Асіповіцкі паэт і журналіст Анатоль Тамашэўскі прысвяціў роднаму краю шмат вершаваных радкоў. Гэтыя мясціны сапраўды настройваюць на лірычны лад. Яны багатыя на цікавыя гістарычныя месцы, унікальную і надзвычай разнастайную прыроду, шчырых і добразычлівых людзей. Летась Асіповічы ўрачыста адзначылі 145-ю гадавіну з дня свайго нараджэння. Датай заснавання горада лічыцца 17 лістапада 1872 года, калі тут пачала функцыянаваць адна з найбуйнейшых станцый Лібава-Роменскай чыгункі ў Расійскай Імперыі. Назву яна атрымала ад найбліжэйшага на той час пасёлка Асіповічы. Потым імя атрымаў у спадчыну горад.
Сёння гэта буйны чыгуначны і прамысловы вузел, які імкліва развіваецца і прыгажэе. І шмат што для сваёй малой радзімы робяць тутэйшыя ўраджэнцы. Дастаткова ўспомніць алімпійскіх чэмпіёнаў братоў Аляксандра і Андрэя Багдановічаў, былога камандуючага паветрана-дэсантнымі войскамі Расійскай Федэрацыі Георгія Шпака, мастака Уладзіміра Стальмашонка. Кожны год спіс ганаровых грамадзян Асіповіч павялічваецца. Сёлета ў яго трапілі вядомыя ўраджэнцы Асіповіцкага краю: колішні міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі і генеральны дырэктар спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна» Мікалай Ананьеў.
У горадзе працуе шмат буйных прадпрыемстваў, якія добра ведаюць далёка за межамі краіны. Мацнеюць міжнародныя сувязі і завязваюцца новыя дзелавыя кантакты. Нядаўна горад наведала дэлегацыя з Кітайскай Народнай Рэспублікі і быў падпісаны мемарандум аб устанаўленні сяброўскага супрацоўніцтва паміж горадам Янчжоу правінцыі Цзянсу і Асіповіцкім раёнам.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/asipovichy
[4] https://zviazda.by/be/tags/anatol-tamasheuski
[5] https://zviazda.by/be/tags/gorad
[6] https://zviazda.by/be/tags/chygunka