Той факт, што дзіцячы конкурс пачынаецца а 10-й вечара, калі, на добры толк, большасці дзяцей даўно пара класціся спаць, сам па сабе не радуе. Але ў арганізатараў міжнароднага творчага спаборніцтва свае правілы гульні, і пераможцу давядзецца ім падпарадкоўвацца, а значыць – быць гатовым выступіць у любы час, у любым стане і настроі. Мабыць, таму дзеці, бацькі і педагогі, якія сабраліся ў апошні дзень лета ў Белтэлерадыёкампаніі, нават стомленымі не выглядалі – хаця ўвесь апошні тыдзень правялі на Макаёнка, 9 ці не больш часу, чым дома, а 31 жніўня, акрамя гала-канцэрту, правялі яшчэ рэпетыцыі і генеральны прагон.
Хто ёсць хто, відаць здалёк па групах падтрымкі: адны балельшчыкі бадзёра размахваюць сцяжкаміі з нумарамі, другія ўздымаюць маляваныя або прафесійна надрукаваныя плакаты і расцяжкі, некалькі чалавек трымаюць у руках адмысловыя лялькі, і абсалютная большасць – у рознакаляровых майках з партржтамі “сваіх” артыстаў.
Дзеля зручнасці традыцыйны “грын рум”, дзе ўдзельнікі чакаюць свайго выхаду на сцэну і выстаўлення ацэнак, абсталявалі проста на ўваходзе ў студыю-“шасцісотку”, і цяпер дзеці актыўна абжываюць зручныя канапкі. Але часу застаецца ўсё менш, і вось ужо ўсім прысутным нагадваюць аб неабходнасці выключыць ці перавесці ў бязгучны рэжым мабільныя тэлефоны, а няўмольны голас рэжысёра абвяшчае: “Хвіліна да эфіру… пятнаццаць секунд.. пяць… Пачалі!”.
Ужо прывычныя заўсёднікам адбору вядучыя канцэрту – Тэа і Вольга Рыжыкава (апошняя, дарэчы, выступае ў гэтым амплуа ўжо 7 гадоў) нагадалі: за права прадставіць нашу краіну на “Еўрабачанні”, якое ў другі раз у гісторыі пройдзе ў сценах “Мінск-Арэне”, паспаборнічаюць 10 удзельнікаў, сярод якіх 2 гурты і 8 сольных выканаўцаў, прычым пераважна дзяўчаты.
Першым з фіналістаў выйшаў дзявочы гурт “Мята” (адна з яго ўдзельніц Аліна Маркевіч – дачка вядомага творчага дуэта спявачкі Вольгі Плотнікавай і кампазітара Генадзя Маркевіча). Дзяўчаты, якія злучыліся ў гурт толькі ў красавіку бягучага года, нібы сышлі на сцэну проста з вокладкі глянцавага часопісу, але відавочна хваляваліся, і ў выніку ўзялі нямала фальшывых нот.
А вось леташняму прадстаўніку Беларусі ў дзіцячай “Новай хвалі” Даніэлю Ястрэмскаму выпала іншае выпрабаванне: у першыя некалькі секунд ягонай песні “Time” не працаваў мікрафон. Аднак юны артыст не збіўся ні на імгненне і трымаўся годна – мабыць, упэўненасць у сваіх сілах і глядацкай падтрымкі даў папярэдні прома-тур па 12 гарадах, якія зладзілі ў жніўні Даніэль і яго каманда?
Адна з нямногіх прадстаўніц Замкаддзя, Ліза Мея з Жодзіна, парадавала спалучэннем беларускай мовы і стыльных “касмічных” матываў – што было цалкам лагічна, улічваючы, што песня ў яе пра зорку. Прычым не эстрадную, а якраз тую, што ў небе – пуцяводную, для кожнага сваю. Атрымалася жыва, жвава і па-дзіцячы міла, хоць за ўсёй гэтай лёгкасцю адчувалася рука дарослых прафесійных аўтараў.
Сёлетні ўдзельнік дзіцячага конкурсу “Славянскага базару” Арцём Скароль з Ашмянаў таксама не стаў скакаць вышэй галавы і выканаў адпаведную ўзросту песню “Усміхніся” – без усякіх там меседжаў у тэксце, затое танцавальную, лёгкую і з запамінальным рэфрэнам “о-ла-ла”.
