Міністэрства адукацыі, культуры, спорту, навукі і тэхналогій Японіі збіраецца налета пачаць эксперымент па ўкараненні сістэм штучнага інтэлекту ў школьную адукацыю. У ходзе эксперымента ў школьнікаў на працягу чатырох гадоў будуць збіраць даныя, у тым ліку — аб іх паспяховасці, адказах на тэставыя заданні. Адпаведную інфармацыю прааналізуюць потым пры дапамозе штучнага інтэлекту, паведаміла ТАСС са спасылкай на японскую газету Thе Yоmіurі Shіmbun. У найбліжэйшы час вызначыцца колькасць школ па ўсёй краіне, якія прымуць удзел у праекце. Для яго рэалізацыі ўлады Японіі выдзеляць дадатковы бюджэт. А як арганізаваны адукацыйны працэс на розных кантынентах?
Шкаляры Старога Свету
У большасці выпадкаў еўрапейскім першаклашкам звычайна па шэсць гадоў. У Італіі бацькі могуць самі вырашаць, калі адправіць дзіця ў школу — настаўнікі па законе абавязаныя прымаць нават пяцігадовых. Часцей за ўсё больш складаныя прадметы — напрыклад, матэматыка або родная мова — ставяцца ў раскладзе на першую палову дня, асабліва ў малодшых класах. Стандартны набор — матэматыка, мовы, дакладныя навукі, гісторыя і грамадазнаўства — прысутнічае ўсюды, аднак акцэнты расстаўляюцца па-рознаму. Напрыклад, у Італіі лічыцца, што літаратура — занадта складаны прадмет для 13—14-гадовых вучняў, таму ў праграме ёй адведзена зусім няшмат гадзін.
У большасці краін Еўропы навучальны год стартуе ў пачатку восені, а дакладная дата можа змяняцца ў залежнасці ад асаблівасцяў рэгіёна. У гарачай мясцовасці, напрыклад, вучням могуць даць лішні тыдзень адпачынку восенню, каб яны нагналі яго зімой. Па ўсім Старым Свеце шкала ацэнак адрозніваецца, але ўсюды яна налічвае больш за пяць балаў. У Францыі працу вучняў ацэньваюць па 20-бальнай сістэме. У Італіі — па 10-бальнай, калі гаворка ідзе аб кожным асобным прадмеце. А ў Германіі шкала адзнак вызначана ў межах ад 1 да 6 балаў. У большасці еўрапейскіх краін школьнікі вучацца 13 гадоў.
Лэдзі і джэнтльмены
З-за прэстыжнасці сваёй адукацыі Англія стаіць асобна ў шэрагу еўрапейскіх краін, хоць асноўныя прынцыпы тут вельмі падобныя на агульнаеўрапейскія. Брытанскія дзеці пачынаюць займацца ў пяць гадоў, аднак гэта падрыхтоўчая школа, дзе асноўная ўвага аддаецца гульням і сацыялізацыі. У самой пачатковай школе (рrіmаrу sсhооl) у праграме з'яўляюцца асноўныя прадметы. Упор у гэты час робіцца на праектную працу, каб дапамагчы дзецям пасябраваць.
Звычайна вучні ідуць у школу ў пачатку восені, але дата можа вар'іравацца ў залежнасці ад навучальнай установы: часам, напрыклад, урокі пачынаюцца яшчэ да 1 верасня. Школьны год падзяляецца на тры семестры: летам школьнікі адпачываюць шэсць тыдняў, зімой і ўвесну — па 2-3 тыдні.
Асноўныя прадметы — матэматыка, прыродазнаўства, спорт, мова — з'яўляюцца ў праграме яшчэ ў пачатковай школе. У якасці другой мовы ў Вялікабрытаніі часцей за ўсё выбіраюць французскую. Бліжэй да старшых класаў вучні атрымліваюць магчымасць выбраць частку прадметаў у залежнасці ад сваіх планаў на будучыню і такім чынам скласці сабе індывідуальны расклад — у выніку склад класа часта змяняецца ад заняткаў да заняткаў.
Адзнакі ў Вялікабрытаніі ставяцца па 100-бальнай шкале. Пры гэтым існуе спецыяльная класіфікацыя, якая дазваляе суаднесці атрыманую колькасць балаў з узроўнем вучня. Выхаванне англійскага джэнтльмена або юнай лэдзі — прэрагатыва самых элітных школ, але за ўменнем паводзіць сябе ў грамадстве сочаць і ў больш простых школах. Цікава, як усе гэтыя прынцыпы карэлююць з рэальнасцю: не сакрэт, што брытанскія падлеткі лічацца ледзь не самымі задзірлівымі і хуліганістымі ў Еўропе. У той жа час усе яны навучаны добрым манерам і ў патрэбны момант вельмі хутка «актывуюць» свае веды.
