Марыя Гаварушка — жанчына, чые кулінарныя прысмакі любіць не толькі сям'я, але і добрая частка пакупнікоў міні-рынку ў Івацэвічах. Карэспандэнт «Івацэвіцкага весніка» сам пакаштаваў яе піражкі.
Летась у верасні выйшаў Указ Прэзідэнта, які пашырыў спіс відаў дзейнасці, якімі можна займацца, не адкрываючы ўласнага прадпрыемства. Гэта і стала нагодай для сям'і Марыі задумацца пра сваю невялікую справу. Успомнілі, як яе ўнук Улад расказваў, што на школьным кірмашы піражкі расходзіліся лётам, і вырашылі выйсці з імі на рынак.
Амаль усё жыццё Марыя працуе кухарам у дзіцячым садку «Вясёлка». Вучылася гэтай прафесіі ў раённым райспажыўтаварыстве. Пры ім працавала школа кухараў, а жанчына якраз на той час за мужам прыехала ў Івацэвічы з Брэста. Убачыла аб'яву, што набіраюць у гэтую школу, і пайшла. З таго часу мінула больш за 30 гадоў, і ў садку яна нязменны кухар.
Гатаваць піражкі ёй дапамагае дачка. Спачатку на продаж рабілі малымі партыямі і гандлявалі толькі некалькі разоў на тыдзень. Цяпер ужо, набіўшы руку і знайшоўшы сваіх пастаянных пакупнікоў, з новай партыяй Марыя прыходзіць на рынак ледзь не штодзень, пакуль на асноўнай рабоце адпачынак.
Першае выязное пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва прайшло ў Свяцілавічах. Члены камісіі на чале са старшынёй Веткаўскага раённага Савета дэпутатаў Віктарам Масейкавым імкнуліся разабрацца, чаму ў гэтым сельсавеце найбольшы паказчык па ўтрыманстве ў раёне. Разам з імі вывучаў праблему і карэспандэнт «Голасу Веткаўшчыны».
Па папярэдніх звестках, у гэтым сельсавеце пражывае больш за 60 грамадзян, якія падпадаюць пад дзеянне Дэкрэта «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». На сустрэчу з камісіяй запрасілі некалькіх жыхароў Свяцілавічэй і Глухоўкі, якія не працуюць, а таксама прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый.
Гісторыі ў прысутных розныя. Кагосьці звольнілі за ўжыванне алкаголю на працы. Іншы атрымлівае заробак «у канверце». Малады чалавек не хоча працаваць за тую плату, якую яму можа прапанаваць прадпрыемства, таму знаходзіцца ў працяглым пошуку новага месца. Цяпер стаіць задача перад мясцовымі ўладамі разабрацца ў кожным канкрэтным выпадку і прапанаваць варыянты афіцыйнага працаўладкавання. Але, здаецца, не ўсе жыхары ў гэтым зацікаўлены.
Як ідуць справы з прыёмам і перапрацоўкай другаснай сыравіны, высвятляў карэспандэнт «Маладзечанскай газеты». Інжынер па ахове навакольнага асяроддзя УП «Камунальнік» Анастасія Радкевіч расказала, што зроблена ў гэтым кірунку ў раёне.
«У Маладзечне дзейнічаюць сем стацыянарных прыёмных пунктаў другаснай сыравіны. Яшчэ тры створаны ў раёне», — канкрэтызуе Анастасія. Прымаюць сыравіну і два мабільныя пункты. Увогуле, на другасную перапрацоўку можна здаць макулатуру, шклабой, ПЭТ-бутэлькі, поліэтыленавую плёнку, каністры, флаконы з-пад мыйных сродкаў, адпрацаванае тэхнічнае масла, зношаныя аўтамабільныя шыны, складаную бытавую тэхніку...
Мабільныя прыёмныя пункты працуюць па заяўках. Машына выязджае, калі трэба забраць 50 і больш кілаграмаў адходаў. Непатрэбныя халадзільнікі, тэлевізары, газавыя пліты, мікрахвалевыя печы і іншыя рэчы можна самастойна даставіць на ўчастак прыёмкі, сартавання і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў УП «Камунальнік». Калі тэхніка ў поўнай камплектацыі, за кілаграм заплацяць 25 капеек.
«У хуткім часе будзе ўведзена ў эксплуатацыю лінія па перапрацоўцы ПЭТ-бутэлек. Тады другое жыццё набудзе і гэты від адходаў. А вось выкарыстаныя батарэйкі можна пакінуць ва ўсіх спецыялізаваных магазінах, а таксама ў ГЖРЭУ. У некаторых аб'ектах гандлю ўстаноўлены спецыяльныя кантэйнеры для ртутных лямпаў», — адзначыла Анастасія Радкевіч.
Спецыяліст паведаміла, што за студзень — ліпень УП «Камунальнік» сабраў і адправіў на далейшую перапрацоўку прыкладна 588 тон адходаў паперы і кардону, 500 — шкла, 117 — палімераў, 125 — зношаных шын, 7 — электрычнага абсталявання, шэсць тон адпрацаванага тэхнічнага масла. У параўнанні з мінулым годам колькасць здадзеных другасных рэсурсаў у раёне павялічылася.
Надзея АНІСОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne