Рост заробкаў матывуе педработнікаў да павышэння якасці адукацыі. Такой думкі прытрымліваюцца ў галоўным адукацыйным ведамстве краіны.
Нагадаем, што з 1 верасня тарыфныя стаўкі (аклады) педагагічных работнікаў і памочнікаў выхавальнікаў узрастаюць на 20 %. «Гэта дасць магчымасць павысіць узровень аплаты працы, забяспечыць матэрыяльную падтрымку работнікаў адукацыі, паменшыць адток кадраў і матываваць педагагічных работнікаў да павышэння якасці адукацыі», — падкрэсліваюць у міністэрстве.
Выступаючы ў нядзельным эфіры тэлеканала АНТ, міністр адукацыі Ігар Карпенка праінфармаваў, што ўжо прапрацаваныя паэтапныя крокі павышэння заробкаў педагогаў на 2019—2020 гады. Гэта датычыцца і прафесарска-выкладчыцкага складу — адпаведнае даручэнне было дадзена кіраўніком дзяржавы на ІІ З'ездзе вучоных.
У краіне створана рабочая група па распрацоўцы комплексных мерапрыемстваў па ўдасканаленні аплаты прафесарска-выкладчыцкага складу, павышэнні зацікаўленасці ў выніках педагагічнай і навуковай дзейнасці. У цэнтры ўвагі знаходзяцца таксама стыпендыі аспірантаў і дактарантаў, бо ні для кога не сакрэт, што калі выкладчык ВНУ ідзе вучыцца ў дактарантуру, то атрымлівае стыпендыю, нашмат меншую за яго заробак на выкладчыцкай пасадзе, таму жаданне займацца падрыхтоўкай доктарскай работы адразу знікае.
«Наша група на чале з прафесарам Уладзімірам Шымавым, рэктарам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, адпрацавала падыходы па стымуляванні навуковых работнікаў, аспірантаў, дактарантаў», — удакладніў Ігар Карпенка.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-adukacyi