«Аб'яднанне ў горадзе камбінатаў школьнага харчавання ў адзіную структуру дазволіць больш якасна забяспечыць арганізацыю харчавання выхаванцаў устаноў адукацыі», — такую думку выказаў падчас жнівеньскага форуму педагагічных работнікаў сталіцы старшыня Мінгарвыканкама Андрэй ШОРАЦ.
Нагадаем, што сёння харчаванне школьнікаў у Мінску арганізуюць дзевяць камбінатаў школьнага харчавання, і ў гэтай сістэме задзейнічана больш як дзве тысячы чалавек.
— Арганізацыя харчавання — першае, што мяне хвалюе як кіраўніка горада, — падкрэсліў Андрэй Шорац. — І я лічу, што ад гэтага працэсу не павінны дыстанцыравацца кіраўнікі ўстаноў адукацыі, бо ўсе негатыўныя факты, якія ўскрываюцца кантрольнымі і праваахоўнымі органамі, сталі магчымыя ў тым ліку з маўклівай згоды адміністрацыі нашых устаноў адукацыі. Вы павінны займаць больш прынцыповую пазіцыю і ўказваць калегам, камбінатам школьнага харчавання на тыя праблемы і недапрацоўкі, якія ўсё яшчэ маюць месца ў іх рабоце.
Звяртаючыся да педагагічнай грамадскасці, мэр сталіцы канстатаваў, што заўсёды з радасцю прымае ўдзел у традыцыйным для горада дыялогу — жнівеньскім форуме педагагічных работнікаў, які праходзіць напярэдадні новага навучальнага года.
— У педагогаў асаблівая аўра. Калі кантактуеш з вамі, атрымліваеш каштоўны вопыт. Разам з тым ёсць нюансы, якія ўносяць лыжку дзёгцю ў бочку з мёдам. Напрыклад, сітуацыя з 7-й дапаможнай школай. Няправільна, што дарагія трэнажоры стаялі гадамі і не выкарыстоўваліся з папушчальніцтва выкладчыка або кіраўніка, — звярнуў увагу старшыня Мінгарвыканкама. — Кіраўнікі ўпраўленняў адукацыі павінны быць больш прынцыповымі ў выяўленні і ацэнцы дзеянняў таго ці іншага прадстаўніка адміністрацыі школы і калектыву.
Паколькі падчас форуму прагучала заўвага наконт актуальнасці напаўнення сайтаў устаноў адукацыі карыснай для бацькоў інфармацыяй (па ўзаемадзеянні з сям'ёй, па выхаванні дзяцей і іншай), Андрэй Шорац выказаў сваё меркаванне па гэтай праблеме:
— А ці трэба нам напаўняць сайт кожнай навучальнай установы поўнай, разгорнутай інфармацыяй па ўсіх кірунках дзейнасці сістэмы адукацыі? Можа, варта стварыць у горадзе адзіны магутны інфармацыйны рэсурс, на якім любы ахвотны зможа атрымаць звесткі аб тым, куды і як звяртацца пры ўзнікненні тых ці іншых праблем, знайсці прафесійную і кампетэнтную інфармацыю па актуальных пытаннях?
Гэтыя яго словы педагогі сустрэлі апладысментамі.
Ён параіў таксама быць больш настойлівымі і паслядоўнымі ў дасягненні пастаўленых мэт: «Калі трэба будаваць дашкольныя ўстановы большай магутнасці (з напаўняльнасцю да 350 чалавек), значыць, трэба іх будаваць. Шчыра кажучы, я быў упэўнены, што мы гэта пытанне ўжо вырашылі, але сёння даведаўся, што аказваецца, яно па-ранейшаму актуальнае...», — канстатаваў старшыня Мінгарвыканкама.
Жнівеньскі форум педагагічных работнікаў «Сталічная адукацыя: стратэгія фарміравання ключавых кампетэнцый XXІ стагоддзя» сабраў каля 500 педагагічных работнікаў сталіцы, кіраўнікоў адміністрацый раёнаў, прадстаўнікоў Мінгарвыканкама і Міністэрства адукацыі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/harchavanne-u-shkolah
[5] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya