можна растлумачыць абыякавасцю да пачуццяў, жаданняў дзяцей, да іх існавання ўвогуле. Мадэлі сем’яў, у якіх дзеці толькі перашкаджаюць дарослым, пабудаваны часам гіпербалізавана, але ў цэлым не пазбаўлены рэалістычных рыс. Жорсткія дарослыя не паважаюць і не шкадуюць не толькі дзяцей, — гэтыя вобразы створаны абсалютна бессумленнымі і бессаромнымі, гатовымі ганяцца за цешчай па агародзе з сякерай ці проста так забіваць маленькіх кацянят. Дзесяцігадовыя людзі, якія вераць у справядлівасць і дабрыню, аказваюцца абсалютна разгубленымі і безабароннымі.
Асобнае месца ў тэксце адводзіцца выключна дарослай праблеме — п’янству. Алкагалізм — хвароба ледзь не ўсіх дарослых мужчын, якія сустракаюцца ў аповедзе. Апісанне праяўленняў хваробы ў творы вельмі адасобленае, нават з выкарыстаннем канцылярызмаў кшталту «любіцелі злоўжываць».
Гэтая праблема выклікае ў дзяцей яшчэ большую разгубленасць, бо яны проста не разумеюць, як трэба рэагаваць. Пашкадаваць хворага? Альбо баяцца жорсткага дарослага, які не кантралюе сябе? На прыкладзе бабулі галоўнай гераіні паказана хрысціянская мадэль паводзін у такой сітуацыі — цярпець і дапамагаць, несці свой крыж. Ніякага «ці вартае яно таго?» нават не ўзнікае. Ніякага варыянта вылечыць хваробу таксама не прадбачыцца.
Здавалася б, Жэня Клюквіна, дзяўчынка-інвалід, сяброўства з якой заводзіць Алёна, павінна была стаць адной з цэнтральных персанажаў тэксту. Але вобраз яе абсалютна статычны, быццам уведзены толькі для таго, каб зрабіць ідэйны стрыжань міласэрнасці і важнасці сяброўства. Дзяўчынка аднойчы расчаравалася ў людзях і замкнулася ў сабе, але прыходзіць галоўная гераіня і адразу ж, з першай сустрэчы, прывязвае да сябе Жэню, пазбаўляючы яе ўсіх сумненняў. Жэня Клюквіна не толькі прыгожая і таленавітая, але і вокамгненна пазбаўляецца комплексаў, страху перад сусветам і недаверу да людзей. Або проста робіць гэта ўсё «па-за кадрам» апавядання і служыць толькі сродкам раскрыцця характару галоўнай гераіні і аб’яднання дзяцей вёскі ў адну добразычлівую кампанію. Апісанне выхаду Жэні да дзяцей, якія сабраліся каля яе дома з падарункамі, нечакана збіваецца на нейкі паўмагічны транс, па якім складана адразу здагадацца, ці выйшла дзяўчынка насамрэч з дому або яе прымроілі. Гэты эпізод стварае ўражанне сполаху, які прамільгнуў і знік, пакінуўшы толькі адбітак на сятчатцы, што зноў жа пацвярджае нейкую эфемернасць і сімвалічнасць вобраза Жэні. Яна стала нагодай, каб усе дары Бога сабраліся ў адным месцы, як пад святочнай ёлкай.
Дары Бога. Светлы і незваротны час дзяцінства. Самы шчаслівы час. Вядома, калі чалавечая абыякавасць ды жорсткасць не закранула цябе. Пра кветкі жыцця трэба клапаціцца не менш, чым пра свой агарод, сцвярджае аўтар. Бо нават найлепшая кніга не здольная навучыць быць міласэрным і сумленным чалавекам так, як гэта могуць зрабіць бацькі.
Дар’я СМІРНОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka