Адразу два праекты — «Скарбонка гульняў» і «Беларускія ўік-энды» — аказаліся прымеркаванымі да новага навучальнага года і падрыхтавалі для дзяцей адмысловыя гульні, з дапамогай якіх можна вывучаць беларускую мову, а таксама дзіцячы фільм «Мой сябар жырафа» на беларускай мове і вялікім экране.
«Скарбонка» ўключае ў сябе 34 гульні, праз якія можна вывучаць беларускі алфавіт, вучыцца чытаць па складах, знаёміцца з назвамі жывёл, птушак, раслін і так далей. Аўтарам стала настаўніца пачатковых класаў Наталля Галко, у якой за плячыма больш чым дваццацігадовы стаж работы з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Ідэя Наталлі Галко атрымала фінансавую падтрымку ад кампаніі velcom праз фінал конкурсу Socіal Weekend 11. У выніку «Скарбонка», якая зыходзіць з таго, што гульня з'яўляецца адным з самых эфектыўных спосабаў навучання, была прадстаўлена ў «Кнігарні Логвінаў» 28 жніўня. Мяркуецца, што распрацаваныя гульні будуць выкарыстоўвацца ў дзіцячых садках і школах, а таксама ў сямейным коле.
Апроч гэтага, 30 жніўня на вялікім экране кінатэатра «Масква» адбылася прэм'ера нідэрландскага фільма «Мой сябар жырафа» на беларускай мове. Пераклад быў падрыхтаваны ў рамках праекта «Беларускія ўік-энды», што рэгулярна пастаўляе гледачу сусветнае кіно, у тым ліку разлічанае на дзіцячую аўдыторыю, на роднай мове. Фільм, які расказвае пра дружбу хлопчыка з гаворачым жырафам Рафам, публіцы прадставіў у тым ліку амбасадар Каралеўства Нідэрланды ў Беларусі Паўл ван Ааствэйн.
«Мой сябар жырафа» будзе паказвацца ў кінатэатрах «Кінавідэапракату», Falcon Club буцік кіно, сетцы Sіlver Screen да 12 верасня.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/safiya-palyanskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-mova
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[5] https://zviazda.by/be/tags/moy-syabar-zhyrafa
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-uik-endy