Не ведаю, як у іншых гарадах, а ў Мінску плакаты канкурсанткі №5 Ангеліны Ярашчук віселі паўсюдна – на прыпынках грамадскага транспарту, у метро, на афішных тумбах, ля дзіцячых пляцовак і нават на кірмашах. У дзяўчыны вялтікі “паслужны спіс” узнагарод з розных конкурсаў, у тым ліку міжнародных, заняткі балетам, мноства захапленняў і чатыры замежныя мовы ў актыве. Пэўна, таму дзяўчынку гледачы пазналі яшчэ да першых нот – тым больш, што і ноты гэтыя выліліся ў вельмі моднае гучанне і вакальныя фішкі, а на экранах вакол сцэны разгортваўся фактычна кліп-комікс.
Дзяўчаткі-хуліганкі з гурта Мonkey Tops, якія ўзялі на ўзбраенне вопыт і стыль папулярнага ўкраінскага цінэйджарскага праекту Open Kids, пераканаўча прадэманстравалі, што танцавальны гурт вельмі нават можа спяваць, -- і модная песня “На стылі” аўтарства папулярнага спевака і кампазітара Юзары сучасным падлеткам падабаецца. Дарэчы, у складзе гурта ў другі раз на сцэну паднялася папярэдняя выступоўца Ангеліна Ярашчук.
Мінчанка Маша Жыліна ужо тройчы запар уваходзіць у топ-10 нацыянальнага адбору на дзіцячае “Еўрабачанне”. І гэта не выпадковасць: вучаніцца Святланы Стацэнкі займаецца вакалам з 5 год і ўдзельнічала ўжо ў добрым дзясятку міжнародных конкурсаў. А яе цяперашняя беларуска-англамоўная песня Welcome To My Belarus, у якой спалучыліся нацыянальныя матывы і зарад бадзёрасці, як нельга лепей падышла б да правядзення дзіцячага “Еўрабачання” ў нашай краіне.
Яшчэ адзін з вопытных “байцоў” Яраслаў Саколікаў прайшоў загартоўку праектам “Голас.Дзеці” і беларускімі рэспубліканскімі конкурсамі, а цяперашнюю песню яму дапамог напісаць дарослы сябар – не хто-небудзь, а папулярны спявак Макс Лорэнс. Кампазіцыя “Мір на зямлі” цалкам магла б стаць неафіцыйным гімнам ЮНІСЕФ, бо без лішняга пафасу закранае важныя стрункі ў душы – і гэты эфект узмацняецца відаэзапісамі дзясяткаў дзяцей, якія падпяваюць Яраславу.
Выступаў у дзіцячым “Голасе” і мінчанін Мікіта Бялько, які выканаў на канцэрце, напэўна, самую складаную ў вакальным сэнсе песню – і, паверце на слова, калі юны выканаўца прадоўжыць працу ў гэтым жа кірунку, праз некалькі год ён абяцае стаць вельмі яркім выканаўцам і ўлюбёнцам усёй дзявочай аўдыторыі.
Замыкала дзясятку фіналістаў самая юная ўдзельніца, 9-гадовая Маша Гулевіч, якая выехала на сцэну… на самакаце. І выканала “Востраў Чыкарум” – стопрацэнтны дзіцячы хіт, які падыходзіць і для ранішнікаў, і для палкіх танцаў.
Ну а далей пачалося самае цікавае. Не, не глядацкае галасаванне. Удзельнік пад нумарам 2 Даніэль Ястрэмскі стаў фактычна 11-ы і выступіў яшчэ раз. У студыі такое рашэнне выклікала неадназначную рэакцыю, але вядучыя патлумачылі, што гэта прадугледжана правіламі міжнароднага конкурсу, калі падчас выступлення адбыўся тэхнічны збой (помніце пра адключаны мікрафон?).
А вось у наступныя дзесяць хвілін мала хто зважаў на вядучых і на сцэну, бо практычна ўсе “заселі” ў мабільныя тэлефоны і пачкамі адпраўлялі СМС-кі ды званкі за ўпадабаных кандыдатаў. “Хочаце, дам вам рэцэпт з музычнай кухні? – вяртаў балельшчыкаў у рэальнасць Тэо. – Каб атрымалася добрая песня, трэба ўзяць бульбу, вясло, грэбень і рэпу…”. Праўда, хутка растлумачыў, што “бульба” на музычным слэнгу – доўгая нота, “вясло” – гітара, “расчоска” – сінтэзатар, а “рэпа” – рэпетыцыя.
Першымі гледачы даведаліся вынікі свайго ж галасавання, лідарам якога стаў Даніэль Ястрэмскі з 9237 галасамі. На другім месцы апынулася Марыя Жыліна з 5305 галасамі, а замкнуў тройку лідараў гурт “Мята”, які набраў 4027. А вось моцны вакаліст Мікіта Бялько, што крыўдна, атрымаў найслабейшую падтрымку – усяго 906 галасоў.
Зрэшты, галоўная інтрыга была яшчэ наперадзе – усе чакалі, як паўплывае на расстаноўку сіл галасаванне прафесійнага журы, куды ўвайшлі спявачка Наталля Тамела, прадстаўніца Міністэрства культуры Таццяна Пархамовіч, каардынатар праектаў Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага вяшчальнага саюза Вольга Саламаха, тэлевядучы Яўген Перлін, прадзюсар і спявак Алекс Дэвід, спявачка і педагог па вакалу Вольга Вронская, а таксама выкладчык Універсітэта культуры Ігар Мельнікаў. Падліку судзейскіх галасоў, па нядобрай традыцыі, давялося чакаць доўга – паспелі падзяліцца з гледачамі навінамі з цяперашняга жыцця многія былыя ўдзельнікі дзіцячага “Еўрабачання”, а таксама выступілі яшчэ 10 гасцей канцэрту, якія не прайшлі ў фінал нацыянальнага адбору, але так ці інакш вылучыліся сярод іншых: трыо “Маліна”, Ян Мусвідас, Варвара Асмыковіч, Любава Марчук і Данііл Рутэнка, Юлія Скоблік, Аліна Пехцерава, гурт “Нясумны ўзрост”, Дэн Вольскі, Марыя Магільная, Ліліяна Садоўская… Аднак усе ўжо настолькі стаміліся, што нават завадныя танцы плюшавага Бонсціка-Цмока не выратоўвалі сітуацыю, і зала няўхільна пусцела. Толькі а пачатку першай ночы, калі многія ўжо ледзь трымаліся на нагах і на нервовай глебе з’елі большасць падораных спонсарамі салодкіх букетаў з цукерак і зефіру, канкурсантаў зноў паклікалі на сцэну.
Вынікі аказаліся нечаканымі: аўтсайдар глядацкага галасавання Мікіта Бялько атрымаў ад журы 12 балаў і падзяліў выніковае трэцяе месца з Яраславам Саколікавым (8 балаў ад журы). На другім месцы па суме галасоў апынулася Марыя Жыліна, якой суддзі паставілі 5 балаў, а вось першае захаваў Даніэль Ястрэмскі, нягледзячы на тое, што яго выступленне профі ацанілі толькі ў 4 балы. Такім чынам, Даніэль стаў пераможцам адбору і 25 лістапада прадставіць Беларусь на дзіцячым “Еўрабачанні-2018”.
“Гэта была самая цяжкая перамога! – крычала педагог пераможцы, спявачка Вольга Драздова, якая ад наплыву эмоцый літаральна асела на падлогу. – Яго збілі гэтым адключэннем мікрафона, але ён справіўся! Ура! Мы перамаглі!”. Ці не палова дзяўчат у зале абдымалася і плакала ад шчасця, многія – ад расчаравання…
Пераможцу – 14 гадоў, ён, як сам гаворыць, “па шчаслівым выпадку” нарадзіўся ў Цынцынаці, але жыве і вучыцца ў Мінску. І сёння разам з многімі іншымі школьнікамі ідзе ў 9-ы клас. Больш падрабязна пра Даніэля Ястрэмскага чытайце ў аўторак у папяровай версіі “Звязды”.
Як стала вядома «Звяздзе», пасля абвяшчэння вынікаў нацыянальнага адбору 18 бацькоў і педагогаў юных артыстаў, якія прымалі ўдзел у адборах 2017 і 2018 гадоў, не пагадзіліся з вынікамі галасавання і звярнуліся ў Белтэлерадыёкампанію з адкрытым лістом. Прадстаўнікі канкурсантаў патрабуюць абнародаваць пратаколы галасавання гледачоў і журы з тлумачэннямі выстаўленых ацэнак паводле крытэрыяў дзіцячага «Еўрабачання», а ў будучыні зрабіць судзейскае галасаванне максімальна адкрытым.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachae-eurabachanne-2018-0