Каб уваходны білет стаў сувенірам на памяць, замкавы комплекс «Мір» запрашае ўсіх паўналетніх ахвотных паўдзельнічаць у арыгінальным конкурсе па стварэнні ўнікальнага пропуску ў музей.
Найлепшы творца атрымае галоўную ўзнагароду — 1000 беларускіх рублёў ад рэстарана беларускай кухні «Княжацкі двор», а той, каму дастанецца прыз глядацкіх сімпатый, — бібліятэку друкаваных выданняў музея.
Больш за тое, пакуль удзельнікі конкурсу будуць варажыць над дызайнам білета, яны змогуць літаральна ўвесь верасень правесці ў замку, збіраючы матэрыял. Вандраваць па залах комплексу і бясплатна фатаграфаваць інтэр'еры і музейныя экспанаты пастаяннай экспазіцыі. Каб прыняць удзел у творчым спаборніцтве, трэба знайсці на сайце музея [3] анкету, запоўніць яе і з 1 па 30 верасня даслаць на адрас: Linzamok@gmail.com з паметкай «Конкурс «Дызайн уваходнага білета-2018». Сюды ж да 30 верасня можна накіроўваць і створаныя работы.
Ацэньваць творчасць з 1 па 15 кастрычніка будзе кампетэнтнае журы: вядомыя беларускія дызайнеры, фотамастакі і прадстаўнікі PR-супольнасці. Вызначаць каштоўнасць дасланай работы будуць па арыгінальнасці графічнага, дызайнерскага або канструкцыйнага рашэння, якое падштурхне чалавека захаваць білет на памяць пра наведванне комплексу.
Дарэчы, дызайнерскія білеты-пераможцы стануць сапраўдным пропускам на ўваход у музей. Іх будуць выдаваць у касах Мірскага замка наступныя пяць гадоў.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] http://mirzamak.by/
[4] https://zviazda.by/be/tags/mirski-zamak
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[6] https://zviazda.by/be/tags/dyzayner
[7] https://zviazda.by/be/tags/propusk
[8] https://zviazda.by/be/tags/bilet