30 жніўня ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» адбылася беларускамоўная прэм'ера фільма «Мой сябар жырафа» вытворчасці Нідэрландаў. Агучку і пераклад стужкі выканала кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velcom. 1 верасня ў гонар пачатку навучальнага года ўсе дашкольнікі і малодшыя школьнікі атрымаюць падарункі ад «Беларускіх уікэндаў». Тэматычныя маляванкі з героямі новага фільма «Мой сябар жырафа ў Беларусі» будуць уручаны юным гледачам на стандартных сеансах фільма ў Мінску.
- Мы падыходзім да кожнага фільма індывідуальна, стараемся максімальна дакладна перадаць гледачу яго настрой. «Мой сябар жырафа» – гэта вельмі добрая, павучальная гісторыя пра сяброўства для ўсёй сям'і, лепшы фільм для паказу 1 верасня. У маляванках дзеці змогуць захаваць яскравыя ўспаміны пра фільм, яго знаходлівых герояў, пра бесклапотныя летнія дні. Думаю, пачатак навучальнага года з вясёлай гісторыяй на беларускай мове стане для дзяцей і іх бацькоў адным з самых цёплых сямейных успамінаў. Фільм асабліва спадабаецца тым юным гледачам, якія гэтак жа, як і яго галоўны герой, збіраюцца ў першы клас, – падзяліўся кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.
- Казкі Ані Шмідт добра вядомыя ў Нідэрландах, я таксама чытаю іх сваім дзецям, таму я шчаслівы, што фільм паводле яе кнігі паказваюць у Беларусі, – адзначыў пасол Каралеўства Нідэрланды ў Рэспубліцы Беларусь Паўл ван Ааствэйн. – Я лічу, што і ў Беларусі, і ў Нідэрландах дзеці ўспрымуць фільм «Мой сябар жырафа» аднолькава добра: гэта гісторыя пра важнасць сяброўства, тэма, якая зразумелая людзям ва ўсім свеце.
Па ініцыятыве velcom упершыню ў гісторыі праекта «Беларускія ўікэнды» пракат стужкі стартаваў у Віцебску, а пасля працягнуўся ў іншых гарадах. «Шырокі пракат фільма па ўсёй краіне – адна з самых значных падзей ў гісторыі праекта «Беларускія ўікэнды». Мы рады, што ў гледачоў па ўсёй краіне будзе магчымасць паглядзець кіно на беларускай мове», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.
У Мінску да 5 верасня ўключна фільм будуць паказваць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Дом кіно», «Кіеў», «Мір», «Кастрычнік», «Піянер», «Ракета», «Салют», «Цэнтральны», Falcon Club, а таксама ў кінатэтрах сеткі Silver Screen, уключаючы velcom cinema. З 6 па 12 верасня фільм «Мой сябар жырафа» можна будзе пабачыць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Кіеў», «Мір» і «Ракета». У кінатэатрах «Дом кіно» і «Піянер» апошнія сеансы стужкі пройдуць 8-9 верасня.
Білеты на паказы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў. За абнаўленнямі праекта сачыце на сайтах kinakong.by [1] і velcom.by [2].
Дар'я СПЕВАК
Спасылкі
[1] http://kinakong.by/
[2] http://velcom.by/
[3] https://zviazda.by/be/tags/velcom-a1