На пяць літар
Амерыканцы пачынаюць вучыцца з шасці гадоў, але ў пачатковых класах набор прадметаў невялікі. Часцей за ўсё дзяцей у класах размяркоўваюць па ўзроўні ведаў — грунтуючыся на выніках тэстаў, якія яны здаюць у самым пачатку. Увесь навучальны год разлічаны на 180 дзён і падзяляецца не на чвэрці, а на семестры. Астатнія 185 дзён прыпадаюць на выхадныя і вакацыі — адзінай сістэмы тут не існуе, яны вызначаюцца асобна ў кожным штаце і кожнай школе.
Навучальны год у ЗША стартуе ў канцы жніўня — пачатку верасня, а дакладная дата можа змяняцца ад штата да штата. Як і ў Вялікабрытаніі, амерыканскія школьнікі могуць самі складаць сабе праграму, выбіраючы прадметы, якія адпавядаюць іх далейшым мэтам, здольнасцям або інтарэсам. У малодшай і сярэдняй школе звычайна гэта не больш за пяць прадметаў, у старэйшых класах можна выбраць сабе ўжо большую частку прадметаў для вывучэння самастойна. У лік абавязковых для ўсіх уваходзяць матэматыка, прыродазнаўчыя навукі, англійская мова і аналаг грамадазнаўства. За кожны прадмет вызначана пэўная колькасць «крэдытаў» (націск на першы склад) — нешта накшталт балаў. Вучань павінен сам скласці праграму такім чынам, каб у канцы семестра ў суме ў яго набралася неабходная колькасць гэтых балаў.
Адзнакі выстаўляюцца ў літарах, усяго іх пяць: А, B, С, D, Е. Аднак разлічваюцца яны ўсё роўна па 100-бальнай сістэме. Так, А выстаўляецца за 93 балы і больш, а менш за 63 балы — гэта ўжо Е, самая нізкая з магчымых адзнак.
Без Картасара — ніяк
У апошнія дзесяцігоддзі ўзровень адукацыі ў Лацінскай Амерыцы рэзка вырас. На агульным фоне асабліва вылучаецца Куба. Зараз Востраў Свабоды траціць на дзяржадукацыю, па некаторых даных, 10 працэнтаў бюджэту, апярэджваючы па гэтым паказчыку і ЗША, і Вялікабрытанію.
Паколькі зіма ў Лацінскай Амерыцы пачынаецца ў той час, калі ў нас — лета, то і старт навучальнага года прыпадае ў іх на іншыя месяцы. Напрыклад, бразільцы, аргенцінцы і костарыканцы выходзяць на вучобу ў першы тыдзень лютага. А ў Чылі і Уругваі вучні адпраўляюцца ў школу ў сакавіку. Выключэнне — Мексіка. Там навучальны год пачынаецца ў верасні і доўжыцца да 30 чэрвеня з канікуламі ў снежні і красавіку.
Вартая ўвагі літаратурная праграма лацінаамерыканскіх краін. Напрыклад, у Калумбіі нельга паступіць ва ўніверсітэт, не прачытаўшы «Сто гадоў адзіноты» Габрыэля Гарсіі Маркеса, «Гульню ў класікі» Хуліа Картасара, паэзію Пабла Неруды, «Сціплага героя» Марыа Варгаса Льёсы і іншыя творы майстроў «магічнага рэалізму».
Зважай на сакуру
Пошук паспяховых мадэляў навучання не спыняецца. Як адзначае шэраг аналітыкаў, свет уступае ў фазу, калі амерыканскія і скандынаўскія ліберальна-дэмакратычныя сістэмы перадачы ведаў адыходзяць у мінулае. У трэндзе — мадэлі, створаныя ў азіяцкіх краінах.
Вучыцца японцы і кітайцы пачынаюць у шэсць гадоў, не лічачы дзіцячага садка і падрыхтоўчых груп, праграмы якіх нашмат больш насычаныя, чым у Еўропе. У Кітаі вучоба ў школе пачынаецца ў 8-9 гадзін раніцы, аднак мяркуецца, што да гэтага часу школьнік ужо прысвяціў мінімум гадзіну самастойным заняткам. Завяршаюцца ўрокі а 16-й, пасля чаго яшчэ некалькі гадзін дзіця праводзіць на дадатковых занятках і, калі хопіць сіл, вечарам прысвячае нейкі час самастойнай вучобе. Расклад выхадных не моцна адрозніваецца ад будняў.
