Ліст у рэдакцыю даслаў наш пастаянны чытач Аркадзь Абрамавіч Пільшчыкаў са Слоніма. «Апошнім часам з прычыны сталага ўзросту зацікавіўся рубрыкай «Краіна здароўя». Прачытаў вельмі карысную гутарку пра халестэрын з урачом Таццянай Плісюк, апублікаваную ў нумары ад 11 ліпеня [4]», — піша Аркадзь Абрамавіч і просіць больш падрабязна растлумачыць дзеянне прэпарату мілдранат. У прыватнасці, у матэрыяле паведамлялася, што ён паляпшае мазгавую дзейнасць, стан печані і міякарда. Прэпарат свабодна прадаецца ў аптэках, у той жа час у спартсменаў гэта забаронены сродак.
Адказвае загадчык аддзялення прафілактыкі 31-й гарадской паліклінікі Мінска Таццяна ПЛІСЮК:
— Па сутнасці, мілдранат стымулюе метабалічныя працэсы ў нашым арганізме. Дзейнае рэчыва прэпарату — мельдоній — уяўляе сабой структурны аналаг рэчыва, якое знаходзіцца ў кожнай клетцы арганізма чалавека. Ён дастаўляе кісларод у клеткі ў адпаведнасці з іх патрэбай. Таксама адказвае за ачышчэнне клетак ад таксічных прадуктаў абмену і абараняе іх ад пашкоджання. За кошт рэгулярнага ўжывання арганізм вытрымлівае большыя нагрузкі і хутчэй аднаўляе энергетычныя рэзервы. Гэта дазваляе выкарыстоўваць яго для лячэння і прафілактыкі розных праблем сардэчна-сасудзістай сістэмы, кровазабеспячэння мозга. Таксама прэпарат прызначаецца пры павышаных фізічных і разумовых нагрузках. Ён добра падыходзіць пры ішэміі, паколькі здатны скарачаць некратычныя зоны і паскарае перыяд аднаўлення. Пры сардэчнай недастатковасці прэпарат дазваляе павысіць скарачальнасць міякарда і павялічвае ўстойлівасць цела да фізічнай нагрузкі. А з наступленнем ішэмічных парушэнняў мазгавога кровазвароту ён паляпшае цыркуляцыю крыві ў пашкоджанай зоне і садзейнічае пераразмеркаванню крыві на карысць пацярпелага ўчастка. Але ў вострую фазу мілдранат не з'яўляецца прэпаратам першай дапамогі. Таксама яго важна правільна спалучаць з іншымі прэпаратамі, бо ён можа выклікаць гіпатэнзіўны эфект.
Мілдранат прызначаюць у комплекснай тэрапіі пры хранічнай сардэчнай недастатковасці, ішэмічнай хваробе сэрца (інфаркт, стэнакардыя), кардыяміяпатыі, хранічных і вострых парушэннях мазгавога кровазабеспячэння. Таксама ён карысны пры зніжэнні працаздольнасці, у пасляаперацыйны перыяд дапамагае зменшыць тэрмін рэабілітацыі, прызначаецца пры праблемах з сятчаткай вока. У пацыентаў, якія пакутуюць на хранічны бранхіт ці бранхіяльную астму, прэпарат выступае ў якасці імунамадулятара.
Мілдранат каштоўны тым, што дапамагае назапашваць у клетках арганізма неакісленыя тлустыя кіслоты, садзейнічае рэгуляцыі сілкавання клетак кіслародам, актывізуе гліколіз, паляпшае харчаванне мышцаў, за кошт чаго павышаецца эфектыўнасць трэніровак, і зніжае стомленасць. Акрамя таго, мілдранат здольны забяспечваць дадатковую абарону сардэчнай мышцы пры перагрузках. Гэтыя ўласцівасці і сталі асновай для ўключэння яго ў 2016 годзе ў спіс забароненых для спартсменаў.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] http://zviazda.by/be/news/20180710/1531233113-yak-i-navoshta-svoechasova-vyyaulyac-uzroven-halesterynu
[5] https://zviazda.by/be/tags/mildranat
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[7] https://zviazda.by/be/tags/leki
[8] https://zviazda.by/be/tags/urachy
[9] https://zviazda.by/be/tags/halesteryn