Цалкам добрае надвор'е для аграрыяў чакаецца ў краіне ў пачатку верасня, перадаюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Гледзячы на свае карты, сіноптыкі абяцаюць нам, што верасень пачнецца з летняга надвор'я. У гэтыя выхадныя будзе адчувацца ўплыў цёплай няўстойлівай паветранай масы, якая паступае з тэрыторыі Украіны. Пры такой сінаптычнай сітуацыі прырода парадуе ўсіх нас працягам лета, будзе анамальна цёпла. Тэмпература паветра ўначы ў суботу і нядзелю складзе ад плюс 10 да плюс 16 градусаў, а ўдзень будзе ад плюс 22 па паўночным захадзе да 28 цяпла па паўднёвым усходзе краіны. Месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень магчымы навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах будуць узнікаць туманы. Вецер прагназуецца няўстойлівы, ноччу слабы, днём умераны.
Калі з цяплом у нас больш чым добра, то з ападкамі недабор. Самае засушлівае надвор'е ў жніўні было на ўсходзе Магілёўскай вобласці, дзе за месяц без малога выпала ўсяго 15—20 % месячнай нормы ападкаў, — перадае Белгідрамет. А ў краіне праводзіцца ўборка кукурузы на сілас. «Для атрымання якасных кармоў уборку сіласных пасеваў мэтазгодна правесці да наступлення поўнай спеласці. У найбліжэйшы час умовы надвор'я ў асноўным будуць спрыяць паспяванню зерня кукурузы і правядзенню ўборкі», — адзначылі ў Белгідрамеце.
З-за павышанага тэмпературнага рэжыму і больш ранняй сяўбы тэмпы развіцця кукурузы апярэджваюць мінулагоднія. Па апошніх даных аграметэаралагічных назіранняў, на большасці плошчаў у паўднёвых абласцях і ў цэнтральных раёнах Беларусі ў кукурузы ідзе паспяванне — наступіла васковая спеласць зерня, месцамі адзначаная яго поўная спеласць.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore