Даследаванні літаратуразнаўцаў — сёлетніх намінантаў на Нацыянальную прэмію — зацікавяць розных чытачоў, бо прыкметна адрозніваюцца тэматыкай і метадалогіяй. Да ўвагі журы прапануюцца тры кнігі: «Маляўнічая сіла слова» Зінаіды Драздовай, «Смехъ зъ болестию смешанъ будеть» Івана Штэйнера і «Лірычны поўдзень» Расціслава Бензярука. Пра першыя два выданні газета «ЛіМ» пісала ўжо (Я. Натавец «Калі літаратура асвятляе», No 22 за 2 чэрвеня 2017 г.; А. Лапіцкая «Карысна, смела, інфарматыўна», No 52 за 29 снежня 2017 г.; Ж. Капуста «Смех па-нашаму», No 21 за 18 чэрвеня 2018). Кніга Р. Бензярука пакуль застаецца «на дэсерт».
Зінаіда Драздова — кандыдат філалагічных навук, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі — прапануе шырокі разгляд у параўнальна-тыпалагічным плане моўна-стылёвых праблем майстэрства і мастацкасці сучасных празаікаў, прадстаўнікоў беларускай і рускай літаратур. Даследчыца супастаўляе тэматычна блізкія творы, у якіх узнімаюцца маральныя, этычныя праблемы. Значная ўвага надаецца адметнасці індывідуальнага стылю, нацыянальнаму каларыту мастацкіх твораў. З. Драздова звяртаецца да творчасці вядомых сучасных беларускіх празаікаў: Алены Брава, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Казлова, Алеся Наварыча. Што тычыцца рускай літаратуры, то тут аўтар аналізуе прозу Канстанціна Паўстоўскага, Валянціна Распуціна, Аляксея Саланіцына, Васіля Бялова.
Кніга «Маляўнічая сіла слова» вучыць глыбей разумець мастацкі твор, вызначаць асаблівасці стылю — і гэта істотна, бо найвялікшае інтэлектуальнае задавальненне ад вобразных, лірычных твораў, напісаных у рамантычнай танальнасці, атрымлівае менавіта дасведчаны чытач.
Доктар філалагічных навук прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Іван Штэйнер упэўнена сцвярджае, што беларуская літаратура не вельмі вясёлая ды смяхотная, а значыць, «самая хрысціянская ў свеце, бо ўяўляецца суцэльным плачам». Аднак і ў айчынным прыгожым пісьменстве даследчык знаходзіць дасціпныя творы, якія дапамагаюць даследаваць прыроду смеху.
Пра падхалімства, ляноцтва, насалоду, самалюбства і іншых служак вялікай багіні Дурасці Іван Штэйнер разважае разам са знакамітымі філосафамі і пісьменнікамі Франсуа Рабле, Эразмам Ратэрдамскім, Вальтэрам, Бернардам Шоу. Нягледзячы на наяўнасць парадыйных, камічных, сатырычных эпізодаў у айчыннай літаратуры, даследчык усё ж прыходзіць да высновы, што герой беларускага прыгожага пісьменства — чалавек надта сур’ёзны, каб блазнаваць ды цешыцца жартамі. «Не магла Дурасць пусціць магутныя карані на нашым балоце. Клімат не той, не тыя людзі, не тыя ідэалы. Ды і зарадзілася яна па зусім іншых законах».
Манаграфія чытаецца вельмі лёгка, і аматары эсэістыкі ды інтэлектуальнай прозы з задавальненнем паразважаюць разам з аўтарам над адметнасцямі не толькі беларускай літаратуры, але і беларускага менталітэту, пакручастага гістарычнага лёсу.
Кніга «Лірычны поўдзень» пісьменніка Расціслава Бензярука належыць да нешматлікіх даследаванняў па літаратурным краязнаўстве другой паловы ХХ ст.
Аўтар запрашае ў родную сэрцу Жабінку, дзе паўстагоддзя дзейнічае аб’яданне творчых людзей пры газеце «Сельская праўда». «Сапраўды, не адным вывазам тарфакрошкі жыве чалавек. Трэба даць яму нешта і для душы», — пастанавіў галоўны рэдактар жабінкаўскай раёнкі ў 1967 годзе — і з таго часу 6—7 разоў на год у газеце з’яўляецца літаратурная старонка.
Літаб’яднанне ў Жабінцы гуртуе людзей вынаходлівых, захопленых і бадзёрых. Таму і кніга Р. Бензярука атрымалася бадзёрай ды пазітыўнай. Калі б шаноўнаму Івану Штэйнеру давялося пагартаць жабінкаўскую раёнку, то ён, напэўна, напісаў бы крыху іншую манаграфію... Бо творы, змешчаныя ў «Лірычным поўдні», яскрава сведчаць, што палешукі вельмі любяць пародыі, эпіграмы, сяброўскія шаржы. Вось і Расціслаў Бензярук пры магчымасці перапыняў свой гістарычны нарыс вясёлымі творамі землякоў-літаратараў.
«Лірычны поўдзень» — гэта найперш расповед пра аб’яднанне творчых людзей «Плынь». Але ёсць тут і інфармацыя пра Альбіна Дзяконскага — першага знанага літаратара, які паходзіць з сучаснага Жабінкаўскага раёна, і звесткі пра літаратурныя сустрэчы ў рэдакцыі раёнкі, і творчыя партрэты мясцовых празаікаў і паэтаў. Чула і зычліва піша Расціслаў Бензярук пра Васіля Гадульку — аднаго з самых вядомых аўтараў «Сельскай праўды». У выданні змешчана багата вершаў, гумарэсак, твораў малых празаічных жанраў, успамінаў пра кур’ёзныя і вясёлыя здарэнні.
Літаратурнае жыццё ў рэгіёнах — тэма надзвычай важная, бо здольнасць мясцовых аўтараў арыгінальна і займальна расказаць пра сучасную літаратуру — гарантыя шырокай (у геаграфічным плане) цікавасці да беларускага мастацтва слова. Асабліва важна паразумецца з моладдзю, бо менавіта з беларускай глыбінкі паходзіць большасць выбітных пісьменнікаў, чые творы займелі безліч удзячных чытачоў, даследчыкаў, перакладчыкаў.
Юлія ШПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka