Аператары рэдка трапляюць у кадр. Але аператара Юрыя Марухіна можна было здымаць падчас працы асобна. І нават яго аператарскія ўчынкі вартыя таго, каб іх зафіксаваць у кадры. Гэта цяпер здымаюць стрымы і відэа рызыкоўных людзей, каб адразу выкласці ў сеціва. А прафесійны подзвіг Юрыя Марухіна зафіксаваны ў кадрах дакументалістаў, калі дзеля прыгожай панарамы Мінска ён з камерай сядзіць на верталёце. Тое, дзеля чаго ён гатовы быў ісці на рызыку, засталося ў кадрах, знятых ім самім жа. Тое, што вельмі дзівіла ў кіно ў савецкі час, — яго адчуванне прыгажосці. Яго імкненне да гармоніі ў кадры, пра якое не заўсёды думаюць цяпер. Таму варта ўзгадаць гэтага чалавека.
80-годдзе Юрыя Марухіна сёлета стане нагодай для вечарыны ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», успомніць калегу збіраюцца майстры беларускага і расійскага кіно. Але памяццю пра майстра з’яўляецца і прыз за працу аператара імя Юрыя Марухіна, што ўручаецца на фестывалі. Яго прымаюць з гонарам. Нездарма.
Дакладнасць светаадчування, якая метафізічным чынам расцякалася па ўсім фільме. Гэта магла быць дакументалістыка (нават вельмі пафаснага савецкага зместу) ці мастацкія стужкі, на якіх Юрый Марухін працаваў як кінааператар. І гэтага ён потым вельмі хацеў дасягнуць у карцінах, якія ствараў як рэжысёр ужо з іншымі аператарамі. І вось дзіва: трапіўшы ў Мінск юнаком яшчэ падчас вучобы ў інстытуце, ураджэнец Разаншчыны застаўся тут назаўсёды. Мала таго, ён здолеў зняць фільмы з такім глыбокім адчуваннем Беларусі, што пасля іх прагляду кожны, нават знаўца гісторыі і культуры, перажываў адкрыццё далучанасці да зямлі, якая нараджае герояў, умее загойваць раны і адраджацца з попелу, валодае чароўнай прыцягальнасцю. Усяго ў прафесійнай скарбонцы Юрыя Марухіна больш за 35 фільмаў (мастацкіх і дакументальных). Некаторыя ляглі на паліцу з-за неразумення кінаначальствам асаблівай эстэтыкі. Звернем увагу на асобныя работы, у якіх выразна адчуваецца кінамова Марухіна, праз якую мы разумеем Беларусь.
«Магіла льва», знятая рэжысёрам Валерыем Рубінчыкам у 1971 годзе, стала адкрыццём у многім дзякуючы аператару Юрыю Марухіну. Паэма Янкі Купалы вельмі паэтычна загучала і ў кіно — гэта было неверагодна. Князь Машэка, які адстойвае гонар — свой і народа — уяўляецца дасканалым героем, які хоча справядлівасці і ладу на сваёй зямлі, бо яна таго вартая. Гэта паказвае камера — праз шматлікія метафары, якія візуалізуюць сюжэт і словы Купалы такім чынам, што глядач літаральна ўцягнуты ў тое, што адбываецца ў яго перад вачыма.
Магчыма, гэтую глыбіню адчування Юрый Марухін напрацаваў на папярэдніх карцінах, у прыватнасці «Усходні калідор» (1966 г.) рэжысёра Валянціна Вінаградава: тут часы Вялікай Айчыннай вайны, тэма мінскага падполля. Пра людзей, якія маглі думаць пра сябе, але былі гатовы да ахвяры. Пра людзей, якія павінны былі трымацца разам і не раскалоцца, каб выжыць і змагацца. Здавалася б, такая патрыятычная тэма для таго часу, але лёс фільма аказаўся незайздросным, яго нават папракалі ў антымастацкасці. Пры тым, што дзеля кадраў, напоўненых драматызмам, Марухін як аператар тут «лятаў» над здымачнай пляцоўкай, узняты на тросы.
Фільм «Маці Урагану» (1990 г.) паводле Уладзіміра Караткевіча адметны тым, што над ім Юрый Марухін працаваў і як рэжысёр, і як аператар. Сялянскае паўстанне XVIII стагоддзя супраць князя Радзівіла. І герой Васіль Вецер, які не хацеў супрацьстаяння, але воляю лёсу ўзначальвае пратэст. Юрый Марухін не шукаў лёгкіх шляхоў: у той час здымаць экранізацыі з гістарычнымі касцюмамі было не надта проста. Але ён меў сваё меркаванне пра добрае кіно, лічыў, што кінамастацтва павінна нараджаць любоў да прыгожага, годнага. І да той зямлі, якая любіць усіх. І ўсіх прымае (гэтая думка гучыць у яго тэлефільме «Радаўніца»). Юрыя Марухіна не стала ў снежні 2001 года.
У яго было шмат планаў — як творцы і як аднаго з тых людзей, што ўплывалі на існаванне кінагаліны. Але тое, што здзейснена, варта пераглядаць як кінакласіку — не толькі беларускую, нават сусветную.
Марыя АСІПЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-asipenka
[2] https://zviazda.by/be/tags/kino