У Японіі графік у дзяцей прыкладна такі ж: заняткі доўжацца з 8 раніцы да 6 вечара, пры гэтым, як і ў Еўропе, у сярэдзіне дня іх чакае гадзінны перапынак. Вечарам дзеці адпраўляюцца да рэпетытараў або займаюцца дома самастойна. А канікулы выкарыстоўваюць як шанц падцягнуць веды па асобных прадметах.
У Японіі навучальны год пачынаецца ў красавіку, калі расцвітае сакура. У Кітаі ён прывязаны да агульнасусветнай сістэмы — вучні ідуць у школу 1 верасня. Дзеліцца вучоба на паўгоддзі: другое пачынаецца 1 сакавіка, а летнія вакацыі часта доўжацца не больш за 10 дзён. Большая частка часу ў школе траціцца на родную мову і матэматыку, затым ідуць агульнапрынятыя прадметы — гісторыя, прыродазнаўчыя навукі, грамадазнаўства. У абавязковым парадку вывучаецца замежная мова, часцей за ўсё — англійская.
У Японіі школьнікі вывучаюць не толькі сучасную, але таксама старажытную і сярэднявечную японскую мову. У якасці бонусу ў большасці школ ёсць добрыя спартыўныя пляцоўкі і кабінеты музыкі, абсталяваныя самымі рознымі сучаснымі інструментамі. У Японіі, як і ў ЗША, адзнакі выстаўляюцца літарамі. У Кітаі таксама дзейнічае алфавітная сістэма адзнак. Аднак найвышэйшым пунктам напружання і самай галоўнай адзнакай для кітайскіх і японскіх школьнікаў становяцца вынікі на выпускных іспытах і ўступных выпрабаваннях у ВНУ. Усекітайскія ўступныя экзамены гаакаа, напрыклад, доўжацца на працягу трох дзён і з'яўляюцца сапраўдным выпрабаваннем на трываласць. З не меншым напружаннем фінальныя іспыты звязаны і для японцаў — іх вынікі публікуюцца на спецыяльных табло, перад якімі збіраюцца абітурыенты.
69 вучняў на настаўніка
Нягледзячы на тое, што навучанне ў пачатковай школе ў Афрыцы абавязковае, у шэрагу краін яе наведваюць нямногія з дзяцей адпаведнага ўзросту. Па даных Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), у Ліберыі гэты паказчык у сярэдзіне 2010-х складаў усяго 38 працэнтаў, у Паўднёвым Судане і Эрытрэі — 41, у Джыбуці — 57, у Экватарыяльнай Гвінеі — 58 працэнтаў. У многіх краінах сярэдняя адукацыя застаецца платнай.
Навучальны год доўжыцца 10 месяцаў — са студзеня па лістапад, з канікуламі ў красавіку, жніўні і снежні. У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР) на аднаго настаўніка пачатковых класаў зараз прыходзіцца ў сярэднім 32 вучні. Самая складаная абстаноўка — у Малаві, дзе на аднаго педагога прыпадае 69 школьнікаў, у Чадзе — 62, а ў Руандзе — 60 вучняў.
Каб вызначыць аблічча сучаснай афрыканскай школы, міністэрства адукацыі ПАР сабрала даныя па 24,7 тысячы дзяржаўных устаноў адукацыі. Высветлілася, што ў 3,5 тысячы школ няма электрычнасці, 2,4 тысячы — не маюць водазабеспячэння, а ў 11,4 тысячы школ замест туалетаў — памыйныя ямы. 79 працэнтаў устаноў не маюць бібліятэк, 77 працэнтаў — камп'ютарных класаў, і толькі ў 10 працэнтах адпаведны клас цалкам укамплектаваны неабходнай тэхнікай.
Тым часам
Каля 264 мільёнаў дзяцей ва ўсім свеце пазбаўлены магчымасці атрымліваць школьную адукацыю — такія даныя агучыў Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ). Найбольшую занепакоенасць арганізацыі выклікаюць напады на школы, якія пачасціліся ў канфліктных рэгіёнах. Такія напады, па словах дырэктара надзвычайных праграм ЮНІСЕФ Мануэля Фантэна, «ператвараюцца ў правіла». Толькі на паўночным усходзе Нігерыі за некалькі гадоў тэрарыстычная групоўка «Бока Харам» разбурыла 1400 школ і забіла 2300 настаўнікаў. Па даных ЮНІСЕФ, у 24 краінах свету, закранутых узброенымі канфліктамі, не маюць магчымасці наведваць школу каля 27 мільёнаў дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/vuchan
[8] https://zviazda.by/be/tags/vedy