«Інферна»
«Беларусь 2», 8 і 9 верасня
...Спецыяліст па рэлігійных сімвалах прафесар Роберт Лэнгдан прытомнее ў адной з італьянскіх бальніц, цалкам страціўшы памяць. Мясцовы ўрач спрабуе дапамагчы вучонаму ўспомніць, што з ім адбылося, каб з яго дапамогай расшыфраваць схаваныя ў першай частцы «Боскай камедыі» Дантэ падказкі і спыніць загадкавых злачынцаў, якія збіраюцца распаўсюдзіць смяротна небяспечны вірус. Словам, прыхільнікаў творчасці Дэна Браўна трылер зацягне з першых кадраў.
«Неабдуманы»
«Кінакамедыя», 7 і 9 верасня
14-гадоваму вундэркінду Ілаю, які экстэрнам скончыў школу, з-за ўзросту адмовілі ў прыёме ў Гарвард, і ён вымушаны паступіць у трэцясортны каледж Уітмен. Тут хлопец сустракае другую крайнасць — першакурсніка Леа, якому ўжо... 41 год. Да таго ж такіх розных студэнтаў пасялілі разам у інтэрнаце, і цяпер ім проста неабходна стаць сябрамі, каб разам пастаяць за сябе.
«Не гульня»
СТБ, 9 верасня
Герой мастацкай стужкі «Беларусьфільма», прысвечанай 100-годдзю Узброеных Сіл краіны, — праграміст Аляксей, які стварае камп'ютарныя гульні, але адчувае «несапраўднасць» падзей у іх. Таму, уявіце сабе, вырашае пайсці ў армію, каб на сабе выпрабаваць хлеб танкіста і наогул вайсковыя рэаліі. Як водзіцца, вайсковая служба змяняе маладога чалавека і вонкава, і ўнутрана, і ў выніку ён знаходзіць новых сяброў, новыя мары і наогул перажывае «перазагрузку» ўсяго свайго жыцця.
«Вяртанне высокага бландзіна»
«МІР», 8 верасня
Сціплы скрыпач Франсуа Перэн, якому воляй лёсу выпала сыграць у шпіёнскія гульні, вымушаны зноў вярнуцца ў гэта амплуа. Новы міністр унутраных спраў, які раней быў міністрам сельскай гаспадаркі Францыі, знайшоў дасье на высокага бландзіна і загадаў прадставіць яму «суперагента». Контрразведчыкі сцвярджаюць, што агент загінуў пры выкананні спецаперацыі, аднак міністр настойвае, каб цела прывезлі на радзіму, і тады найміты выпраўляюцца ў Рыа-дэ-Жанэйра, дзе Перэн мірна жыве са сваёй каханай Крысцін, каб забіць яго...
«Трое ў лодцы, не лічачы сабакі»
«8 канал», 9 верасня
Трое лонданскіх сяброў, Джордж, Гарыс і Джэй, вырашаюць вырвацца з душнага і бруднага горада на ўлонне прыроды — дакладней, зладзіць актыўны адпачынак і сплавіцца па Тэмзе на лодцы ў «чыста мужчынскай кампаніі», у якую ўваходзяць яны самі і фокстэр'ер Манмарэнсі. Ці трэба казаць, што планы аказаліся далёкімі ад рэчаіснасці і чаканы спакойны водпуск ператварыўся ў чараду прыгод і кур'ёзаў, шчодра прыпраўленых самымі рознымі эмоцыямі, гумарам і рамантыкай?
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/shto-paglyadzec