Народны ансамбль беларускай песні “Купалiнка” з Тальяці выступаў на вялікім міжнародным свяце “Александрыя збірае сяброў” ды іншых сцэнічных пляцоўках Беларусі.
Гэтым летам удалося нам здзейсніць чарговую творчую і сяброўскую паездку ў Беларусь. Гурт “Купалінка” быў запрошаны выступіць на вялікім свяце Купалле “Александрыя збірае сяброў”, што ладзілася на Магілёўшчыне, у прыгожай мясціне ля Дняпра, і на “Фестываль сяброў” у горад Ваўкавыск — на Гродзеншчыну. Дарэчы, у велізарным Купаллі, пра якое тут гаворка, паўдзельнічалі сёлета гурты, музыкі, салісты з васьмі краін. Усяго ж, казалі нам, на сцэнічных і тэматычных пляцоўках свята шчыравалі звыш паўтары тысячы чалавек. Во маштаб! Што радуе: і мае выхаванцы гожа глядзеліся ў тым вясёлым святочным карагодзе — разам з творчымі камандамі з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі, нават Японіі.
Спачатку, аднак, прыехаўшы ў Беларусь, мы запыніліся ў Магілёве. Потым рушылі ў аграгарадок Александрыя: 60 кіламетраў ад абласнога цэнтра. Дарэчы, Александрыя і ёсць, нагадаю, малая радзіма Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Вось дзе нам пашчасціла выступаць перад шматтысячнай аўдыторыяй. І мае артысты былі на вышыні, заваявалі ўдзячную публіку сваёй артыстычнасцю, запалам, душэўнасцю. На фэсце ўвогуле панавала сяброўская атмасфера: спевы, музыка, добрыя ўсмешкі людзей... Паказваліпрадавалі свае вырабы народныя ўмельцы, шматлікія прамысловыя прадпрыемствы. Я ж, калі пабачыла родную мне эмблему Бабруйскай кандытарскай фабрыкі “Чырвоны харчавік”, то ўсіх сваіх падахвоціла да пакупак. І мы набралі столькі прысмакаў для сябе й сваіх родных у Тальяці! Зладжана працавалі з намі галоўны рэжысёр Наталля Майсеева, намесніца дырэктара абласнога метадычнага кабінета Іна Балаўнёва, спецыяліст Святлана Сярбаева, наш куратар Таццяна Баташына: усё было пад іх добрым кіраўніцтвам. Нават дождж не змог перашкодзіць святу. Там жа ў нас з’явіліся новыя творчыя кантакты — пазнаёміліся, у прыватнасці, з кіраўніком ансамбля “Белы птах”, дырэктарам Палаца культуры Мінскага трактарнага завода. Спадзяюся, мы яшчэ сустрэнемся.
Калі ўжо цямнела, на свята прыехаў і сам Аляксандр Рыгоравіч. Але толькі ганаровыя госці занялі свае месцы (а ў мяне, дарэчы, быў 2 рад, месца 22), з неба лінуў моцны дождж. Хоць людзі й заставаліся на месцах, але толькі гадзіны праз паўтары, калі дождж перастаў, канцэрт прадоўжыўся. А пасля яго быў вельмі прыгожы салют. І Прэзідэнт быў з намі разам — да самага заканчэння свята. Варта яшчэ нагадаць, што гэтае Купальскае свята штогод праходзіць у маляўнічым месцы, каля моста пры Дняпры, які злучае не толькі Александрыю й Копысь, але й дзве вобласці: Магілёўскую ды Віцебскую. Гэтае незабыўнае свята, казалі нам, ладзяць супольна Міністэрства культуры, Магілёўскі аблвыканкам ды Шклоўскі райвыканкам. Вось бы й нам, думалася, нешта падобнае для Тальяці пераняць!
Наступным днём у Магілёве была ў нас экскурсія па горадзе, музеях. Пабачылі найцікавы помнік “Астролаг” — ля кінатэатра “Радзіма”, у самым цэнтры горада. (Там, дарэчы, і мясцовая плошча Зорак — па вуліцы Ленінскай. Сёлета ж у Памятную кнігу ганаровых грамадзян абласнога цэнтра ўнесена імя Валерыя Казакова, які ў свой час узначальваў Федэральную нацыянальнакультурную аўтаномію “Беларусы Расіі”. Мы пісалі ўжо, што паэту, пісьменніку, культурнаму й грамадскаму дзеячу Беларусі ды Расіі званне “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прысвоена за значны ўклад у захаванне й развіццё гістарычнакультурнай спадчыны горада на Дняпры. Так што й ягоную імянную зорку тым, хто будзе ў Магілёве, раім паглядзець. — Рэд.)
Кожны год, як бываю ў Беларусі з сваімі юнымі сябрамі, паказваю ім Хатынь, замкі Мірскі ды Нясвіжскі, а таксама Нацыянальную бібліятэку, Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета ж яшчэ дадаўся Гістарычны музей і Музей беларускага касцюма. Была ў нас творчая сустрэча з народным фальклорным ансамблем “Вербіца”. Падобныя кантакты для нас — найкаштоўныя: мы наладжваем супрацоўніцтва, абменьваемся досведам працы. Маё знаёмства з кіраўніком, артыстамі “Вербіцы” пачалося з 2005 года, цяпер і мая “Купалінка” — у сяброўскім коле. Пад час нашай сустрэчы былі абыграны, з паглыбленнем у прыхаваныя сэнсы, нюансы, беларускія старадаўнія ды сучасныя песні. Аляксандр Свірскі — а ён кіраўнік мінскага гурта — высока ацаніў выканальніцкі ўзровень артыстаў з Тальяці. Асабліва ж адзначыў вакал — гэта заслуга нашага дасведчанага хормайстра Інэсы Лопаравай, а таксама даволі чыстае беларускае вымаўленне. Апошняе мне пачуць было вельмі прыемна, бо я ж сама й займаюся з “купалінцамі” беларускай мовай.
Карыснай была й наша сустрэча з кіраўніцай Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольгай Антоненкай, яе намесніцай Валянцінай Грышкевіч. Нам падарылі набор кніг на беларускай мове. Мы ж распавялі пра ўражанні ад удзелу у свяце ў Александрыі. Сустракаліся і з Упаўнаважаным па справах рэлігіі ды нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам, яго намеснікам Аляксандрам Сасновіч. Леанід Паўлавіч пацікавіўся: што ў нашых планах? Расказалі. Вельмі дзякавалі яму, роднай Беларусі за цудоўныя беларускія касцюмы, у якіх гурт выступае, за кнігі, нам падораныя. Дарэчы, па Мінску мы хадзілі ў сваёй фірмовай вопратцы — нас пазнавалі. Увогуле ж пачулі велізарную колькасць падзяк ад жыхароў Беларусі: за тое, што шануем беларускую культуру, жывучы ў Расіі. Юныя артысты жывуць у Тальяці, а спяваюць на чыстай беларускай мове. Прычым нашы нават выпадковыя знаёмцы казалі й пра вакал, харэаграфію — ім усё запомнілася: бо Купалле ў Александрыі паказвалі па ўсіх беларускіх тэлеканалах.
Вандроўка наша працягнулася ў Ваўкавыску. Там праходзіла не менш цікавая і таксама грандыёзная па сваіх маштабах імпрэза: “Фэст сяброў”. Артысты “Купалінкі” ў чарговы раз паказалі сваё майстэрства, тым і заслужылі падзяку мясцовай публікі ды кіраўніцтва горада, вобласці, Міністэрства культуры. На адной сцэне ў Ваўкавыску выступалі вядомыя калектывы з Беларусі, Польшчы, Украіны, Румыніі.
У Ваўкавыску ж мы падпісалі новае Пагадненне аб супрацоўніцтве з райвыканкамам (ранейшае — у 2011-м). Старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько ўручыў памятныя сувеніры ўсім удзельнікам “Купалінкі”, а кіраўнік упраўлення адукацыі Пётр Красько запрасіў нас наведацца ў дзіцячы аздараўленчы лагер “Рось”. Там дзеці й падлеткі падарылі нам кветкі, вырабленыя сваімі рукамі, паказалі сваю канцэртную праграму. Мы ж спявалі песні з рэпертуару “Купалінкі”. Потым была дыскатэка: усе перазнаёміліся, нават расставацца не хацелі. Ды ўсё ж давялося. Наш гурт выступіў не толькі на галоўнай сцэне фестывалю, але і ў прыгожых, вельмі сучасных аграгарадках Рось і Невяровічы. Выступленне гасцей з Тальяці дружна падтрымлівалі жыхары аграгарадкоў. (Як Рось жыве цяпер — можна паглядзець, пачытаць і ў інтэрнэце http://volkovysk.by/ lenta-novostej/kak-zhіvet-belarusnaprіmere-poselka-ross.html Дарэчы, тэкст і здымкі размясціў жыхар горада Мурманска, які ўжо не першае летам з сям’ёй адпачывае на Ваўкавышчыне. — Рэд.)
У апошні наш дзень у Ваўкавыску старшыня Краснасельскага выканкама Людміла Дзямешчык запрасіла нас у аквапарк санаторыя “Пралеска”. Раней я бывала там з іншым складам артыстаў, мы там выступалі, сустракаліся з кіраўніцтвам. Штораз нас прымаюць там вельмі гасцінна галоўны ўрач Мікалай Кухарчык, намеснік кіраўніка па ідэалагічнай працы прадпрыемства “Краснасельскбудматэрыялы” Генадзь Найдзюк. Там, у санаторыі, вельмі прыгожая мясціна, чыстае паветра. І яшчэ нас там чакалі прыемныя сюрпрызы: салодкі стол, а таксама сувенірлялечка “Пралеска”.
Увогуле паездка была плённай. “Купалінка” вярнулася ў Тальяці з дыпломамі лаўрэата “Фестывалю сяброў” і “Александрыя збірае сяброў”. Наша Мясцовая грамадская арганізацыя “Беларуская нацыянальнакультурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці” ўшанавана Ганаровай граматай: за перамогу ў конкурсе “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой” ад Упаўнаважанага па справах рэлігій ды нацыянальнасцяў. Суполка “Нёман” адзначана й дыпломам РЦНК — за перамогу ў конкурсе “Культура”.
Граматы атрымалі шэраг актывістаў нашай суполкі, ад імя кіраўніцтва РЦНК падзячныя лісты прывезлі мы й парнёрам па працы ў Тальяці. “Купалінцы” адчулі дабрыню і сардэчнасць беларусаў. З сабой мы прывезлі кнігі на беларускай мове, падораныя нам. Вялікі дзякуй усім, хто нам дапамагаў!
Людміла Дзёміна, кіраўніца суполкі “Нёман”, мастацкая кіраўніца гурта “Купалінка”, г. Тальяці
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy